Затрыманні па ўсёй Беларусі 10 і 11 снежня працягваюцца
10 і 11 снежня "Вясна" працягвае фіксаваць новыя факты палітычнага пераследу ў Беларусі: затрыманні, вобшукі і іншыя формы ціску на грамадзянаў.
Мінск
Як стала вядома праваабаронцам "Вясны", раніцай 11 снежня ў двары дома па вуліцы Чыгуначная, 44 з раніцы дзяжураць сілавікі. Асобамі ў цывільным затрыманыя як мінімум тры мясцовыя актывісты. У кватэрах праводзяцца ператрусы. Вырагодна, такая актыўнасць сілавікоў звязана з выкананнем пагрозаў ГУУС пра сцягі ў вокнах. Як стала вядома "Белсату", сярод затрыманых у гэтым двары – гісторык Андрэй Мацук.
Таксама раніцай у Мінску супрацоўнікі міліцыі затрымалі Ігара Зайцава. Падрабязнасці высвятляюцца.
Як паведамілі валанцёры па назіранню судоў, сёння ў Партызанскім судзе чакаецца новы суд па арт. 23.34 КаАП над студэнтам БДУІР Янам Салановічам, якога ўжо судзілі за ўдзел у шасці акцыях пратэсту. Працэс будзе весці суддзя Макарэвіч. 30 лістапада беларуская праваабарончая супольнасць прызнала Яна Салановіча палітычным зняволеным і патрабавала ва ўладаў Беларусі спыніць усе адміністрацыйныя працэсы па арт. 23. 34 і арт 23.4 КоАП у дачыненні да Яна Салановіча і адмяніць раней вынесеныя пастановы суда.
Магілёў
Раніцай 11 снежня магілёўскія праваабаронцы "Вясны" паведамілі, што сілавікі ломяцца ў кватэру да магілёўскаму журналісту Алесю Сабалеўскага. Журналісту ўручылі позву ў Следчы камітэт на 10 раніцы. Вядома, што яго хочуць дапытаць па факце нейкага падпалу аўтамабіля.
Палітычны пераслед 10 снежня
Мінск
Увечары 10 снежня ў двары вуліцы Казіміраўскай, 33 на чаепіцці было затрымана некалькі чалавек. З Фрунзенскага РУУС іх даставілі ў ІЧУ на Акрэсціна. Над імі чакаюцца суды па арт. 23.34 КаАП (удзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве). Спіс затрыманых:
- Канстанцін Егіазараў,
- Геннадзь Савенкоў,
- Ілля Якубоўскі,
- Цімафей Раўбус,
- Ігар Чарніка,
- Дзмітрый Казлоўскі.
Гомель
На пад’ездах дамоў, дзе жывуць гомельскія валанцёркі і актывісткі, з'явіліся ўлёткі са знявагамі, піша "Радыё Свабода". Такія ўлёткі з агульнай назвай «Твар пратэсту» знайшлі валанцёрка Наста Сасыкбаева, актывісткі Дар’я Зямлянская, Наталля Глазкова, Аксана Ліхадзіеўская. Наталлю Глазкову цяпер затрымалі, а ў Аксаны Ліхадзіеўскай прайшоў ператрус з невядомай прычыны.
Актывісткі мяркуюць, што да размяшчэння ўлётак мае дачыненне міліцыя, бо ў іх ёсць інфармацыя пра парушэнне ПДР ці безбілетны праезд.
Маладзечна
У Маладзечне затрымалі праваабаронцу, калі ён раздаваў Дэкларацыю правоў чалавека. У Міжнародны дзень правоў чалавека 10 снежня быў затрыманы праваабаронца “Вясны” Алесь Капуцкі.
У гэты дзень ён выйшаў у цэнтр горада, каб раздаваць мінакам тэксты Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека.
Па інфармацыі “Рэгіянальнай газеты”, Алеся Капуцкага затрымалі каля 17 гадзін каля “Модуля”. Да праваабаронцы пад’ехаў міліцэйскі аўтамабіль, затрымлівалі двое супрацоўнікаў Маладзечанскага РАУС Філістовіч і Бурачонак.
У аддзяленні міліцыі Капуцкі правёў некалькі гадзін. Там міліцыянер Яўген Кеўра склаў пратакол вымання 35-ці асобнікаў Дэкларацый правоў чалавека, а таксама склаў пратакол апытання праваабаронцы.
Капуцкага паабяцалі яшчэ раз выклікаць у міліцыю для разбіральніцтва. Не выключана, што будзе складзены пратакол адміністрацыйнага правапарушэння.