Лукашэнка ўхваліў закон, які дазваляе пазбаўляць грамадзянства апанентаў рэжыму

Раней Канстытуцыя наўпрост забараняла пазбаўляць беларусаў грамадзянства, але па палітычных матывах рэжым Лукашэнкі прыняў закон супрацьлеглага зместу. Ужо вядома, чые пашпарты могуць ануляваць у першую чаргу.

zamena_pasporta_1920.jpg

Аляксандр Лукашэнка падпісаў абноўлены Закон «Аб грамадзянстве Рэспублікі Беларусь». Пра гэта паведамляе яго прэс-служба. Сярод іншага, гэты закон цяпер прадугледжвае «магчымасць страты асобай беларускага грамадзянства, набытага па нараджэнні». Гэта магчыма «ў сувязі з наяўнасцю прысуду суда Беларусі, які ўступіў у законную сілу і пацвярджае ўдзел гэтай асобы ў экстрэмісцкай дзейнасці або прычыненне ёю цяжкай шкоды інтарэсам Беларусі, калі такая асоба знаходзіцца за яе межамі».

Пакуль невядома працэдура пазбаўлення «экстрэмістаў» грамадзянства, як і ўвогуле практыка правапрымянення. Але ўжо ёсць на кім гэты рэпрэсіўны закон апрабаваць.

У снежні быў вынесены першы прысуд у межах так званай спецвытворчасці па справе палітычных эмігрантаў. Былую кіраўніцу БФСС і трохразовую алімпійскую чэмпіёнку Аляксандру Герасіменю і выканаўчага дырэктара фонду Аляксандра Апейкіна прызналі вінаватымі ў «закліках да санкцый і іншых дзеяннях, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Беларусі».

Сутнасць абвінавачання палягае ў пераносе з Беларусі чэмпіянату свету па хакеі, чэмпіянату свету па пяцібор'і і чэмпіянату Еўропы па веласпорце на трэку (усе павінны былі прайсці ў 2021 годзе): маўляў, менавіта Герасіменя і Апейкін вінаватыя ва ўвядзенні санкцый супраць рэжыму з боку міжнародных спартыўных структур.

У выніку суддзя Святлана Бандарэнка прызнала абодвух «вінаватымі» і вынесла «прысуд» тэрмінам па 12 гадоў пазбаўлення волі кожнаму: Герасімені — ва ўмовах агульнага рэжыму, Апейкіну — узмоцненага.

Цяпер, паводле новага закона, і Герасіменю, і Апейкіна можна пазбавіць грамадзянства.

Неўзабаве будуць вынесены завочныя прысуды таксама Святлане Ціханоўскай, Паўлу Латушку і іншым вядомым палітэмігрантам. Нельга выключаць, што пазбаўленне грамадзянства набудзе ў Беларусі масавы характар. Прынамсі, гэта нікога не здзівіць.

Зразумела, што на выпадак страты грамадзянства на Захадзе будуць знойдзены механізмы легалізацыі рэпрэсаваных беларусаў. А іх грамадзянства будзе адноўлена пасля сыходу Лукашэнкі.