«Як грамадзянка і настаўніца, не магу маўчаць і рабіць выгляд, што нічога не адбываецца»
Нашыя Жанчыны сёння бароняць самае любае і дарагое — будучыню нашчадкаў, сваёй сям’і і роднай зямлі. За гэта 5 лістапада ў Кобрыне на Берасцейшчыне судзілі выдатнага педагога, настаўніцу пачатковых класаў мясцовай сярэдняй школы №7, кіраўнічку народнага літаратурна-краязнаўчага музея «Скарбы роднага краю» Наталлю Мех.
Суддзя Таццяна Каберская пакарала Наталлю Мех штрафам у 15 базавых велічынь за ўдзел у маршы 27 верасня.
У сваім слове на судзе спадарыня Наталля сказала: «Пасля прэзідэнцкіх выбараў грамадзяне, не згодныя з афіцыйнымі вынікамі галасавання, выйшлі на мірныя пратэсты па ўсёй краіне. Аднак на прапанову дыялогу ўлада адказала гвалтам, што прывяло да забойства і цяжкіх раненняў бяззбройных людей. Гэтая бяда прыйшла і ў мой родны Кобрын. Позна вечарам 10 жніўня ў сваім доме на ўскрайку горада пачула страшэнныя выбухі, убачыла ўспышкі свету над цэнтрам места. А праз нейкі час па нашай вуліцы ўжо беглі людзі з крыкамі “Нас забіваюць!”. Пазней дазналася, што сярод кабрынчанаў ёсць скалечаныя і нават адзін цяжка паранены мужчына. Усяго гэтай ноччу былі затрыманыя і закратаваныя ў мясцовым ізалятары часовага ўтрымання 159 землякоў, прычым шмат каго, паводле сведкаў, збівалі, катавалі і прыніжалі. Такі ж гвалт гэтай ноччу адбываўся па ўсёй краіне. Як грамадзянка і настаўніца, якая адмаўляе любую фарму гвалту, не магу маўчаць і рабіць выгляд, што нічога не адбываецца. Вось чаму выйшла на мірны пратэст, каб бараніць правы і свабоды сваіх землякоў. Больш за 30 год працую настаўніцай і вучу дзяцей быць сумленнымі і справядлівымі, дапамагаць адзін аднаму. Гэтыя перакананні буду адстойваць заўжды. На маё меркаванне, спакой вернецца ў наш край толькі пасля сумленных і свабодных выбараў. Спадзяюся, што трагедыя жніўня 2020 года больш ніколі не паўторыцца ні ў Кобрыне, ні ў маёй краіне».
Бягучы год у найноўшую гісторыю Беларусі будзе ўпісаны як жаночы. Бо менавіта беларускі — самыя адважныя, крэатыўныя і прыгожыя Жанчыны — адкрылі сабе і свету свой магутны грамадзянскі, інтэлектуальны і духоўны патэнцыял. Нашыя бабулі, мацеркі і сёстры, жонкі і дочкі — у авангардзе руху супраць фальсіфікацыі вынікаў прэзідэнцкіх выбараў і гвалту сілавікоў, за перамены ва ўсіх сферах жыцця краіны.
На наступны пасля суда дзень Кобрынскі клуб дзелавых жанчынаў «Бона» ў межах ініцыятывы «Скрозь столь» у мясцовай дзіцячай вёсцы правёў «зялёную» акцыю. Разам з валанцёрамі пад кіраўніцтвам старшыні клубу, дэфектолага-лагапеда і настаўніцы біялогіі Алы Сапяжынскай, яе намесніцы, юрысткі Алены Мезенцавай, выхаванцы і педагогі дзіцячай вёскі абнавілі яблыневы сад, высадзілі алею шматагадовага самшыту, прыбралі старыя дрэвы і лістоўе, падрыхтавалі да зімы тэрыторыю сацыяльна-педагагічнай установы.
Яна створана 26 гадоў таму і дзейнічае як беларуска-германскі праект дапамогі дзецям-сіротам ва ўзросце ад аднаго году. У дзіцячай вёсцы сіроты знаходзяць сям’ю і вучацца ў ёй жыць, становяцца роднымі на ўсё жыццё, а праз гады вяртаюцца ў сваё сямейнае гняздо, адкуль пайшлі ў свет…
Адчуваецца, што ў дзіцячай вёсцы хлопчыкаў і дзяўчынак атачае ласка і клопат, паважлівае стаўленне да юнай асобы дзеля яе ўсебаковага развіцця.
Усё гэта вельмі кранула мяне, як чалавека, што неабыякавы да жыцця краіны і шмат гадоў працаваў з дзецьмі ў розных установах адукацыі, у тым ліку і з сіротамі. Вось чаму сустрэча ў дзіцячай вёсцы нагадала пра актуальную неабходнасць вяртання нашай школы да нацыянальных каранёў і свабоды ад фармалізму, хлусні і гвалту…
Нізкі паклон нашым педагогам-Жанчынам, якія гэта разумеюць і робяць усё належнае для таго, каб маленькія беларусы ўсім сэрцам палюбілі свой дом, сваю школу і сваю Бацькаўшчыну. Сярод такіх настаўнікаў — Наталля Мех і педагогі дзіцячай вёскі, а таксама яе цяперашняя кіраўнічка, былая дырэктарка Акцябрскага дзіцячага садка — сярэдняй школы Кобрынскага раёна, настаўніца беларускай мовы і літаратуры Святлана Юр’ева.