Як беларусы падарылі Расіі Дзень адзінства

4 лістапада Расія адзначае афіцыйнае свята Дзень народнага адзінства.



63c20bd6_ab95_4221_99dd_659dc769cdd6_w640_r1_s.jpg

«4 Лістапада 1612 ваяры народнага апалчэння пад кіраўніцтвам Кузьмы Мініна і Дзмітрыя Пажарскага штурмам ўзялі Кітай-горад, вызваліўшы Маскву ад польскіх інтэрвентаў і прадэманстраваўшы ўзор гераізму і згуртаванасці ўсяго народу незалежна паходжання, веравызнання і становішча ў грамадстве», — напісана ў тлумачэнні да праекту Працоўнага кодэксу Расіі.

4 лістапада Расея святкуе Дзень народнага адзінства Расіі.


Гісторык Алег Трусаў, аўтар кнігі «Невядомая нам краіна. Беларусь у яе этнаграфічных межах», перакананы: дата 4 лістапада нагадвае беларусам пра тое, што яны моцная нацыя.

«У Маскву наш гарнізон прыйшоў на просьбу маскоўскіх баяраў. Мы сілаю Маскву не бралі, яны нас запрасілі, прысягнулі нашаму будучаму каралю, цалавалі крыж. І вось прыйшоў у Маскву гарнізон Рэчы Паспалітай. Але вядома, што гарнізон складаўся як з палякаў, так і з беларусаў. Адным з кіраўнікоў гарнізону нават быў палкоўнік з Мазыра. Так атрымалася, што маскоўскім царом прызналі Уладзіслава, сына нашага вялікага князя. Гэта моцна не спадабалася Мініну і Пажарскаму, яны паднялі народнае паўстанне і захапілі Маскву. І тады выбралі новага цара — Міхаіла Раманава. Але Уладзіслаў лічыўся рускім царом аж да 1634 года. А каб ён адмовіўся ад царства, яму заплацілі вялікія грошы. Таму хлусяць расейцы, калі кажуць, што мы ўзялі Крэмль сілай», — адзначае Алег Трусаў у інтэрв’ю Радыё Свабода.

«Гэта цікавая для нас дата, якая паказвае, што нам трэба ганарыцца сваёй гісторыяй, калі мы ў Крамлі былі значна раней, чым Напалеон. Але Напалеон штурмам яе браў, а нас мірна запрасілі», — дадае гісторык.

«Гістарычна так склалася, што мы з Расіяй ваявалі 500 гадоў. Першыя войны пачаліся ў канцы 14 стагоддзя, а апошнія войны былі падаўленнямі паўстання Тадэвуша Касцюшкі палкаводцам Суворавым. І толькі пасля таго, як Расія аб’ядналася з Прусіяй і Аўстра-Венгрыяй, яна змагла нас падзяліць. Настолькі мы моцныя духам і сілай».

www.svaboda.org