«Не дай Бог, каб беларусы ўсвядомілі каштоўнасць Незалежнасці праз яе страту»
«Калі б у жніўні-лістападзе 1991-га не была абвешчаная Незалежнасць, не былі б створаныя дзяржаўныя інстытуты — Беларусь магла б стаць яшчэ адным суб'ектам Расійскай Федэрацыі», — лічыць Сяргей Навумчык.
Трыццаць гадоў таму, 25 жніўня 1991 года, пасля падаўлення путча Вярхоўны Савет БССР надаў канстытуцыйны статус «Дэкларацыі аб незалежнасці». Ці магло б гэта адбыцца, каб у ВС не было апазіцыі БНФ, іншых пранацыянальных сіл? Чаму мы не здолелі зберагчы тое, што атрымалі на пачатку 1990-х? Што рабіць сёння, каб захаваць незалежнасць? Пра гэта мы размаўляем з дэпутатам ВС ад БНФ, палітыкам, пісьменнікам і публіцыстам Сяргеем Навумчыкам.
— Чаму 30 гадоў таму ў нас атрымалася аднавіць незалежнасць і пачаць будаўніцтва нацыянальнай дзяржавы? Ці магло быць інакш? Можа, у любым выпадку сітуацыя складвалася на карысць нацыянальных суб’ектаў і СССР усё роўна б разваліўся?
— Гэта даволі распаўсюджанае меркаванне, што ад дэпутатаў БНФ і шырэй — ад беларускага народа — нічога не залежала, што падзеі ўсё роўна склаліся б такім чынам, што Беларусь атрымала б Незалежнасць у выніку распаду СССР. Між іншым, часам так і кажуць: Беларусь стала незалежнай у выніку распаду СССР. І блытаюць, перастаўляюць месцамі прычыну і следства. Канешне, Беларусь не знаходзілася ў вакууме, яна была часткай тых працэсаў, якія адбываліся. Але я нагадаю храналогію: спачатку рэспублікі абвясцілі адна за другой незалежнасць, а ўжо потым былі падпісаныя Віскулёўскія пагадненні, якія канстатавалі знікненне СССР.
Ведаеце, у Чэхіі нікому не прыйдзе ў галаву сказаць, што Масарык і яго паплечнікі, якія абвясцілі незалежную дзяржаву ў 1918 годзе, маглі б гэтага і не рабіць, маўляў, усё роўна Аўстра-Венгерская імперыя распалася б.
Вяртаючыся да Беларусі, магу сказаць, што існаваў рэальны шанец захаваць на нейкі час Саюз у абсечаным варыянце, калі б Беларусь 25 жніўня 1991-га не абвясціла незалежнасць — нават калі сышлі балтыйскія рэспублікі і Украіна. Як вядома, яшчэ перад путчам Гарбачоў абяцаў Назарбаеву пасаду прэм’ер-міністра СССР. Будучы елбасы настолькі яе жадаў, што абвясціў незалежнасць Казахстана не проста апошнім, а нават пасля Віскулёў (!) — 16 студзеня. У Казахстана была ядзерная зброя. Уявіце, што і Беларусь, у якой таксама была ядзерная зброя, засталася б з Цэнтрам. Прыгадайце, што ЗША прызналі незалежнасць толькі пасля адстаўкі Гарбачова, перад самым Новым годам. Супастаўце ўсё гэта, і вы ўбачыце, што ў Гарбачова былі б зусім неблагія магчымасці пагуляць у нейкі «абноўлены Саюз» па мадэлі «Цэнтр плюс дзве рэспублікі з ядзернай зброяй». Невядома, чым гэта магло скончыцца.
Ну а датычна апазіцыі БНФ — дык менавіта дэпутаты БНФ не толькі вынеслі на нечарговую сесію ВС пытанне аб незалежнасці, але і распрацавалі пад яго два дзясяткі заканадаўчых прапаноў.
Без дэпутатаў апазіцыі БНФ Незалежнасць 25 жніўня абвешчаная не была б. Бо менавіта дэпутаты БНФ, па-першае, настаялі на скліканні нечарговай сесіі, якая ўвайшла ў гісторыю як «Сесія Незалежнасці», па-другое, падрыхтавалі пакет законапраектаў пра Незалежнасць, па-трэцяе, дамагліся, каб пытанне было ўключанае ў парадак дня сесіі (кіраўніцтва ВС і большасць дэпутатаў гэтага рабіць не жадалі). Нарэшце, менавіта выступ Пазняка перад галасаваннем адыграў вырашальную ролю ў тым, што Незалежнасць была прынятая канстытуцыйнай большасцю — гэта значыць, дзвюма трэцямі галасоў. Не было б дэпутатаў БНФ — не было б і самой гэтай сесіі, а значыць, не было б Незалежнасці.
Ну, і калі б у жніўні-лістападзе 1991-га не была абвешчаная Незалежнасць, не былі б створаныя дзяржаўныя інстытуты — Беларусь магла б стаць яшчэ адным суб'ектам Расійскай Федэрацыі.
— За некалькі месяцаў было прынята шмат законаў, якія стваралі аснову незалежнай краіны. Чаго не хапіла, каб была створана яшчэ і гарантыя непахіснасці суверэнітэту, нацыянальных прыярытэтаў?
— Не хапіла ўсведамлення большасцю дэпутатаў каштоўнасці сваёй дзяржавы. Відаць, з тым складам парламента гэта было непапраўна. Я перакананы (і, між іншым, гаварыў пра гэта на сесіі), што Вярхоўны Савет мусіў абвясціць новыя выбары. Гэта цалкам лагічна: новая дзяржава — новыя выбары.
— Як бы вы ацанілі тое, што адбылося ў Беларусі ў жніўні-кастрычніку 1991-га?
— Як нацыянальную рэвалюцыю. Адпаведна, вынік выбараў у 1994-м — як імперскую контррэвалюцыю.
— Ці можна было тады (ці пазней) зрабіць нешта яшчэ, каб засцерагчыся ад вяртання дыктатуры?
— Я ўжо назваў новыя выбары (таму БНФ і прапанаваў рэферэндум пра датэрміновыя выбары, калі мы ўбачылі, што партнаменклатура нікуды сыходзіць не збіраецца). Мы, дэпутаты БНФ, складалі дзясятую частку парламента, з такім раскладам цяжка нешта зрабіць. Але фатальнай памылкай было ўвядзенне ў Канстытуцыю прэзідэнцтва. Мы выступалі супраць гэтага і гаварылі, што яно абернецца дыктатурай. Беларусі патрэбна было яшчэ некалькі гадоў парламенцкай дэмакратыі, каб умацаваліся партыі, каб выспела грамадства, каб яно адчула перавагі незалежнасці, каб вырасла пакаленне, якое ўжо не паддалося б абяцанням «вярнуць СССР».
— Як мне здаецца, тады ўсё атрымалася занадта лёгка (у адрозненне ад краін Балтыі), таму сёння мы зноў вымушаны змагацца за нашы сімвалы, мову, культуру і нават незалежнасць...
— Для мяне і маіх калег-дэпутатаў па апазіцыі БНФ лёгкага там нічога не было. Гэта бяссонныя ночы і нервы. Шмат хто з калег-дэпутатаў ужо памёр, яны не дажылі да сярэдняга веку смяротнасці (а Ігар Гермянчук, рэдактар легендарнай «Свабоды», увогуле сышоў у 41 год). Ну а для большай часткі насельніцтва — магчыма, вы маеце рацыю, усё адбылося не так і цяжка. Напэўна, чалавеку ўласціва цаніць нейкія базісныя рэчы толькі тады, калі ён іх губляе, як тое самае здароў’е. Не дай Бог, каб беларусы ўсвядомілі каштоўнасць Незалежнасці праз яе страту!
— Сёння мы ледзь не ў горшай сітуацыі, чым 30 гадоў таму. Што трэба рабіць, каб не страціць Беларусь?
— Хоць я па натуры песіміст (ці, як у тым анекдоце, — добра інфармаваны аптыміст) — я ўсё ж думаю, што шмат у чым сітуацыя лепшая. Так, няма той свабоды, якая была ў пачатку 1990-х. Але ёсць тое, чаго тады не было: пакаленне людзей, якія каштоўнасці свабоды і Незалежнасці цэняць. Тады, у пачатку 1990-х, большасць людзей не ацанілі тое, чаго ўдалося дасягнуць высілкамі меншасці ў 1991-м, і ў 1994-м прагаласавалі за Лукашэнку.
Ключавая прычына сітуацыі, прычына ўсіх прычын — узровень нацыянальнай свядомасці. Ён, калі разбірацца, і вырашыў усё ў 1994 годзе. Таму, перакананы, высілкі авангарду грамадства павінны быць накіраваныя ў гэтае рэчышча — выхоўваць у людзей нацыянальны гонар. Гэта, сапраўды, значна цяжэй, чым 30 гадоў таму. Але іншага шляху я не бачу.
Фота з фэйсбука Сяргея Навумчыка і з сайта vytoki.net