Хто нажываецца на вяскоўцах?

Аўталаўкі для шматлікіх вёсак — падзея ў аднастайным жыцці. Але часцяком сяляне застаюцца незадаволенымі адсутнасцю выбару тавараў, высокімі коштамі і нізкай якасцю прадуктаў.

autalauka_logo.jpg


Змяншэнне колькасці насельніцтва ў вёсках аўтаматычна пацягнула за сабой закрыццё вясковых прадуктовых крамаў. Стандарты прадугледжваюць наяўнасць дзяржаўнай крамы толькі ў населеных пунктах з колькасцю насельніцтва больш за 200 чалавек. У сувязі з нізкім узроўнем жыцця, адсутнасцю грамадскага і асабістага транспарту, для многіх вясковых пенсіянераў аўталаўкі — адзіная магчымасць набыць неабходныя прадукты. Аднак, нягледзячы на бадзёрыя надпісы пра нізкія кошты на саміх аўтакрамах, кошты на іх прылаўках многіх людзей не радуюць.
Па слядах аўталаўкі я праехала па некалькіх маланаселеных вёсках Капыльскага раёна і наведала Рыматаўшчыну, Балгавічы, Аксаміты. Нягледзячы на розныя населеныя пункты, вяскоўцы выказвалі адны і тыя ж прэтэнзіі да якасці гандлю: высокія кошты, вузкі асартымент і адсутнасць выбару.
«Кошты ў аўталаўцы растуць кожны месяц больш, чым на 3.000 рублёў, — уздыхае жыхарка вёскі Рыматаўшчына Валянціна Савельева, жанчына сярэдніх гадоў, інвалід. — Здзіўляе, што нам прывозяць нейкія вельмі дарагія прадукты. Сланечнікавы алей каштуе больш за 29.000, а ў Слуцку, кажуць, можна купіць і за 20.000. Дарэчы, наконт цэнаў — мы нават не ведаем, наколькі яны высокія, бо купляем па тых, якія нам прапаноўваюць. Няма дзе параўнаць».
Спадарыні Валянціне не падабаецца, што іх аўталаўка абслугоўвае ажно 11 вёсак, а халадзільная ўстаноўка вельмі нізкай магутнасці: «Нярэдка бывае, што на апошнюю вёску ўжо не хапае прадуктаў, а марозіва альбо няма, альбо растапілася».
На тэрмін годнасці бабулькі звычайна нават не звяртаюць увагі. Праблему пачынаюць вывучаць толькі тады, калі штосьці расстроіць страўнік.
Пажылая «дачніца» Таіса з вёскі Аксаміты лічыць, што абсталяванне аўталавак састарэла: «Невысокія людзі, нават задзіраючы ўверх галаву, не могуць убачыць цэннікі, прадукты і іхнюю вагу. Прыходзіцца верыць прадавачкам на слова. У цэтліках таксама нічога не разабраць — што і колькі каштуе, бо прабіты толькі агульны кошт».
Ніна Мікалаеўна Коршук, былая гараджанка, жыве ў вёсцы Балгавічы ўжо шмат гадоў. На працягу апошніх 6 месяцаў купляе ў рухомай краме толькі соль і запалкі. «Дзякуючы таму, што у нас ёсць аўтамабіль, перастала купляць у аўталаўцы прадукты, бо яны былі нясвежымі. Магчыма, па прычыне слабых халадзільнікаў, магчыма — па іншай прычыне. Асабліва праблемным было малако: не паспееш прынесці яго дамоў, як яно ўжо скісла. Кілбаса таксама не аднойчы прымушала адмыслова прынюхвацца, — кажа яна. — Дый кошты часта «кусаюцца». Нейкія занадта высокія нацэнкі на ўсе прадукты. Мусіць, кіраўнікі райпо лічаць, што на сяле жывуць сапраўдныя мільянеры».
Старшыня Капыльскага райпо Наталля Канончык патлумачыла, што ніякіх адмысловых нацэнак на кошты мясцовыя гандлёвыя арганізацыі не ствараюць. «Чаму высокія кошты на прадукты? Гэта не ад нас залежыць, бо кошты мы не самі прыдумляем. Прадукты паступаюць у раённую гандлёвую сетку з дзяржаўнай рэспубліканскай базы. Камерцыйным крамам прасцей — яны могуць браць тавар там, дзе больш танна».
Мусіць, з гэтай прычыны ў апошні прывоз кілаграм грэчкі для сялян каштаваў ужо 31.000, у той час як у слуцкіх крамах яе можна было б набыць і за 20.000 тысяч беларускіх рублёў.