Івонка Сурвіла: У гэтыя 30-я ўгодкі незалежнасці волі мы яшчэ не здабылі

Івонка Сурвіла звярнулася да беларусаў напярэдадні 30-годдзя абвяшчэння незалежнасці Беларусі.

bf6a17d7_b927_4b7e_8d5c_cf1d3d7bf7ee_w1023_r1_s__1_.webp


Напярэдадні 30-годдзя абвяшчэння незалежнасці Беларусі старшыня Рады Беларускай Народнай Рэспублікі Івонка Сурвіла звярнулася да суродзічаў.
«Надыходзіць наша другое, пасля 25 Сакавіка, вялікае нацыянальнае свята — 25 жніўня, — нагадвае Івонка Сурвіла. — Але замест таго, каб танчыць на вуліцах, як гэта ў маім дзяцінстве рабілі 14 ліпеня французы, ці радасна святкаваць 1 ліпеня перад парламентам у Атаве, як гэта робяць дзясяткі тысяч канадцаў, нашаму народу дазволена адзначаць толькі замену адной акупацыі другою.
25 жніўня нельга будзе нават выйсці на вуліцы Мінска з бел-чырвона-белым нацыянальным сцягам, бо сілавікі пацягнуць у аўтазакі і турмы, а тыя, што завуць сябе „суддзямі“, асудзяць на тры (калі не болей) гады турмы.
Праз трыццаць гадоў пасля таго, як "Дэкларацыя аб дзяржаўным суверэнітэце" набыла канстытуцыйную моц, народ наш працягвае жыць не ў сваёй вольнай дзяржаве, а пад ботам садыста, які ўжо 27 гадоў здзекуецца з яго», — піша Івонка Сурвіла.
«Уявіце сабе, якім магло б быць ваша жыццё ў вольнай беларускай дзяржаве, — піша яна. — Зірніце, як людзі жывуць у такіх краінах, як Швецыя, Данія ці нейтральная Швейцарыя. Так маглі б жыць і вы. Не забываючыся, безумоўна, на пагрозу з усходу, беларусы маглі б сёння быць гаспадарамі на сваёй зямлі».
У сваім звароце Івонка Сурвіла прыгадвае падзеі 2020 года:
«Дарагія суродзічы, год таму вы паказалі свету, што вы адказны і, адначасова, цывілізаваны народ, што вы цэніце сваю спадчыну і сваю незалежнасць і што адзінае, чаго вы жадаеце, — гэта быць вольнымі гаспадарамі на сваёй зямлі. Увесь свет нарэшце пабачыў годнасць і памяркоўнасць Беларуса. За гэта дыктатар пусціў на вас шалёных наёмнікаў з дазволам рабіць з вамі што заўгодна.
Чвэрць стагоддзя ўмацоўваў сілавыя структуры з адзінай мэтай — утрымацца пры ўладзе. Відаць, адчуў, што толькі гвалтам ён яшчэ мае шанцы перамагчы свой народ. Перамагчы вас! Не звярнуў увагу на моц вашай любові да дадзенай вам Богам зямлі і на ваша глыбіннае пачуццё прыналежнасці да яе. Я моцна веру, што гэтая ваша любоў да Беларусі зберажэ вас, як зберагала кожны раз, калі народ наш быў пад пагрозай. Выжылі мы на гэтай зямлі дзесяць стагоддзяў дзякуючы нашаму глыбокаму пачуццю прыналежнасці да Беларусі».
На думку старшыні Рады БНР, незалежнасць не тоесная свабодзе.
«У гэтыя 30-я ўгодкі незалежнасці волі мы яшчэ не здабылі, — нагадвае яна. — Перад намі яшчэ таемныя перагаворы з суседняй імперыяй, якая яшчэ ўсё не хоча зразумець, што Беларусь не прадаецца, як бы гэтага ні жадаў наш гандляр скрадзеным краем!
Таксама ўжо надышоў час, каб „старэйшы брат“ зразумеў, што гены нашы вельмі розняцца ад яго. У адрозненне ад яго, адзінае, чаго беларусы жадаюць, — гэта жыць спакойна на сваёй зямлі, як мага далей ад Іванаў Грозных і Вялікіх Кацярын. Наш народ працавіты, спакойны і справядлівы. Зла ён нікому не жадае. Чужой зямлі не чапае і спадзяецца таго самага ад сваіх суседзяў».
Івонка Сурвіла адной з умоў перамогі прыхільнікаў вольнай і дэмакратычнай Беларусі лічыць з'яднанасць.
«Святкуем мы цяпер вялізнае свята! Не ведаю, ці будзе калісьці лепшая нагода падумаць усім нам над тым, што трэба зрабіць, каб Беларусь ніколі больш не спазнала падзелаў і здзекаў. Каб ніколі больш не трапіла ў няволю. А найважнейшае, магчыма, — каб любоў, якую мы адчуваем адны да адных, была мацнейшая за ўвесь гнеў, усе крыўды. Мы ўсе належым да той самай вялікай сям’і. Продкі нашы былі братамі і сёстрамі. А пад зямлёй у Беларусі ляжаць косткі нашых дзядоў і прадзедаў, якія змагаліся за нашую волю ў Воршы і ў Полацку, на Случчыне і ў Падляшшы. Мо час прыпомніць словы нашага нацыянальнага гімна: "Мы выйдзем шчыльнымі радамі...". З'яднанымі — мы можам, з'яднанымі — пераможам!
Мы заўсёды адчувалі любоў да нашага прыгожага краю. Магчыма, таму што, як у песні, "каб любіць Беларусь нашу мілую, трэба ў розных краях пабываць". Тыя з нас, хто апынуўся на чужыне, даўно здалі сабе справу, што няма нічога мілейшага за свой родны кут. Іх няма патрэбы пераконваць, што трэба цаніць і шанаваць сваю дзяржаву.
Але, магчыма, варта задумацца, што робіць жыхароў Даніі найшчаслівейшымі людзьмі на гэтай зямлі? Кажуць, што на першым месцы — давер да іншых... Магчыма, варта было б ад гэтага і пачаць?» — пытаецца старшыня Рады БНР Івонка Сурвіла.