Як пенапласт і тынк з’ядаюць мастацтва
Калі ў іншых краінах, часам зусім небагатых і не самых «духоўных», мастацкімі каштоўнасцямі аб’яўляюцца нават сучасныя графіці, Беларусь трапляе ў ганебны герастратаў шэраг. У краіне планамерна знішчаюцца аб’екты мастацкай спадчыны, у прыватнасці, манументальнага мастацтва.
Нелагічна, здавалася б: штукатураны гіпсавы Ленін, мастацкая вартасць якога блізіцца да нуля, панаўляецца ледзь не штогод, а побач вартая мазаіка ці пано ў тэхніцы сграфіта ідуць пад уцяпляльнік і раствор.
Гомель да нядаўняга часу «славіўся» толькі адным заўважным знішчэннем. Недзе на пачатку двухтысячных на сцяне Дома быту па вуліцы Інтэрнацыянальнай пад тынк пайшло вялікае пано. Унікальнае нават, з чым згаджаецца і кіраўніцтва «Трыкатажгандаль», сённяшні ўласнік той часткі будынку, на якім была мазаіка: нейкі рэдкі камень быў прывезены аж з Уралу. Гамяльчане памятаюць, што ўраўнаважаны шараваты каларыт работы асвятлялі зыркія ўкрапленні каменчыкаў ультрамарынавага колеру. Што за пароды каменя былі выкарыстаны ў пано — ужо таямніца: недзе ў пакручастыя дзевяностыя праектная дакументацыя на ўвесь комплекс быццам бы была згублена, і ўласнік асноўнай часткі былога дома быту УП «Элегантны дом» пры мінулым рамонце мусіў карыстацца паперамі на тыпавы праект, які не адлюстроўваў усіх асаблівасцяў гомельскага будынка.
Гэты маштабны акт вандалізму можна б было палічыць прыватным выпадкам, казусам. Але шэраг знішчэнняў працягваецца. Некалькі гадоў таму былы будынак пошты на вуліцы Пятруся Броўкі, 11 быў перададзены сістэме магазінаў «Еўраопт». Пано-сграфіта (некалькі тоўстых слаёў каляровай тынкоўкі, якія паслойна зчышчаюцца, прадрапваюцца, утвараючы малюнак) тут жа было зраўняна са сцяной.
А цягам гэтага году на Рэчыцкім праспекце на тарцах пяціпавярховікаў на адмежку ад адміністрацыі Савецкага раёна да вуліцы Жукава зніклі мазаікі савецкай тэматыкі. Чым былі благія дзеці, што падскоквалі пад «пустьвсегдабудетсолнцем» — загадка. Цяпер там шуба ўцяпляльніку і тынку.
Шэраг доўжыцца. На Рэчыцкім пад пагорзай яшчэ адзін аб’ект і невядома колькі па горадзе: уцяпляльнік з’ядае мастацтва. Ледзь не штотыдзень чутна аб новых стратах. Інтэрнэт паведамляе, што знікла пано на медыцынскім каледжы на вуліцы Кірава, скульптуры савецкага перыяду ля навучальных устаноў, роспісы сцен...
Што гэта? Самадурства ўласнікаў, папушчальніцтва кампетэнтных арганізацый? Пытанняў шмат, не на адзін артыкул, трэба разбірацца. Тым больш, што аддзелы архітэктуры горада не адмаўляюцца ад размовы. Для пачатку ж хопіць і аднаго аб’екта, нешчаслівай мазаікі з Дома быта на Інтэрнацыянальнай, так званых «Ткачых», як яе часцей за ўсё называлі.
Гадоў 12 назад гэта пано камісійна прызналі нязначным для беларускага мастацтва і не вартым захавання. Захаваць было вырашана практычна аварыйны будынак, адчайна халодны і мокры нават пасля пахавання мазаікі пад пенапласт і цэмент, ды яшчэ захавалі елкі ля будынку: прыродаахова адстаяла. Праўда, праз нейкі час і елкі былі ссечаныя, як і па ўсім Гомелі: ля Вечнага агню, ля аблвыканкама. Не адпавядалі ўжо будаўнічым нормам, давалі цень і вільгаць. На іх месца былі высаджаныя, канечне, прывілегіяваныя цяпер (чаму б гэта?) туі.
Кіраўніцтва «Трыкатажгандлю», якое месціцца ў сталіцы, пра гомельскі будынак ведае. Нават выказваюць шкадаванні. Аб тым, што мастацкай каштоўнасці «Ткачыхі» не мелі, не кажуць, хоць зацікаўленасць у зняцці з балансу праблемнага пано была б прадказальная. Можна было б падумаць, што ад мазаікі пастараліся пазбавіцца. Аднак, кажуць, так рашыла кампетэнтная камісія на чале з навуковым кіраўніком па гісторыка-культурнай спадчыне Якавам Генчанком. Гарадскі аддзел архітэктуры выказвае шкадаванне, што мазаіка была прызнана нерэстаўравальнай: паводле пратаколаў, (якія таксама не захаваліся), страты склалі да 30%. І камень рэдкі, і Урал далёка. Жыхары горада такіх масштабных страт не падцверджваюць. Аднак у выніку колькі б не захавалася ад манументальнага твора, усё пад шубай уцяпляльніку і тынку ў стылі «еўрарамонт санвузла».
Зараз асноўны будынак былога Дома быту ператвараецца ў шматфункцыянальны гандлёва-сэрвісна-забаўляльны комплекс. У інтэрнэце былі выкладзены праекты ад «Гомельжылпраекта», на якіх на месцы замураванай мазаікі красаваўся... шырокі ганак з пластыкавымі дзвярыма.
Як сцвярджаюць уласнікі і асноўнага будынка, і яго часткі з пахаванай мазаікай, ад гэтага праекта ўжо адмовіліся. Не з-за пано. Праект з ламанай лініяй ашклення і іншымі складанасцямі аказаўся дарагі. Зараз будынак змяняецца паводле праекту «Гіпрагандлю», які ў адкрытых крыніцах пабачыць не ўдалося. Начальнік тэхнічнага аддзелу ААТ «Трыкатажгандаль» Канстанцін Хафізулін кажа, што рамонтныя работы не закрануць іх частку будынку, а тым больш не разбураць частку сцяны з пано: «Гэта ў «Элегантнага дома» рамонт, перанясенне ўваходу, перапланіроўка, дэмантаж вітражоў. У нас пакуль усё застаецца як ёсць».
Так, яшчэ вітражы. У Доме быту няблага захаваліся некалькі сапраўдных вітражоў семідзесятых гадоў. Іх аўтара, як і аўтара мазаікі, даведацца пакуль не ўдалося. Аказваецца, мы не маем сістэмнай дакументацыі, каталагізацыі такіх аб’ектаў. Няма такой базы. Аднак у гарадскім аддзеле архітэктуры паабяцалі паспрабаваць высветліць мастакоў, гады стварэння, назву.
Агульнае рэзюмэ працэсу? Адмаўленне мастацтва, якое магло б быць вартай часткай не толькі культурнага жыцця беларусаў, але і часткай той няўлоўнай нацыянальнай ідэі, якую так доўга ніхто не можа ўцямна сфармуляваць. Напісаны дзясяткі падручнікаў па ідэалогіі, а каго не спытай, у чым жа яна — няма акрэсленага адказу. Затое ўласнік мае над аб’ектам малаабмежаваныя правы. Гэта ў іншых, недзе далёка, нельга і крануць аб’ект мастацкай вартасці, памяняць, напрыклад, рамы ці дзверы. Ці проста зафарбаваць вядомую мазаіку, будзь яна хоць у цябе на прыватным двары. А ў нас, выходзіць, можна пахаваць цэлы твор мастацтва, атрымаўшы патрэбную паперку «некаштоўнае, нецікавае». Бо такіх пано, скульптур, барэльефаў, маўляў, у нас шмат, у кожным горадзе. Было шмат...