Як жывецца ў Еўропе беларусам?

Працэс эміграцыі з Беларусі набывае моц. І, вядома, тых, хто не з’ехаў, цікавяць пытанні, як там, у замежжы, нашым жывецца. Бо часта чуеш саркастычныя словы, маўляў, добра там, дзе нас няма.

15450827.jpg

Пра тое, як жывецца ў Еўропе беларусам, журналістка «Радыё Рацыя» распытала Ганну Корэс Фіноту:

— Спадарыня Ганна, скажыце, калі ласка, наколькі беларусам цяжка прыжывацца на Захадзе. Усё ж такі менталітэт беларусаў адрозніваецца ад еўрапейскага.

— Канешне, адрозніваецца. Напачатку было цяжка. Але я прыехала ў 17 гадоў, таму для мяне было трошку лягчэй. Я пачала вучыцца. Закончыла вышэйшую адукацыю. І знайшла вельмі многа добрых людзей. Але я лічу, калі людзі з’язджаюць з Беларусі за мяжу ў сталым узросце, з адукацыяй, з сям’ёй, то ім даволі цяжка знайсці сваё месца тут.

— Вы атрымалі вышэйшую адукацыю ў Еўропе?

— Так, я атрымала дзве вышэйшыя адукацыі — бакалаўра і магістра ў Еўропе. І таму магу працаваць без праблемы ва ўсёй Еўропе.

— Якую спецыяльнасць вы набылі ў еўрапейскіх ВНУ?

— Па першай вышэйшай адукацыі я праграміст. А па другой адукацыі — фінансіст.

— Як вы трапілі ў Мюнхен?

 — У Мюнхене я жыву другі год. Але перад гэтым я жыла ў Чэхіі 12 год. Вучылася, жыла, працавала і атрымала грамадзянства.

— Вы замужам за еўрапейцам?

— Мой муж гішпанец. Мы пазнаёміліся, калі навучаліся разам.

— На якой мове мы кантактуеце ў сям’і?

— Па-ангельску.

— Забываеце беларускую?

— Забываю. Таму што я размаўляю па-чэшску, размаўляю па-нямецку, па-ангельску. Шмат слоў забыла беларускіх. І таксама шмат камунікую з рускамоўнымі людзьмі. І беларускай мовай карыстаюся рэдка. Пачала ўжо забываць. На жаль, і беларусы, якіх я сустракала ў Еўропе, яны таксама размаўлялі па-руску. Рэдка з кім пагаворыш на беларускай мове.

— А беларусаў сустракалі шмат? 

— Не. За 13 з паловай гадоў толькі пару чалавек. Большая колькасць людзей, якіх я сустракала, былі расейскамоўныя, але не беларусы. Тут беларусаў мала – і ў Чэхіі, і ў Мюнхене.

— Што вы можаце сказаць пра тых беларусаў, якіх вы сустракалі? Ці пасябравалі, ці надалей сустракаецеся? Ці ёсць у вас агульныя інтарэсы?

— Толькі з адной дзяўчынай да гэтага часу сустракаюся, а з іншымі вучыліся разам, але калі вучоба закончылася, яны зніклі з майго далягляду.

— Можна сказаць, што беларусы не дружныя ў замежжы?

— Магу сказаць, што кожны сам за сябе. Такі дэвіз беларускі, на жаль.

— А як вы заўважалі за іншымі нацыянальнасцямі?

 — Напрыклад, украінцы, яны разам заўсёды, як я бачу. Расейцы таксама кожны сам за сябе. Але між сабой яны больш дружныя, чым беларусы. Сустракала добрых людзей беларускіх, але зараз у мяне іншае жыццё, я ўжо не жыву ў Чэхіі, яшчэ тут не набыла сябровак-беларусак. Пазнаёмілася ўжо, але не на сяброўскім узроўні.

— Як вы трапілі на вучобу?

— У тыя гады можна было яшчэ паехаць на моўныя курсы, і навучацца потым было лягчэй. І лягчэй з’ехаць было з Беларусі. І бацькі дапамагалі, калі я навучалася. І хацелі, каб я засталася жыць у Еўропе.

Звычайна бацькі хочуць, каб дзеці побач жылі. А вашыя захацелі, каб вы жылі далёка, у Еўропе.

— Таму што яны хацелі для мяне лепшай будучыні.

— А што ў Беларусі гэтай будучыні няма? Вы ж атрымалі еўрапейскую адукацыю. Маглі б вярнуцца дадаму.

— Я лічу, што добрааплочваемай работы тут я б не знайшла. Ну і таксама еўрапейскую адукацыю не цэняць у Беларусі.

— Пры якіх умовах вы маглі б вярнуцца ў Беларусь?

— Ужо не ведаю. Езджу дахаты толькі да бацькоў. Але ўжо маё жыццё і сям’я там.