«Гвалт, ціск і пазбаўленне права выбару». Да чаго прывядуць адпрацоўкі для лекараў?

Лукашэнка падпісаў новую рэдакцыю закона «Аб ахове здароўя», якая, у прыватнасці, павялічвае тэрмін навучання ў ардынатуры і працягласць адпрацоўкі пасля яе заканчэння. 1 лістапада дакумент апублікавалі на Нацыянальным прававым партале. Ці ўтрымае гэта медыкаў у краіне?

_hutkaja_dapamoha___medycyna__reanimacyja___minsk__fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas__2__logo.jpg

Ардынатура цяпер будзе бясплатнай, а гэта значыць, што пасля яе ўсім лекарам прыйдзецца адпрацоўваць выдаткаваныя на іх навучанне грошы. Тэрмін адпрацоўкі вырас з двух да пяці гадоў, уключаючы завочнікаў. За сыход з вучобы ў ардынатуры або пры адлічэнні лекара прыйдзецца пакрыць выдаткі на навучанне ў 2,5-кратным памеры. Новая рэдакцыя закона ўступае ў сілу праз тры месяцы.

Для чаго ўладам спатрэбіліся гэтыя новаўвядзенні і да чаго яны прывядуць? «DW» паразмаўляла з экспертамі — медыкамі і не толькі.

Экспертка BEROC: лепшыя кадры будуць з'язджаць за мяжу

Старшая навуковая супрацоўніца BEROC і калумністка «Беларусь. Экспэртыза» Анастасія Лузгіна мяркуе, што змены заканадаўства накіраваны «на ўтрыманне лекараў у краіне і прывязку да пэўнай медыцынскай установы». У той жа час Лузгіна не выключае, што новы закон можа даць зваротны эфект: частка людзей, якія хацелі паступаць у ардынатуру, «не будуць гэтага рабіць, каб не трапляць у рабскія ўмовы».

«Гэты дакумент можа, наадварот, прастымуляваць будучых студэнтаў медВНУ і дзеючых урачоў да міграцыі ў іншую краіну. Зніжэнне зацікаўленасці абітурыентаў праз такія ўмовы адпрацоўкі можа прывесці да таго, што ў сістэме аховы здароўя застануцца тыя, каму патрэбна бясплатная адукацыя, а найлепшыя кадры будуць з'язджаць за мяжу», — прагназуе Лузгіна.

Беларусь пакінулі тысячы медыкаў?

Па даных Фонду медыцынскай салідарнасці, у 2022 годзе толькі на разглядзе Міністэрства аховы здароўя Польшчы знаходзілася больш за 3000 заявак ад беларускіх медыкаў, якія хацелі атрымаць дазвол на працу ў гэтай краіне па спецыяльнасці, за пяць месяцаў 2023-га дадалося яшчэ каля 700 запытаў.

Каардынатар фонду, лекар траўматолаг-артапед Рустам Айзатулін паказвае, што адток медыкаў з РБ адбываецца даўно. Улады не раз заяўлялі, што спрабуюць вырашыць праблему прапановай даступных крэдытаў, арэнднага жылля або інтэрнатаў, даплат і павелічэння заработнай платы, але на справе нічога зроблена не было, кажа Айзатулін.

Акрамя таго, пасля прэзідэнцкіх выбараў і масавых пратэстаў другой паловы 2020 года многія лекары праз сваю грамадзянскую пазіцыю сутыкнуліся з пераследамі з палітычных матываў — іх адпраўлялі пад адміністрацыйны арышт, штрафавалі, звальнялі, уносілі ў спісы «нядобранадзейных», якія, са слоў Айзатуліна, відавочна, узгадняліся не толькі ў КДБ, але і ў Міністэрстве аховы здароўя. «На працягу аднаго года адна з сем'яў медработнікаў вымушана памяняла чатыры месцы працы. Не ведаю, да чаго можа стымуляваць медыкаў такая карусель», — прызнаецца суразмоўца.

Глядзіце таксама

Больш нізкая зарплата і слабае становішча

Спрабуючы стрымаць адток кадраў, улады, па выразе Рустама Айзатуліна, вырашылі «ператварыць медыка ў раба», які не можа свабодна памяняць працу, атрымаць спецыялізацыю, доступ да высокатэхналагічных даследаванняў або аперацый.

Падчас вучобы ў ардынатуры, якая цяпер будзе доўжыцца ад 3 да 5 гадоў, і наступнай за ёй пяцігадовай адпрацоўкі лекар будзе атрымліваць больш нізкую зарплату і знаходзіцца ва ўразлівым становішчы. «15 гадоў (навучанне ў ВНУ і ардынатуры плюс адпрацоўка пасля яе) ты ў такім сацыяльным, фінансавым рабстве без права голасу. Любы чыноўнік, загадчык аддзялення можа загадаць зрабіць усё, што прыйдзе ў яго галаву, і ты не маеш права адмовіцца, таму што трапляеш у фінансавую залежнасць», — тлумачыць Айзатулін.

І ўдакладняе, што ў выпадку перапынення вучобы ў ардынатуры або адпрацоўкі лекар павінен выплаціць больш чым двухразовую кампенсацыю за сваё навучанне — але пры гэтым зусім не ўлічваецца тое, што ўвесь гэты час чалавек не толькі вучыўся, але і працаваў на карысць дзяржавы.

Адкуль узяліся такія тэрміны?

Што тычыцца новых тэрмінаў адпрацоўкі пасля ардынатуры, то, па словах Айзатуліна, яны могуць быць звязаны з тым, што некалькі гадоў таму ў РБ замест ардынатуры і рэзідэнтуры збіраліся стварыць 5-6 гадовую медыцынскую аспірантуру і прывесці сістэму медыцынскай адукацыі ў краіне да сусветных стандартаў. Але гэта патрабавала шмат сіл і сродкаў, і аб гэтых планах, верагодна, забыліся.

«Магчыма, тэрмін у 5 гадоў, які цяпер агучваецца, — гэта спроба даць зразумець грамадству, што мы будзем 5 гадоў вучыць чалавека і атрымаем добрага спецыяліста. Насамрэч праграма і пратаколы як былі стогадовай даўніны, так і засталіся», — наракае Айзатулін.

Ён таксама не выключае, што беларускія чыноўнікі проста думаюць «пяцігодкамі». Паводле ацэнкі Айзатуліна, рэакцыя на новаўвядзенні ў беларускіх медыкаў і студэнтаў медВНУ негатыўная: «Мы гаворым пра аналаг рабства, што датычыцца сферы аховы здароўя. Многіх гэта прымусіць падумаць некалькі разоў, ці паступаць у ардынатуру».

Суразмоўца лічыць, што меры, якія прымае дзяржава, наўрад ці спыняць адток медыкаў з Беларусі. «З'ехаў вялікі, прагрэсіўны, свабодна думаючы клас людзей, якія маглі б неяк паўплываць на сістэму аховы здароўя і медыцыну ў Беларусі. Хваля міграцыі нават на фоне новых прынятых законаў будзе працягвацца. Можа, не ў такой колькасці, як раней, але калі чалавек захоча з'ехаць, ён знойдзе магчымасць і сродкі», — перакананы Рустам Айзатулін.

Глядзіце таксама

«Лекар будзе пазбаўлены матывацыі»

Такога ж меркавання прытрымліваецца і яшчэ адзін беларускі лекар, які пагадзіўся пагутарыць з «DW» на ўмовах ананімнасці. Суразмоўца быў звольнены з працы ў дзяржаўнай медустанове праз сваю грамадзянскую пазіцыю, але дагэтуль застаецца ў РБ. Ён адзначае, што многія лекары, якія збіраліся паступаць у ардынатуру, цяпер задумаліся пра тое, ці трэба гэта рабіць.

На думку медыка, папраўкі ў закон ніяк не палепшаць сітуацыю з кадрамі — дактары як з'язджалі, так і будуць з'язджаць. Ён не выключае, што ў найбліжэйшай будучыні стане менш жадаючых паступаць у медыцынскія ВНУ.

Суразмоўца таксама звяртае ўвагу на тое, што папраўкі ў закон уключаюць механізмы маніпуляцыі ў дачыненні да маладых лекараў: каб не плаціць велізарныя штрафы за незавершанае навучанне або адпрацоўку, чалавек будзе вымушаны «працаваць моўчкі, выконваць працу, якая яму не вельмі падабаецца».

«Ён будзе пазбаўлены матывацыі. Не хочацца трапляць на лячэнне да доктара, у якога няма матывацыі, які працуе, абы адпрацаваць належны тэрмін», — дзеліцца суразмоўца. І не выключае, што ўлады хацелі, каб папраўкі ў закон «Аб ахове здароўя» выглядалі як спроба рэфармавання медыцынскай адукацыі. «Насамрэч гэта чарговы гвалт, ціск, пазбаўленне свабоды выбару. Замест таго, каб прааналізаваць прычыны, чаму дактары з'язджаюць, ствараць умовы, каб тут працавалі, усё вырашаецца спосабам, які часцей за ўсё ўжываецца цяперашняй уладай ва ўсіх сферах», — падвёў вынік медык.