Будаўнічыя работы ў Курапатах. ЖЫВАЯ ТРАНСЛЯЦЫЯ

З раніцы 15 кастрычніка ў Курапатах пачала працаваць будаўнічая тэхніка: экскаватар, пагрузчык і два самазвалы. Работы ішлі на крыжовай алеі. Глядзіце жывую трансляцыю Радыё Свабоды. 

babe5b8e_dfc7_4f26_8ee3_55797e0ca554_cx0_cy10_cw0_w1023_r1_s.jpg

​Экскаватары выкапалі траншэю для адводу вады і збіраюцца будаваць дарожку да Галгофы. Будаўнікі пракапалі каля ста мэтраў траншэі і запоўнілі зямлёй адзін з самазвалаў, але далейшыя работы давялося спыніць — на шляху тэхнікі сталі абаронцы Курапатаў. У выніку дамовіліся, што далейшая праца будуць весціся ўручную пад наглядам археолагаў.
Раніцай 16 кастрычніка ў Курапатах тэхніка вярнулася, але прыйшлі і актывісты. Што там адбываецца, глядзіце ў трансляцыі Свабоды.


У лютым 2017 году на вуліцы Мірашнічэнкі, якая мяжуе з ахоўнай зонай Курапатаў, паўстаў кругласутачны лагер супраць будаўніцтва тут офіснага цэнтру. Дзякуючы неабыякавым людзям урочышча ўдалося абараніць ад камерцыялізацыі.
Неўзабаве курапацкая тэма знайшла працяг на дзяржаўным узроўні. У рэдакцыі газеты «Советская Белоруссия» прайшоў круглы стол пад назвай «Гісторыя, якая павінна нас аб’ядноўваць», а праз нейкі час Аляксандар Лукашэнка заявіў, што неўзабаве ў Курапатах створаць мемарыяльны комплекс. Праўда, да «комплексу» справа не дайшла, летась у сакавіку Міністэрства культуры абвясціла конкурс на «памятны знак».
Амаль год не было ніякіх зрухаў, хоць ініцыятар удзелу дзяржавы ў мэмарыялізацыі Курапатаў, тагачасны галоўны рэдактар газэты «СБ. Беларусь сегодня» Павал Якубовіч абяцаў, што на ўсіх этапах будуць далучаныя прадстаўнікі грамадскасці, якія доўгія гады апекаваліся Курапатамі. Насуперак заявам, працэс адбору прэтэндэнтаў і вызначэння лепшых работ прайшоў кулуарна.
У чэрвені 2018 году журы на чале з рэктарам Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў Міхаілам Баразной абнародавала тры эскізныя праекты, адабраныя ў фінал. Выбар праектаў адбываўся без удзелу грамадскасці. У жніўні быў вызначаны пераможца — праект скульптараў Вольгі Нячай і Сяргея Аганава, архітэктараў Марыі Маркаўцовай і Вольгі Ярмолінай, які ў народзе ўжо назвалі «прышчэпкай».