Як схадзіць у краму і не быць затрыманым? Парады пружанцаў
Пружанцы звярнуліся да старшыні райвыканкаму,
каб схадзіць у краму без затрымання. Але пакуль адказу не атрымалі, паведамляе
Свабода.
Жыхары Пружанаў пачалі падаваць заявы на імя
старшыні райвыканкаму, каб ім дазволілі схадзіць у краму і пры гэтым іх не
затрымлівала міліцыя. Сумарна месцічы правялі больш за 300 дзён пад арыштам.
Пакуль заяўнікі не атрымалі адказу з мясцовай
адміністрацыі, а затрыманні гараджан працягваюцца, расказала Ганна
Баран, якая мае юрыдычную адукацыю і ганаровую грамату Берасцейскага
аблвыканкаму. Яна нарадзілася ў Расеі, жыве ў Пружанах.
«Уявіце, вы выходзіце ў горад і вас штодня
беспадстаўна затрымліваюць „для вызначэння асобы“», — кажа Ганна Баран.
Прычым некалькі дзён запар затрыманні адбываліся проста на аўтобусным прыпынку «Палац культуры», дзе пасля выбараў штодня збіраліся прыхільнікі перамен. У народзе яго назвалі «прыпынкам перамен».
«3 снежня затрымалі Алега Кулешу, на другі
дзень аўтазак пад’ехаў да прыпынку грамадскага транспарту, затрымалі чацвярых.
5 снежня зноў затрымалі чатырох чалавек, сярод іх была і я. 6 снежня я з сябрам
ішла з парку, затрымалі нас і яшчэ мужа з жонкай, яшчэ двух хлопцаў затрымалі ў
краме «Белмаркет». 8 снежня затрымалі восем чалавек, а 9 снежня сем, пратрымалі
каля трох гадзін і адпусцілі без пратаколу», — кажа Ганна.
Агулам Ганну затрымлівалі «для вызначэння
асобы» ўжо пяць разоў.
«Яны ўжо цудоўна ведаюць маю асобу, законных падставаў для затрымання няма, бо мы прад’яўляем пашпарты. Яны кажуць: а мо ў вас пашпарт фальшывы. Пры гэтым яны запалохваюць затрыманых, маўляў, у Пружанскім раёне многа нераскрытых злачынстваў, будзем браць у вас біялягічны матэрыял, — кажа Ганна. — Як жыць у краіне, калі людзей пераследуюць за праўду і законы не захоўваюцца? У мяне адказу на гэтае пытанне няма. Пераследуюць людзей, якія маюць іншую думку і не баяцца сказаць праўду пра падзеі ў краіне, якія супраць гвалту і беззаконня».
Сёння а 7-й раніцы да маці трох непаўналетніх дзяцей Юліі Лаптановіч прыехалі на бусе сем супрацоўнікаў міліцыі з Берасця, яе затрымалі і павезлі на допыт у абласны цэнтар. Дзеці якраз збіраліся ў школу, перапалохаліся.
Муж Юліі Ігар Лаптановіч адбывае 10-дзённы арышт.
Пасля допыту Юлія сказала, што яе падазраюць у частцы 1 артыкула 342 (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх) Крымінальнага кодэксу.
У Пружанах паводле гэтага артыкула праходзяць як падазраваныя яшчэ пяць чалавек.
Ганна Баран таксама сярод падазраваных паводле артыкула 342, яе затрымлівалі яшчэ 30 кастрычніка, трымалі ў ІЧУ 72 гадзіны.
«Мне сказалі, што мы падазраваныя ў так званай справе „пра карагоды“. Гэта 13 верасня, дзень, калі ў нас у Берасці ўпершыню ўжылі вадамёт. Цяпер наконт мяне праводзяць партрэтную экспертызу. Як кажа адвакат, такую экспертызу злачынцаў не праводзяць, выяўляецца, карагоднікі важнейшыя за злачынцаў», — кажа Ганна.
Паводле суразмоўцы, пружанцы адседзелі агулам ужо больш за 300 дзён. Заўтра пройдуць яшчэ два суды паводле адміністрацыйнага артыкула 23.34.