Хто мае права без дазволу зайсці ў ваш дом?
Мой дом — мая крэпасць. Ці так гэта на самай справе? Каго ў якіх выпадках вы абавязаны пускаць у ваша жыллё?
Супрацоўнікі міліцыі і КДБ
Без згоды ўладальніка жыллё можа быць агледжана толькі пры наяўнасці ў сукупнасці наступных абставінаў:
- Наяўнасць пастановы следчага, органа дазнання;
- Наяўнасць санкцыі пракурора або яго намесніка;
- Удзел панятых.
Калі жыллё з'яўляецца месцам здарэння або захоўвання прылад і сродкаў здзяйснення злачынства, іншых прадметаў са слядамі злачынства, а таксама рэчываў і прадметаў, за захоўванне якіх прадугледжана крымінальная адказнасць, і іх агляд не церпіць адкладу, то ён можа быць праведзены толькі па пастанове следчага, органа дазнання без санкцыі пракурора. У гэтым выпадку пракурор павінен быць апавешчаны на працягу 24 гадзін аб праведзеным аглядзе кватэры (жылога дома).
Пры аглядзе жылля павінна быць забяспечана прысутнасць паўнагадовай асобы, якая ў ім пражывае. У выпадку немагчымасці яе прысутнасці запрашаюцца прадстаўнікі ЖЭСа або выканкама (адміністрацыі раёна ў горадзе). Без удзелу названых асоб дапускаецца агляд жылля, якое з'яўляецца месцам здарэння або захоўвання прылад і сродкаў здзяйснення злачынства, іншых прадметаў са слядамі злачынства (часткі 7,8 арт. 204 Крымінальна-працэсуальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь).
Такім чынам, супрацоўнікі органаў унутраных спраў у любы час сутак могуць увайсці ў жыллё і без вашай згоды. Пры неабходнасці яны маюць права пашкодзіць замкі або ўзламаць дзверы (абзац 12 часткі 1 арт. 25 Закона Рэспублікі Беларусь «Аб органах унутраных спраў Рэспублікі Беларусь»).
Супрацоўнікі КДБ таксама ў любы час сутак могуць увайсці ў ваша жыллё без вашай згоды пры пераследзе асоб, якія падазраюцца ў здзяйсненні злачынства, альбо пры наяўнасці дастатковых падстаў меркаваць, што ў жыллі:
- Здзяйсняецца або здзейснена злачынства, дазнанне і папярэдняе следства па якім аднесены да ведання органаў дзяржаўнай бяспекі;
- Знаходзiцца асоба, якая схавалася ад органаў, якія вядуць крымінальны працэс.
Пра гэта павінна быць паведамлена пракурору на працягу 24 гадзін (абзац 8 часткі 1 арт. 18 Закона Рэспублікі Беларусь «Аб органах дзяржаўнай бяспекі Рэспублікі Беларусь»).
Супрацоўнікі падатковых органаў
Для таго каб зайсці ў ваша жыллё, падатковы інспектар павінен прад'явіць службовае пасведчанне і прадпісанне на правядзенне праверкі. Калі вы не згодныя адкрыць дзверы, то без вашай згоды можна ўвайсці ў кватэру з пастановай кіраўніка (намесніка) падатковай інспекцыі і санкцыяй пракурора. Пры гэтым абавязковы:
- Удзел панятых;
- Наяўнасць дакументаў, якія пацвярджаюць неабходнасць правядзення праверкі аб захоўванні (рэалізацыі) тавараў, выкананні работ, аб аказанні паслуг у жылым памяшканні ў парушэнне ўсталяванага парадку; аб здачы ў арэнду, наём памяшканняў без выплаты падатку.
Работнікі ЖЭСаў і іншых абслоўваючых арганізацый
Без папярэджання, але абавязкова ў вашай прысутнасці ў жыллё могуць увайсці работнікі жыллёва-эксплуатацыйных службаў для ліквідацыі наступстваў аварый, стыхійных бедстваў.
У выпадку вашай доўгачасовай адсутнасці ў кватэры (да прыкладу, сарвала водаправодны кран падчас вашага знаходжання ў адпачынку), дзверы можа быць выкрытая толькі ў прысутнасці супрацоўнікаў міліцыі і сведак.
Вы абавязаны таксама забяспечваць доступ у жыллё:
- Работнікам ЖЭС для правядзення перыядычных аглядаў, зняцця паказанняў прыбораў уліку, а таксама для прыпынення прадастаўлення некаторых відаў камунальных паслуг у выпадку іх неаплаты;
- У выпадку надзвычайных сітуацый прыроднага і тэхнагеннага характару, баявых дзеянняў і тэрарыстычных акцый, у мэтах выратавання жыцця і прадухілення шкоды здароўю грамадзян і іх маёмасці (абзацы 7,8 пункта 1 арт. 26 Жыллёвага кодэкса Рэспублікі Беларусь).
У выпадку адмовы ад прадастаўлення доступе ў жылыя памяшканні арганізацыя, якая ажыццяўляе эксплуатацыю жыллёвага фонду і (або) якая прадстаўляе камунальныя паслугі, мае права звярнуцца ў суд з заявай аб прадастаўленні доступу ў кватэру.
Паводле Заўтра тваёй краіны