Як святкуюць Каляды і Новы год вядомыя ў краіне асобы
Дзе, як і з кім сустрэць Новы год і правесці калядныя святочныя дні? Гэтыя пытанні, якія паўстаюць перад усімі, кожны вырашае па-свойму. Як сустракаюць Новы год і Каляды вядомыя ў краіне асобы.
Як і дзе сустрэць Новы год і правесці Каляды, многія вядомыя асобы вырашаюць у апошні момант. Да прыкладу, музыка Лявон Вольскі яшчэ не ведае, дзе і як ён сустрэне свята, але дакладна ведае, з кім:
«Я буду сустракаць Новы год з жонкай Ганнай, толькі зараз вырашаем, куды нам паехаць: ці ў вёску, ці ў Вільню. Калі ў вёску,
то там зацеплім камін, у грубцы запалім, паглядзім DVD. Калі ў Вільні, то будзе спантанна — 31-га ёсць яшчэ цягнік такі ўвечары — так
што вырашыцца на месцы ў апошні момант усё. Сёлета гэтак атрымалася, але і так, і так добра».
Павал Севярынец
Сустаршыня партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» Павал Севярынец кажа, што сёлетнія святы для яго незвычайныя, бо адзначае іх ён адразу ў дзвюх сем’ях: сваіх бацькоў і бацькоў нявесты:
«Так, сёлета святы для мяне асаблівыя. Цяпер я ў сваіх бацькоў, затым паеду да бацькоў сваёй нявесты, з ёй буду заставацца. А пасля
вяртаюся ў Менск, каб тут адсвяткаваць Нараджэнне Хрыстова. Буду ў царкве разам са сваёй нявестай».
Аляксандр Мілінкевіч
Палітык Аляксандр Мілінкевіч таксама адзначае святы ў розных гарадах Беларусі — сярод сваіх і жончыных родных:
«Святкую ў Берасці — мая жонка адсюль. Прыехалі разам у Берасце — у нас тут кватэрка сціплая і сімпатычная. Збяром
сяброў, бацькі Іны тут жывуць таксама — ну вось такое сямейнае свята. А на каталіцкія Каляды мы сустракаліся з маёй унучкай, якая
ў Горадні, з дзецьмі, якія ў Польшчы — мы ў Друскеніках былі. У нас традыцыя такая, што на першыя Каляды мы абавязкова
сустракаемся, але яны не могуць пакуль прыехаць у Беларусь. Таму сустракалі вось гэтак — усёй сям’ёй, і адсвяткавалі выдатна».
Ёсіф Сярэдзіч
Рэдактар незалежнай газеты «Народная воля» Ёсіф Сярэдзіч кажа, што праца для яго — самае галоўнае нават у святочныя дні:
«Ёсць такі цудоўны выраз у рускай мове: “Трудовые будни — праздники у нас”. Таму ў нас няма ні навагодніх, ні святочных вечароў — звычайная праца. Новы год сустракаю дома, толькі ў сям’і — вузкім колам. А менавіта цяпер — праца на поўную катушку. Ну, не хапіла мне 365 дзён, якія былі ў гэтым годзе, не хапіла — мне б яшчэ хаця б месяц!»
Уладзімер Някляеў
Як і дзе сустракаць Новы год, лідэр кампаніі «Гавары праўду», паэт Уладзімер Някляеў таксама вызначаецца ў апошнюю хвіліну:
«Паколькі гэты Новы год вольны — у тым сэнсе вольны, што я ні пад хатнім арыштам, ні пад наглядам, — то, вядома, хочацца некуды з’ездзіць. І гэтае “некуды” — Крэва, маё роднае Крэва. Але, паводле прагнозу сіноптыкаў і паводле меркавання крэўскіх людзей, там не будзе снегу. А калі на пагорках Крэва няма снегу, то і Новы год там нібыта і не Новы год. Так што ўсё будзе залежаць ад таго ці выпадзе снег. Калі ж не выпадзе, то прыдумаем нешта іншае, больш звычайнае: з сям’ёй, з сябрамі, пад ёлкай, з Дзедам Марозам і найлепшымі пажаданнямі блізкім, родным і ўсім добрым людзям».
Уладзімер Арлоў
Пісьменнік Уладзімер Арлоў пра свой Новы год сказаў гэтак:
«Планую як мага даўжэй, 31-га ўвечары, пасядзець за пісьмовым сталом. І вярнуцца туды раніцой 1 студзеня, бо мае думкі займае кніга, якую я буду пісаць у новым годзе. А на Новы год я заўсёды ўзгадваю пажаданні маёй незабыўнай бабулі Аўгінні, добрай вядзьмаркі, якая ў такія дні казала: дай Божа, каб былі здаровыя, як ільды калядовыя. А збаў Божа ад пустога коласу, ад рэдкага воласу, ад харчу нязвычнага і голасу зычнага, ад нядобрых вачэй і паганых рачэй».