Якая розніца, на якой мове размаўляе лагапед?

Лагапед можа сказаць: "Как ваш ребёнок будет учиться с нормальными детьми?" Гэта не смешна, праблема існуе ўжо больш за 20 гадоў і ніяк не вырашаецца.

Ілюстрацыйнае фота

Ілюстрацыйнае фота

Чаму бальшыня адмыслоўцаў-лагапедаў і Мінскі гарадскі цэнтр карэкцыйна-развівальнага навучання і рэабілітацыі не заўважаюць існавання і праблемаў беларускамоўных дзяцей? Чаму беларускамоўнага лагапеда бацькі мусяць шукаць праз знаёмых, сацыяльныя сеткі, бо нават у адмысловых установах знайсці спецыяліста, які вядзе прыём і праводзіць заняткі па-беларуску, надзвычай цяжка?

 «Я не зусім разумею, якая розніца, на якой мове размаўляе лагапед?»

 На пытанне “Радыё Свабода”, ці ёсць у Мінскім гарадскім цэнтры карэкцыйна-развівальнага навучання і рэабілітацыі лагапеды, якія вядуць заняткі з дзецьмі на беларускай мове, намесніца дырэктара адказала так:

«Спецыялісты, якія валодаюць беларускай мовай, — гэта настаўнікі беларускай мовы. Калі ў вас ёсць лагапедычныя праблемы, настаўнік беларускай мовы вам наўрад ці дапаможа. А калі вам патрэбны настаўнік-лагапед, ён паглядзіць, якія гукі трэба карэктаваць. І калі вы не хочаце „ч“ цвёрдае карэктаваць, яно застанецца „ч“ цвёрдым.

Карэкцыя маўлення мае на ўвазе ў тым ліку і карэкцыю вымаўлення гукаў. Акрамя фрыкатыўных, у прынцыпе, усе гукі ў рускай і беларускай мовах суадносяцца. Таму я не зусім разумею, якая розніца, на якой мове размаўляе лагапед.

Адмысловых груп і праграм на беларускай мове для навучання дзяцей з цяжкімі парушэннямі маўлення няма. У нас усе праграмы на рускай мове. Таму, натуральна, усе заняткі праводзяцца ў адпаведнасці з афіцыйнай праграмай, зацверджанай Міністэрствам адукацыі. Нічога іншага настаўнік-лагапед рабіць не мае права».

 «Беларускамоўным дзеткам ставілі дыягназ «затрымка псыхічнага развіцця»

 Нядаўна «Наша Ніва» пісала пра выпадак дыскрымінацыі паводле моўнай прыкметы: у Мінскім гарадскім цэнтры карэкцыйна-развівальнага навучання і рэабілітацыі падчас псіхолага-медыка-педагагічнага абследавання беларускамоўнаму дзіцяці не далі размаўляць па-беларуску.

Намесніца старшыні Таварыства беларускай школы Тамара Мацкевіч пацвердзіла, што такая праблема існуе:

Тамара Мацкевіч

Тамара Мацкевіч

«Кожны год мы збіраем усё новыя і новыя выпадкі, калі лагапеды ставілі дзецям дыягназ „затрымка псіхічнага развіцця“, калі дзеці гаварылі па-беларуску. І дзецям перакрывалася дарога ў гімназіі, у лепшым выпадку іх уладкоўвалі ў якія-небудзь школы „другога гатунку“ ў аддаленых мікрараёнах.

Калі дзеці паступаюць у першы клас, яны праходзяць адмысловую псіхолага-медыка-педагагічную камісію, дзе абавязкова прысутнічае лагапед. Я распавяду пра канкрэтны выпадак. Лагапед кажа: „Я буду паказваць карцінкі, а вы павінны адказаць, які сок з гэтай садавіны ці гародніны робяць“. Пытаюцца, зразумела, па-руску. Паказвае спецыяліст карцінку, дзіця кажа: „журавінавы“. Лагапед адзначае: „Не знает“. Наступная карцінка. „Парэчкавы“, — кажа дзіця. „Не знает“. Наступнае пытанне: „Когда у тебя день рождения?“ Дзеці па-руску ж разумеюць. Дзіця адказвае: „6 верасня“. „Не знает“, — пазначае лагапед. І ставіць, так бы мовіць, дыягназ: „Затрымка псіхічнага развіцця“. Гэта я кажу толькі пра лексічны запас. А яшчэ ж і гукі спрабуюць выпраўляць!

Па-першае, гэта абраза. Па-другое, дзеці з гэтым кляймом не могуць быць прынятыя ў гімназіі і добрыя школы. Лагапед можа сказаць: „Как ваш ребёнок будет учиться с нормальными детьми?“ Гэта не смешна, праблема існуе ўжо больш за 20 гадоў і ніяк не вырашаецца. Калі мы ставілі пытанне перад лагапедамі, яны здзіўляюцца. Ну, а бацькі паступаюць, як усе беларусы: разумеючы, што няма механізму ўплыву як на ўладу, так і на адукацыйныя ўстановы, шукаюць праз „сарафаннае радыё“ спецыяліста, які валодае беларускай мовай».

Гэта вялікая праблема, якую дзяржава не заўважае і не хоча выпраўляць. Лагапеды, дэфектолагі, адукацыйныя ўстановы проста адмаўляюць існаванне беларускамоўных дзяцей, лічыць намесніца старшыні Таварыства беларускай школы Тамара Мацкевіч.

 «Па вымаўленні фрыкатыўнага „г“ заўсёды адрозніш беларуса ад расейца»

3dee069c_14ae_4588_bc80_d1963197ef4f_cx0_cy7_cw99_w650_r0_s.jpg

 ​У Беларусі спецыялістаў-лагапедаў рыхтуюць у Інстытуце інклюзіўнай адукацыі Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэту імя Максіма Танка. Спецыяльнасць даволі папулярная, на бюджэтнае навучанне заўсёды немалы конкурс. Штогод набіраюць на стацыянар 80–100 студэнтаў.

Загадчыца кафедры лагапедыі Інстытуту інклюзіўнай адукацыі БДПУ, кандыдат педагагічных навук, дацэнт Іна Логінава кажа, што ў беларускім маўленні ёсць свае асаблівасці, адметнасці, і яны выкладаюцца студэнтам:

«У нас ёсць такі прадмет — „Практыкум па вымаўленні і пастаноўцы голасу“. Студэнты, якія вучацца на лагапедыі, выконваюць заданні па адрозненнях гучання, па патрабаваннях беларускага маўлення, па артыкуляцыі. Студэнты вучацца разумець адрозненні, ведаюць, чым адрозніваюцца гукі беларускай і рускай моваў.

У нас на кафедры лагапедыі некаторыя студэнты пісалі працы на гэтую тэму, праводзілі параўнальны аналіз моўных сродкаў беларускай і рускай моваў, даследавалі фанетычныя адрозненні, бо ў беларускай мове ёсць вымаўленчыя адметнасці. У беларусаў фрыкатыўнае „г“, раскацістае, па вымаўленні гэтага гуку заўсёды адрозніш беларуса ад расейца (бо ў іх „г“ выбуховае, кароткае). Так што ёсць лагапеды, якія працуюць на беларускай мове».

Загадчыца кафедры лагапедыі Іна Логінава падкрэслівае, што ў беларускіх дзетак маўленне развіваецца ва ўмовах білінгвізму. У некаторых сем’ях дзеці размаўляюць па-беларуску, але па-за межамі сям’і чуюць рускую гаворку, і тут могуць узнікнуць праблемы:

«Нават у беларускамоўных гімназіях часцяком дзеці размаўляюць па-беларуску толькі ў самой навучальнай установе. Як толькі яны выходзяць за парог, пераходзяць на расейскую мову. Такім чынам дзіця яшчэ больш, так бы мовіць, „узмацняе“ білінгвізм, у яго мешаніна ў галаве.

Калі бацькам тлумачыць, то ёсць сэнс шукаць беларускамоўнага лагапеда, калі дзіця ўспрымае беларускую мову як сваю родную, на ёй размаўляе, думае, гэта яго натуральная родная мова.

І яшчэ на адну рэч хачу звярнуць увагу: калі ў дзіцяці ёсць лагапедычныя праблемы, асабліва „цяжкія і шматлікія парушэнні маўлення“, не трэба ўводзіць другую моўную сістэму. Дзецям з цяжкімі рухавымі, сенсорнымі, маўленчымі разладамі вельмі складана авалодаць нават адной моўнай сістэмай. У дзяцей з маўленчымі праблемамі (напрыклад, у алалікаў) другая мова ўводзіцца з пятага класу. Пакуль яны не засвояць адну маўленчую сістэму, другую мы ім не раім пачынаць засвойваць. Так што бацькам трэба абавязкова кансультавацца ў адмыслоўцаў, калі ў дзіцяці ёсць лагапедычныя праблемы». 

Няўжо Мінадукацыі не ў стане падрыхтаваць беларускамоўныя мэтодыкі?

 

Ілюстрацыйнае фота

Ілюстрацыйнае фота

​Такім чынам, загадчыца кафедры лагапедыі Іна Логінава кажа, што адмыслоўцаў, якія валодаюць неабходнымі ведамі і ўменнем для працы з беларускамоўнымі дзеткамі, рыхтуюць у дастатковай колькасці, яны ёсць. Але, паводле намесніцы дырэктара Мінскага гарадскога цэнтру карэкцыйна-развівальнага навучання і рэабілітацыі, усе праграмы навучання, зацверджаныя Міністэрствам адукацыі, існуюць толькі на рускай мове, таму і лагапеды Цэнтру працуюць з дзеткамі на гэтай мове.

Беларускамоўная настаўніца-лагапед Вольга Ліпская летась у інтэрвію газэце «Звязда» казала:

«Ёсць праблемы з метадычнымі матэрыяламі на беларускай мове, база ў нас вельмі слабая. Калі працуеш беларускамоўным лагапедам, мусіш доўга рыхтавацца да заняткаў, шмат чаго перакладаць і прыдумляць усё самастойна. Але яно варта таго, бо працаваць з нашымі дзеткамі чыстае задавальненне і гонар для мяне».

 www.svaboda.org