«Я памру тут». Вакаліст «Gods Tower» не захацеў уцякаць ад крымінальнага пераследу

У аўторак, 15 чэрвеня, а 10-й раніцы ў судзе Цэнтральнага раёна Гомеля будуць судзіць Уладзіслава Наважылава – лідара метал-гурта «Gods Tower», вядомага пад псеўданімам Лэслі Найф. Яго вінавацяць у абразе службовай асобы каментаром пад відэа, піша «Белсат».

Уладзіслаў Наважылаў, фота з сацыяльных сетак 

Уладзіслаў Наважылаў, фота з сацыяльных сетак 


«Этот соловей – крайне глупый боров», – напісаў Уладзіслаў Наважылаў пад відэа выдання «Сильные новости» аб сустрэчы абласных уладаў з абуранымі гомельцамі 16 жніўня 2020 года. Наважылаў кажа «Белсату», каментар быў адным з найбольш мяккіх, бо пісалі і «вельмі крыважэрныя» рэчы. Старшыня аблвыканкаму Генадзь Салавей успрыняў гэта як абразу.
«Ён ахінею нёс, таму я паглядзеў і сфармаваў такі вобраз, – тлумачыць Наважылаў. – Я нават не задумваўся, што гэта менавіта пра яго, гэта як нейкі збіральны вобраз з Салтыкова-Шчадрына ці Гогаля: тыповы расійскі чыноўнік-дзяржыморда. Пакінуў гэты камент і забыў. Але вясною да мяне прыйшоў гомельскі СК і сказаў, што «ніхто не забыты, нішто не забытае», і дагэтуль Салавей не можа ні спаць, ні есці».
Спявак разважае: калі чалавека ад такіх словаў «выбівае з каляіны», дык ён не мае стрэсаўстойлівасці, патрэбнай для дзяржаўнай службы. Калі такога чалавека ўзялі на працу, дык гэта злачынства – нядбаласць, заяўляе Наважылаў.
За абразу прадстаўніка ўлады ў Беларусі могуць прысудзіць штраф ці папраўчыя работы або абмежаванне волі на тэрмін да трох гадоў. Наважылаў не мае ніякіх прагнозаў адносна магчымага пакарання, бо «не маем справы з нечым разумным і прадказальным – гэта натуральная навала, стыхійнае бедства, гэтая судовая сістэма», бо «часам не да законаў». Спявак перакананы, што вырак можа прадказаць толькі той, хто «гэты ўказ ужо сёння напісаў».
Ды ўцякаць ад суда, з’язджаць з Беларусі Наважылаў не хоча. Кажа, падумае толькі ў выпадку, калі будзе «вельмі-вельмі брутальны ціск» і пры тым застанецца магчымасць уцячы. Але цяпер не збіраецца:
«Па-першае, у мяне ўжо падпіска аб нявыездзе, а па-другое, я ўжо вырашыў, што я памру тут, – тлумачыць ён. – Гэта, хутчэй за ўсё, мой шлях. Ды і ведаеш, мне тут падабаецца».
Наважылаў дадае, што мае вельмі добрую адвакатку: Марыю Колесаву-Гудзіліну, якая выступае абаронцай і Сяргея Ціханоўскага. Спявак кажа, гэта «нагода ганарыцца»: раз такая добрая адвакатка, дык значыць, «дасягнуў нейкіх вышыняў».
Ды наяўнасць адваката, мяркуе ён, няшмат вызначае ў цяперашніх умовах. Колесава-Гудзіліна бараніла яго і летась, калі яму і спеваку Аляксандру Памідораву прысудзілі па 8 содняў за дваровы канцэрт. Яна «разнесла абвінавачанне ў пух і прах», кажа Наважылаў, але суддзя «сказаў 8 содняў – і ўсё, засталося толькі рукамі развесці».
Цяперашняе абвінавачанне ў абразе, мяркуе Наважылаў, смеху вартае, але можа паўтарыцца тое, што было на леташнім судзе. Ён нават не ўпэўнены, што на суд пусцяць ахвотных – «будуць сядзець там сваякі пацярпелага ў выглядзе амапаўцаўцаў».
Гурт Наважылава ўтварыўся ў Гомелі ў 1989 годзе пад назвай «Chemical Warfare», у 1992 годзе змяніў назву на «Gods Tower» і стаў граць у жанры «doom metal» з дадаткам этнічных і язычніцкіх тэмаў, выступаў у тым ліку на буйных заходніх фестывалях. Гурт распаўся ў 2002 годзе праз хваробу (а затым смерць) гітарыста, аднак уз’яднаўся ў 2010 годзе. Жанр, у якім грае каманда, на Захадзе назвалі «pagan metal», а пра «Gods Tower» сталі казаць як пра адных з піянераў паганскага металу і адзін з найбольш вядомых метал-гуртоў Беларусі. Гурт запісаў тры поўнафарматныя альбомы, шэраг міні-альбомаў і самотнікаў, іншыя музыкі ў 2005 годзе выдалі трыб’ют «Gods Tower».