Як беларускія рамёствы дапамагаюць дзецям з аўтызмам

У Мінску ўпершыню прайшоў майстар-клас па беларускіх рамёствах для дзяцей з аўтызмам.

dsc_0124.jpg

Бясплатныя заняткі арганізаваў Цэнтр дзіцячага развіцця «Бэбі-Клаб» пры падтрымцы кампаніі velcom для выхаванцаў Сямейнага інклюзіў-тэатра «і». Майстар-клас аб'яднаў як звычайных, так і асаблівых дзяцей ва ўзросце ад 3 да 6 гадоў, — паведамляюць арганізатары.

«У Беларусі не хапае пляцовак для развіцця асаблівых дзяцей, — канстатуе мастацкі кіраўнік тэатра Ірына Пушкарова. — Мы працуем з дзецьмі з аўтызмам і бачым, што многія дзяржаўныя, прыватныя цэнтры, гурткі і студыі не гатовыя працаваць з асаблівымі дзецьмі. Ёсць 2 асноўныя прычыны. Першая — недахоп кваліфікаваных спецыялістаў, другая — адсутнасць сродкаў у бацькоў, якія аддаюць грошы на аплату цьютараў і фізіятэрапеўтычных працэдур для дзяцей».

dsc_0145.jpg

Падчас майстар-класа па беларускіх рамёствах спецыялісты Цэнтра дзіцячага развіцця «Бэбі-Клаб» зрабілі з дзецьмі зарадку, распавялі на беларускай мове пра традыцыйныя рамёствы і правялі занятак па лепцы з экагліны. У падарунак дзеці забралі з сабой сімпатычных птушак уласнага вырабу.

dsc_0248.jpg

«70% нашых педагогаў маюць кваліфікацыю, якая дазваляе працаваць з асаблівымі дзецьмі. Гэта педагогі-псіхолагі, лагапеды і іншыя спецыялісты, — тлумачыць дырэктар сеткі дзіцячых цэнтраў развіцця «Бэбі-Клаб» Вікторыя Копелева. — Мне, як маладой маме, сугучная ідэя стварэння інклюзіўнага грамадства. Я хачу, каб нашы дзеці з ранняга ўзросту вучыліся жыць у рэальным свеце і сябраваць з рознымі людзьмі».

Асаблівасць тэатра — у стварэнні ўнікальнага інклюзіўнага асяроддзя, дзе звычайныя таленавітыя дзеці з ранняга ўзросту вучацца нармальна ўспрымаць асаблівых, а дзеці з аўтызмам, у сваю чаргу, пераадольваюць складанасці развіцця і развіваюць навыкі камунікацыі. Падрыхтоўка адбываецца ў два этапы. Спачатку дзеці на індывідуальных занятках (вакал, харэаграфія, акцёрскае майстэрства) авалодваюць неабходнымі навыкамі, а затым прыступаюць да рэпетыцый у трупе і ўдзелу у спектаклях.

dsc_0123_1.jpg

«Адна з праблем асаблівых дзяцей— парушэнне каардынацыі рухаў. Таму мы падтрымалі гэты майстар-клас, які з аднаго боку дапамагае палепшыць маторыку, а з другога — далучае дзіця да беларускай мовы і культуры з самага ранняга ўзросту. Мы спадзяемся, што наш прыклад прыцягне ўвагу грамадства і натхніць многіх дапамагаць асаблівым дзецям», — адзначае начальнік аддзела камунікацый кампаніі velcom Вячаслаў Смірноў.


***

Па даных статыстыкі, у Беларусі пражывае каля 10 тысяч дзяцей з аўтызмам. Афіцыйны дыягназ мае не больш за 1,5 тысячы. Клопат пра дзяцей і падтрымка беларускай культуры з'яўляюцца важнымі складнікамі карпаратыўнай сацыяльнай адказнасці кампаніі velcom. Пры яе падтрымцы Сямейны інклюзіа-тэатр «і» паставіў спектаклі «Флейта-Чарадзейка» і «Чыгунка», якія з аншлагам прайшлі ў Мінску і іншых абласных гарадах Беларусі.

Паводле прэс-службы velcom