Як зрабіць балота Дзікое зноў дзікім? (Фота, відэа)

На адным з самых статусных балотаў Беларусі 4 красавіка пачалося будаўніцтва плацін для аднаўлення гідралагічнага рэжыму.

Будаўніцтва плаціны. фота Івана Мураўёва

Будаўніцтва плаціны. фота Івана Мураўёва

Асаковае балота Дзікое, якое знаходзіцца каля Белавежскай пушчы, – адзін з першых заказнікаў Беларусі. Цяпер яго тэрыторыя далучаная да нацыянальнага парку. Дзікое мае прыродаахоўнае значэнне для захавання біяразнастайнасці не толькі ў Беларусі, але і на планеце: тут гняздуецца адна з трох найбуйнейшых у краіне папуляцый вяртлявай чаротаўкі. У Еўропе засталося ўсяго некалькі такіх балотаў: большасць была калісьці асушаная дзеля сельскай гаспадаркі.

balota_dzikoe_z_drona___fota_ivana_muraujova.jpg

Балота Дзікое з дрона. Фота Івана Мураўёва

Аднаўленне гідрарэжыму адбываецца ў межах «Прыродаахоўнага праекта для Белавежскай пушчы», які ажыццяўляецца АПБ і ДПУ «Нацыянальны парк “Белавежская пушча”» пры падтрымцы Франкфурцкага заалагічнага таварыства (Германія). Супрацоўніцтва паміж арганізацыямі пачалося яшчэ ў 2013 годзе, а ў лютым 2019 года мемарандум аб супрацоўніцтве быў працягнуты яшчэ на 5 гадоў.

perarazanne_stuzki_fota_julii_jakubovicz.jpg

Пераразанне стужкі. Фота Юліі Якубовіч

Пачатак будаўнічых работ ўрачыста адкрылі намеснік генеральнага дырэктара нацпарка Васіль Арнольбік, кіраўнік Еўрапейскага аддзела Франкфурцкага заалагічнага таварыства Міхаэль Брамбахер, намеснік старшыні Пружанскага райвыканкама Руслан Супрыновыч, дырэктар АПБ Аляксандр Вінчэўскі і намеснік старшыні Брэсцкага абласнога камітэта Мінпрыроды Сяргей Шылінчук.

Прэзідыум. Фота Івана Мураўёва

Прэзідыум. Фота Івана Мураўёва

Навошта аднаўляюць гідралагічны рэжым?

Натуральны рэжым Дзікога быў парушаны маштабнай меліярацыяй: палову балота – вярхоўе Ясельды – асушылі, і сёння яна выкарыстоўваецца для сельскай гаспадаркі. Аднак кавалак у 330 гектараў на краю меліяратыўнай сістэмы, асушаны без інжынернага праекта, цяпер ніяк не выкарыстоўваецца і зарос хмызняком.

melijaratyuny_kanal_fota_ivana_muraujova.jpg

Меліяратыўны канал. Фота Івана Мураўёва

У 2018 годзе пры садзеянні АПБ гэты ўчастак быў перададзены нацпарку.
Менавіта гэтую частку Дзікога Інстытут эксперыментальнай батанікі вызначыў як адну з самых важных для балота. Яе пачалі забалочваць, каб стварыць буферную зону паміж натуральным балотам і сельскагаспадарчымі землямі. Гэта дазволіць вярнуць сюды натуральную балотную расліннасць і рэдкія віды жывёл, некаторым з якіх, як вяртлявай чаротаўцы і вялікаму арляцу, пагражае глабальнае знікненне.

Сімвалічнае аднаўленне дамбы. Фота Андрэя Сергіені

Сімвалічнае аднаўленне дамбы. Фота Андрэя Сергіені

Аляксандр Вінчэўскі, дырэктар АПБ:
«Калі ў 1999 годзе мы даведаліся, што нацыянальны парк атрымаў дазвол на далучэнне да яго тэрыторыі гэтага заказніка, мы вельмі ўзрадаваліся. Але ў нацпарка не было сродкаў на гэта, і мы іх знайшлі: дзякуючы нідэрландскаму арнітолагу-аматару Она дэ Бруэйну, які фактычна са сваёй кішэні фінансаваў праз АПБ далучэнне тэрыторыі балота да нацпарка. З таго часу балота займела гаспадара, разам распрацавалі план кіравання ім. Зараз пачынаюцца працы па аптымізацыі гідрарэжыму краявой зоны балота, і мы вельмі ўдзячныя органам і прыродаахоўнай, і выканаўчай улады, нацыянальнаму парку, нашым сябрам з Германіі – ФЗТ, за тое, што можам здзейсніць даўнюю сваю мару».
У пушчы узровень грунтавых водаў увесь час падае, гэта сур’ёзна ўплывае на экасістэмы: высыхаюць яловыя лясы, ясеннікі, павышаюцца выкіды парніковых газаў.
На праектным участку пабудуюць 25 плацін з перападам у 30 сантыметраў. Аднаўленне балотнай расліннасці зойме дзясяткі гадоў.

Фота Івана Мураўёва

Фота Івана Мураўёва

«Мы чакаем, што гэтыя землі створаць эфектыўны буфер паміж сельскагаспадарчымі землямі і натуральным балотам, адновіцца гідралагічны рэжым, натуральная балотная расліннасць і іншыя экасістэмныя функцыі, якія выконвае балота», – адзначыў каардынатар «Прыродаахоўнага праекта для Белавежскай пушчы» Віктар Фянчук.

Васіль Арнольбік. Фота Андрэя Сергіені

Васіль Арнольбік. Фота Андрэя Сергіені

Васіль Арнольбік, намеснік генеральнага дырэктара нацпарка:
«Гістарычна Белавежская пушча характарызавалася высокай ступенню забалочанасці. Тут было 41.000 га балотаў, палову якіх мы страцілі – яны былі асушаныя прыблізна паўстагоддзя таму. Гэто прывяло да парушэння экалагічнага балансу, мы пачалі страчваць структуру натуральных прыродных комплексаў, страчваць віды. Усе прыродаахоўныя меры прапісаныя ў Плане кіравання Белавежскай пушчы, і аднаўленне гідрарэжыму там разглядаецца як найбольш прыярытэтны кірунак прыродаахоўнай дзейнасці. Таму мы паэтапна ажыццяўляем яго дзякуючы супрацоўніцтву з ФЗТ і АПБ, якое пачалося ў 2013 годзе. Мы пачалі з аптымізацыі гідралагічнага рэжыму малых вадацёкаў, потым правялі маштабныя работы па балотах Дзікі Нікар і Папялёва».

Відэа з дрона Івана Мураўёва
У планах на 2019 год у партнёраў таксама аднаўленне натуральнага меандравання ракі Саломенкі.

Фота Юліі Якубовіч

Фота Юліі Якубовіч

Паводле прэс-рэлізу