Хвароба па ўласнай ініцыятыве

Калі ж яшчэ ўзгадаць пра здароўе і лекараў, як не напярэдадні Дня медыцынскага работніка.

den_medika.jpg


 

Ці ведаеце вы, што сярэднестатыстычны дарослы грамадзянін Беларусі мае ад трох да сямі хранічных хвароб? Гэта значыць, што ў Беларусі фактычна няма здаровых людзей! Няўжо гэта невядома чыноўнікам з Міністэрства аховы здароўя, якія пра такое становішча абавязаны ведаць па службе? Няўжо падобны факт не варты ўвагі ніводнага з нашых шматлікіх грамадскіх дзеячаў?

 

Але чыноўнікі яшчэ з 30-х гадоў мінулага стагоддзя захоплены міфічнай папяровай барацьбой за паказчыкі здароўя насельніцтва — за 0% смяротнасці цяжарных, парадзіх, нованароджаных, немаўлят. Грамадскіх дзеячаў жа цікавяць іншыя, на іх думку, больш важныя і актуальныя праблемы. Атрымліваецца, што здароўе нацыі ўсім — «да лямпачкі».

 

А вось яшчэ крыху цікавых лічбаў: нават калі хвароба ператвараецца ў хранічную, толькі 57% хворых звяртаюцца па дапамогу да лекараў. Амаль палова апытаных (47%) лічаць за лепшае пазбаўляцца ад хвароб самім. Мяркую, гэта наступствы «эфектыўнасці» нашай сістэмы аховы здароўя. І відавочна, што адным вялікадзяржаўным загадам («У паліклініках не павінна быць чэргаў») і электроннымі квіткамі да лекараў праблему хранізацыі насельніцтва ніхто ніколі не вырашыць.


Ва ўсе часы хворыя шукалі «лепшых» лекараў. Наш час — не выключэнне. Іншы раз падобныя пошукі вартыя анекдота. Днямі мне патэлефанаваў стары знаёмы, дасведчаны чалавек, кандыдат навук, які сочыць за сваім здароўем.

 

— Слухай, — сказаў ён. — Учора крышку пераеў, дык сёння замучыла пякотка (вось вам і прычына нездароўя — сквапнасць: «пераеў». — аўт.). У папулярным амерыканскім даведніку ў такіх выпадках раяць прымаць наступныя прэпараты...

 — Амерыканцы шмат што раяць, перабіў я яго. — Перш за ўсё, наўрад ці гэтыя прэпараты ты знойдзеш у Мінску.

— Так, — пагадзіўся знаёмы. — У аптэцы мне далі «Смекту».

— Можна і «Смекту», — пагадзіўся і я.

— Але ў тваёй кніжцы ёсць такая парада: піць цёплае малако.

— Так. Да цёплага малака можна дадаць скібачку белага батону, — было маё удакладненне.

— Чаму?

— Ну, хаця б таму, што яшчэ Гіпакрат казаў: «Няхай твая ежа будзе табе лекамі, а лекі ежай».

— А калі я зараз вып’ю «Смекту», а потым зраблю, як ты раіш?

— Рабі што-небудзь адно! — адрэзаў я, бо ўжо пачаў губляць цярпенне.

 

Як тут не прыгадаць словы аднаго вершапісца: «Калі хочаш доўга жыць, не прыкладай да забалелай галавы ўсе карысныя парады». Што тычыцца майго знаёмага, то сваімі неабдуманымі, бессістэмнымі дзеяннямі ён наўрад ці палепшыў бы свой стан (лёгкае парушэнне функцый страўніка), затое з вялікай верагоднасцю мог набыць гастрыт.

 

А вось павевы новага часу. «Да лекара ходзяць, каб пачуць, як хвароба называецца, а потым чытаць пра яе ў інтэрнэце». Яшчэ адно прызнанне. «Я хлопец кемлівы, сам усё «пагугліў», пашукаў у інтэрнэце сімптомы... І сам сабе паставіў дыягназ».

 

У выніку ўсё часцей кабінет лекара ператвараецца ў кабінет следчага, у якім падследным становіцца лекар, а следчым — пацыент, які патрабуе ад «падследнага» адказваць за ўсё на свеце, таму што ён, лекар, — «абавязаны». Ад гэтакіх «дыялогаў» патыхае нявыхаванасцю і саўковасцю. Яны з самага пачатку асуджаны на няўдалы вынік. Прайшлі тыя часы, калі з існуючых у краіне спецыялістаў толькі ў лекараў заўсёды быў прафесійны абавязак, які кожны пацыент разумеў па-свойму, па меры сваёй выхаванасці і адукаванасці.

 

Грэблівае стаўленне да лекараў многіх вельмі абурала і абурае. Ненармальныя адносіны паміж пацыентам і лекарам наносілі, наносяць і будуць наносіць непапраўную шкоду абодвум суразмоўцам. У большай ступені — «дасціпным» пацыентам. Напэўна варта нагадаць старажытную ўсходнюю прытчу. Прыйшоў хворы да лекара, а той яму кажа: «Нас тут трое: ты, я і хвароба. Калі мы будзем разам, мы пераможам трэцяга». Хто будзе трэці — лекар ці хвароба — вызначаць пацыенту.