Хронікі рэпрэсій. Затрымалі святара, акцёра, айцішніка
З дапамогай інфармацыі праваабаронцаў і незалежных медыя сабралі звесткі пра палітычны пераслед у Беларусі за 5 студзеня.
Праўладныя тэлеграм-каналы паведамляюць пра затрыманне святара Дыянісія Карасталёва, які ў мінскім храме іконы Божай Маці «Усіх тужлівых Радасць» «маліўся за воінаў і абаронцаў Украіны». Як пішуць сілавікі, святар «мае нацыяналістычныя татуіроўкі, распаўсюджвае бчб-сімволіку і адпаведныя ідэі, а таксама гуляе ў камп'ютарныя гульні пад дзіўным нікам».
Раніцай 4 студзеня затрымалі 52-гадовага акцёра тэатральна-музычнага калектыву «Пуговицы» Андрэя Трызубава. Прычына затрымання і яго месцазнаходжанне невядомыя.
У Мінску сілавікі затрымалі чарговага працаўніка IT-сферы — 28-гадовага Паўла Кутаса. Ён працаваў у кампаніі «EnCata» з Мінскага гарадскога тэхнапарка. Прычыны затрымання невядомыя. Мяркуюць, што затрыманне звязана з каментарамі ў сацыяльных сетках.
У Гродне затрыманы 34-гадовы мясцовы жыхар Андрэй Цярэшка. Сілавікі паведамляюць, што мужчына нібыта далучыўся да плана «Перамога», быў падпісаны на «экстрэмісцкія» каналы і ў 2020 годзе адпраўляў інфармацыю ў чат-бот «N*xta».
Судовы працэс над палітзняволеным журналістам Андрэем Пачобутам чарговы раз пераносіцца — цяпер на 16 студзеня. Раней пачатак працэсу прызначалі на 28 лістапада, але потым працэс адклалі. Андрэй Пачобут за кратамі ўжо амаль два гады — з 25 сакавіка 2021 года.
Чарговае папаўненне рэспубліканскага Спісу экстрэмісцкіх матэрыялаў: у яго трапілі тэлеграм-канал «Пол Первого», youtub-канал «Олег Козлов», TikTok-акаўнт «Зорнае Гестапа», платформа «Новая Беларусь» з усімі сацсеткамі.
Палітзняволеная лекарка з 30-гадовым стажам Наталля Нікіціна выйшла на волю. 29 верасня 2021 года жанчыну затрымалі наўпрост на працы — у Мінскім цэнтры дзіцячай псіхіятрыі і псіхатэрапіі. За некалькі гадзін да затрымання ёй паведамілі пра звальненне. Наталлю асудзілі па «справе Зельцэра» на адзін год і 10 месяцаў пазбаўлення волі, а таксама прызначылі штраф у 200 базавых велічынь (6400 рублёў ці амаль 2500 долараў). Наталля адбыла тэрмін і выйшла на волю з жаночай калоніі № 4.
Палітзняволеная Таццяна Звярко выйшла на волю. Таццяна — жыхарка Ліды, маці ў дэкрэце. Яе асудзілі на 1 год і 6 месяцаў калоніі па двух артыкулах Крымінальнага кодэкса: арт. 369 («Абраза прадстаўніка ўлады») і арт. 368 («Абраза Лукашэнкі»).
Раней Таццяна працавала ў Лідскім райвыканкаме старшым
інспектарам у аддзеле дакументацыйнага забеспячэння. Вядома, што прадстаўнік
улады, якога абразіла Таццяна ў сувязі з падзеямі жніўня 2020 года, гэта
намеснік начальніка лідскага РАУС Дзяніс Жынко, з якім яна была асабіста
знаёма.
Таццяну ўзялі пад варту ў зале суда. На момант затрымання яе малодшаму сыну быў 1 год і 8 месяцаў. Таццяна выйшла на волю з гомельскай жаночай калоніі па сканчэнні тэрміну.