Хронікі рэпрэсій за 7 жніўня
«Зачыстка» ў Магілёве, САХР на затрыманні і няўдалае «пакаяльнае інтэрв'ю» ў Азаронка — такія навіны сённяшняга дня з канвеера рэпрэсій.
***
Палітзняволенаму філосафу і метадолагу Уладзіміру Мацкевічу, які адбывае тэрмін у калоніі, зрабілі планавую аперацыю. Цяпер ён ляжыць у Рэспубліканскім турэмным шпіталі ў Калядзічах. Аднаўленчы перыяд пасля аперацыі працягнецца як мінімум да канца гэтага тыдня. З чым была звязаная аперацыя − не ўдакладняецца.
***
Намеснік начальніка ГУБАЗіКа расказаў, чаму не хоча спыняць рэпрэсіі. Сілавікі асцерагаюцца, што «зноў успыхнуць хваляванні». Пра гэта заявіў у інтэрв'ю прапагандысту Рыгору Азаронку намеснік начальніка ведамства Міхаіл Бедункевіч.
Ён адзначыў, што «час ад часу дзесьці праскоквае на розных рэсурсах і ў розных сродках масавай інфармацыі» пасыл спыніць пераслед людзей па палітычных матывах. Аднак намеснік начальніка ГУБАЗіКа гэтую ідэю не падтрымлівае.
— Калі не працаваць над гэтым, то тады яны зноў пачнуць працаваць супраць нас. З'явяцца і адужэюць тыя ж схаваныя ячэйкі, будуць развівацца ініцыятывы, будзе ісці праца па падрыве дзяржавы знутры, будуць шкодзіць, гадзіць. Калі не будзем працаваць, зноў могуць быць перадумовы да тых праблем, якія ўзніклі ў нас не так даўно, — сказаў Бедункевіч.
***
У Магілёве супрацоўнікі КДБ за апошні тыдзень затрымлівалі ўжо не менш за пяць чалавек. Днямі сілавікі схапілі Дзмітрыя Цумарава – каваля з 15-гадовым стажам, а таксама выкладчыцу англійскай мовы з магілёўскай СШ №43 Юлію Паплаўскую. Што стала прычынай затрымання – невядома, паведамляюць праваабаронцы. На дадзены момант гэтыя людзі, верагодна, на волі.
Акрамя таго, КДБ Магілёўскай вобласці затрымаў мужчыну за ахвяраванне ў фонд «ByHelp». Затрыманага завуць Аляксандр Мацвеенкаў, ён жыхар Магілёва. На відэа сілавікоў мужчына кажа, што рабіў перавод у фонд «ByHelp», але супрацоўнікі КДБ даведаліся пра яго, і цяпер мужчына ў следчым ізалятары па падазрэнні ў «фінансаванні экстрэмісцкай дзейнасці».
***
Прапагандыст Азаронак прыйшоў у ГУБАЗіК браць «пакаяльнае інтэрв'ю» ў жанчыны, але яна дэманстратыўна адмовілася з ім размаўляць. Азаронак сцвярджаў, што жанчына «пакідала абразлівыя каментары», і паспрабаваў распытаць пра іх — затрыманая моўчкі глядзела на яго і не адказвала на пытанні.
Паводле інфармацыі праваабарончага цэнтра «Вясна», затрыманая — 38-гадовая Наталля Крук.
***
Узброеныя байцы САХРа выламалі дзверы ў доме беларускі, якая нібыта пакідала абразлівыя каментары ў тэлеграм-канале. Сілавікі апублікавалі відэа з затрыманнем жанчыны, на якім бачна, што некалькі супрацоўнікаў САХРа з аўтаматамі ламаюць дзверы. Пасля яны прымусілі затрыманую прасіць прабачэння на камеру.
***
За «распаўсюд экстрэмізму» арыштавалі педагога з Глыбоцкага раёна. Суддзя Глыбоцкага раёна Аляксандр Аляксеенка 5 чэрвеня пастанавіў пакараць арыштам на 10 сутак былую настаўніцу Празароцкай школы 66-гадовую Алену Кішкурна, якая ў сацыяльных сетках «распаўсюдзіла экстрэмісцкія матэрыялы» на пяці інфармацыйных рэсурсах.
На судовым пасяджэнні Алена Кішкурна не аспрэчвала факту наяўнасці ў яе старонкі ў сацсетцы «ВКонтакте» і тое, што на гэтай старонцы былі размешчаныя матэрыялы, уключаныя ў «Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў». У судзе было таксама ўстаноўлена, што гэтая інфармацыя была выдаленая ёю яшчэ ў 2021 годзе.
Тым не менш суддзя Аляксеенка падвергнуў педагога арышту тэрмінам на 10 сутак і канфіскаваў у пенсіянеркі ў даход дзяржавы сістэмны блок персанальнага камп'ютара, піша «Віцебская Вясна».
***
Сілавікі склалі пратакол супраць рагачоўскага актывіста Дзяніса Дашкевіча за фота прэзідэнта Польшчы, які стаіць на фоне бел-чырвона-белага сцяга. Адміністрацыйны пратакол складзены нібыта за «распаўсюд у інтэрнэце прадукцыі, якая прапагандуе экстрэмісцкую дзейнасць» (арт. 19.11 КаАП РБ). Сам актывіст зараз за мяжой, таму на судзе не прысутнічаў, хоць сілавікі і прыходзілі шукаць яго па адрасе прапіскі.
***
Як паведамляе ініцыятыва прадстаўніцы па сацыяльных пытаннях АПК Вольгі Гарбуновай @klopat_by, ужо некалькі месяцаў адсутнічае інфармацыя пра самых вядомых беларускіх палітзняволеных: Марыю Калеснікаву — 174 дні, Максіма Знака — 179 дзён, Мікалая Статкевіча — 180 дзён, Ігара Лосіка — 169 дзён, Сяргея Ціханоўскага — 151 дзень, Віктара Бабарыку — 102 дні.
***
Паводле звестак праваабарончага цэнтра «Вясна», на сённяшні дзень у Беларусі налічваецца 1486 палітычных зняволеных. Ініцыятыва «Dissidentby» вызнае палітвязнямі 1738 чалавек. Сярод іх — 194 жанчыны і 8 непаўнагадовых. 17 палітвязняў адпраўленыя на прымусовае лячэнне.