Як мы губляем Курапаты
Памятны знак, што павінен аб’ядноўваць, пераўтвараецца ў помнік разладу. Сход, падчас якога павінен быў з’явіцца нейкі кампраміс паміж дзяржавай і грамадствам, скончыўся нічым. Калі бакі не здольныя дамовіцца, мы можам згубіць месца памяці пра ахвяр адной з найвялікшых трагедый у
беларускай гісторыі.
Раніцай 16 кастрычніка ў Курапатах, пасля таго, як напярэдадні тут з’явілася будаўнічая тэхніка і пачаліся працы, адбыўся стыхійны сход. Абурэнне ў грамадскасці выклікала найперш тое, што працы па добраўпарадкаванні ўрочышча пачаліся без усялякага папярэджання. Людзей непакоіць, што пры ўсталяванні дзяржаўнага помніка, якое плануецца ў цэнтры курапацкага лесу, на Галгофе, будзе парушана канцэпцыя Народнага мемарыялу. Удзельнікі сходу (сярод іх, апроч абаронцаў Курапатаў, былі аўтары праекту помніка, старшыня журы, якое яго абрала, прадстаўнікі Міністэрства культуры і прафсаюзаў, археолагі) паспрабавалі паразумецца адносна мемарыялізацыі Курапатаў, але, здаецца, так і не здолелі.
«Атрымаўся такі міжсабойчык»
Прычына для хвалявання, сапраўды, ёсць. Як распавяла «Новаму Часу» кіраўніца грамадскай ініцыятывы «Абаронім Курапаты» Ганна Шапуцька, пра падрабязнасці абвешчанага дзяржавай конкурсу на помнік у Курапатах не ўдалося даведацца нават прадстаўнікам грамадскай групы, якая спецыяльна для гэтага была створана былым рэдактарам «Советской Белоруссии» Паўлам Якубовічам і ў якую ўваходзілі сама Шапуцька, кіраўнік Грамадскай дырэкцыі Курапатаў Алесь Чахольскі, гісторык Ігар Кузняцоў, прадстаўнікі прафсаюзаў і Міністэрства культуры.
– Год таму быў абвешчаны конкурс, а пасля ён прыпыніўся. А гэтым летам паведамілі, што ідзе ўжо апошні этап конкурсу. І пасля нам толькі патэлефанавалі і запрасілі на пасяджэнне, дзе меліся быць абвешчаны вынікі. Пры гэтым мы – ні слыхам ні духам, ніякага грамадскага абмеркавання праектаў не было. Так сталася, што мы не змаглі прысутнічаць на пасяджэнні, і добра, што мы не ўдзельнічалі ў гэтай клаўнадзе, бо гэта зноў была фальсіфікацыя, падман беларускай грамадскасці, якая збірала грошы на гэты помнік. Усе грамадзяне мелі права ведаць, што адбываецца, а атрымаўся такі міжсабойчык.
Ганна Шапуцька зазначае, што не было ніякага абмеркавання не толькі праекту помніка, але і месца, дзе ён будзе стаяць.
– Мы грукаліся ва ўсе дзверы: і ў Мінкультуры, і да Якубовіча, але нават ён сказаў, што дзяржава настойвае на Галгофе. Мы разумеем, што гэта залежыць ад аднаго чалавека, які называе сябе прэзідэнтам.
Помнік прынялі, месца — не
Бадай, тэма месца помніка стала самай балючай падчас абмеркавання. Тыя, хто апякуецца Курапатамі (і робіць гэта ўжо не адзін дзясятак год), выказалі сваю пазіцыю: мы прымаем помнік, праект якога перамог у дзяржаўным конкурсе, але катэгарычна не прымаем тое, што ён будзе ўсталяваны на Галгофе.
– Канцэпцыя мемарыялу створана на аснове беларускіх хрысціянскіх традыцый, і яна ўхвалена цэрквамі. Тут (на Галгофе. – НЧ.) не трэба нічога ставіць, гэта разбурае канцэпцыю Народнага мемарыялу, – перакананы Алесь Чахольскі, і з яго меркаваннем пагадзіліся грамадскія актывісты.
На іх думку, помнік лагічна выглядаў бы на ўваходзе ў мемарыял з боку вуліцы Мірашнічэнкі. Па-першае, у гэтай частцы ўрочышча, фактычна, не было пахаванняў, па-другое, гэтае месца задаволіла і саміх аўтараў праекта.
Што да апошніх, яны патлумачылі, што рашэнне памятнага знаку было невыпадковым, «эстэтыка помніка падпарадкоўваецца крыжам і інтэгруецца з Народным мемарыялам. Для гэтага знака не трэба чысціць асяроддзе», – запэўніў скульптар Сяргей Аганаў.
Ён зазначыў, што аўтарскі калектыў быў адкрыты, у майстэрню прыходзілі мастакі Аляксей Марачкін і Рыгор Сітніца, Алесь Чахольскі. Калега Сяргея Аганава Вольга Нячай падкрэсліла, што скульптары не супрацьстаяць грамадскасці, у іх ёсць свая пазіцыя адносна курапацкай трагедыі, і яны выказалі яе ў сваёй працы.
На гэта Аляксей Марачкін зазначыў, што калі б былі адкрытыя архівы КДБ і названыя імёны ахвяраў і катаў, верагодна, праект скульптараў выглядаў бы іначай. Мастак перакананы, што спачатку трэба адкрыць архівы, і толькі потым праводзіць конкурс і грамадскае абмеркаванне. Гэтую заяву віталі апладысментамі.
Рэктар Акадэміі мастацтваў і старшыня журы конкурса Міхаіл Баразна паспрабаваў патлумачыць выбар месца ўсталявання помніка, але гэта ў яго атрымалася не вельмі ўцямна. Увесь яго спіч сыйшоў да таго, што ён падтрымлівае аўтараў за тое, што выразілі сваю грамадзянскую пазіцыю, і што мастацка-экспертная рада – гэта не ведамства, а структура, якая існуе на грамадскіх пачатках, таму не яна вызначае месца ўсталявання знаку, а тэхнічныя службы. Пры гэтым спадар Баразна чамусьці працягваў настойваць на тым, што помнік мусіць быць на Галгофе, бо «ў манументальным мастацтве помнік робіцца з канкрэтнай прывязкай да месца», і пераносіць яго – «непрафесійна».
Яшчэ больш дзіўную пазіцыю агучыла намеснік начальніка ўпраўлення мастацтваў Міністэрства культуры Марыя Нецвятаева, якая сыходзіла з таго, што ў Курапатах былі закатаваныя людзі розных рэлігій і перакананняў.
— Мы бачым, што на Галгофе стаяць знакі, якія ўшаноўваюць памяць і хрысціян, і габрэяў. А чаму памяць атэістаў павінна быць ушанаваная на ўваходзе? — сказала яна.
На што ёй запярэчылі: на Галгофе ўжо стаіць і камень, які з’яўляецца сімвалам памяці ў тым ліку атэістаў.
Прадстаўніца міністэрства паспрабавала ўпікнуць абаронцаў Курапатаў у тым, што за месяц паміж першым і другім этапамі конкурса ніхто з прысутных не накіраваў ліст у Мінкульт са сваімі прапановамі, але гэтыя словы сустрэлі абурэннем, бо неаднойчы ў ведамства накіроўваліся лісты ад неабыякавых грамадзян і актывістаў, ладзіліся асабістыя прыёмы з кіраўнікамі ўстановы, але чыноўнікі проста не хацелі слухаць людзей.
Марыя Нецвятаева лічыць, што, дзе б у выніку ні вырашылі ставіць помнік, спачатку неабходна правесці археалагічныя вышукі, бо «кожны раз знаходзіцца нешта новае». З ёй не пагадзіўся Алесь Чахольскі, які выступіў супраць раскопак на Галгофе, бо некалькімі дзяржаўнымі камісіямі ўжо было даказана, што тут адбываліся расстрэлы.
А ці патрэбны такі парадак?
Месца ўсталявання знаку выбірае заказчык – Федэрацыя прафсаюзаў. Тэарэтычна, грамадскасць можа звярнуцца туды альбо ў Міністэрства культуры з прапановай змены месца ўсталявання помніка, але для гэтага павінна быць грунтоўная падстава: напрыклад, калі ў выніку раскопак на Галгофе знойдуць парэшткі людзей.
Праўда, прадстаўнікі Федэрацыі прафсаюзаў, здаецца, самі не вельмі разумеюць, якая роля адведзена іх структуры ў гісторыі з мемарыялізацыяй Курапатаў. Калі намесніку старшыні ФПБ Аляксандру Мікшу задалі пытанне, ці не непакоіць яго тое, што помнік пераўтвараецца ў знак разладу, ён адказаў:
— Не ведаю, ці непакоіць, але сам памятны знак мне спадабаўся. Я невялікі спецыяліст. Мне калектыў аўтарскі спадабаўся. Калі вы паглядзіце на знак – ён і да соснаў (пасуе. – НЧ.), і сэнс пэўны (нясе. – НЧ.).
Ён запэўніў, што «мы ніколі не станем будаваць, калі будуць паваленыя крыжы ці спілаваныя сосны» і дадаў, што «мы працуем па той канцэпцыі, якую нам прапанавалі».
Прадстаўнік прафсаюзаў супраць пераносу месца ўсталявання помніка, бо можа зноў пачацца «валтузня, якая зойме 3 – 4 гады».
— Мы хочам навесці тут парадак. Іначай мы не былі б заказчыкамі і не ўдзельнічалі ў суботніку, – завяршыў Аляксандр Мікша.
У выніку сход, падчас якога павінен быў з’явіцца нейкі кампраміс паміж дзяржавай і грамадствам, скончыўся нічым. Страшна толькі, што ў выніку супрацьстаяння, калі бакі не здольныя дамовіцца, мы можам згубіць нашу нацыянальную каштоўнасць і месца памяці пра ахвяр адной з найвялікшых трагедый у беларускай гісторыі.
***
Пасля прэзентацыі мемарыяльнага знака раскопкі ў Курапатах былі працягнуты...