Яшчэ адзін крок да русіфікацыі — унесеныя праўкі ў «Закон аб мовах»: Што змянілася?

Змены закрануць афармленне дакументаў, судаводства і мову адукацыі. Так, знята патрабаванне для кіраўнікоў сістэмы адукацыі валодаць беларускай мовай. А асноўная мова навучання і выхавання ва ўстановах адукацыі — толькі беларуская або руская — вызначаецца заснавальнікам установы адукацыі. У нацыянальных меншасцей права вучыцца на сваёй мове таксама не засталося.

cihi_supraciu_dzmitryj_dzmitryeu_novy_czas5_logo_1_logo.jpg

Закон апублікавалі на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале, піша «Свабода».

Згодна з унесенымі зменамі, звычайны і біяметрычны пашпарты, ID, біяметрычны дыпламатычны і службовы пашпарты выдаюцца на беларускай, рускай і англійскай мовах (арт. 10). У ранейшай версіі закона замест апошняй былі пазначаны «іншыя мовы». Судаводства і адміністрацыйныя працэсы (арт. 14, 15) можна весці на беларускай і (або) рускай мовах. Раней было размежаванне: на беларускай або рускай.

Права на атрыманне адукацыі (арт. 21) на беларускай і (або) рускай мовах зафіксавалі для сістэм навукова-арыентаванай адукацыі і дадатковай адукацыі адораных дзяцей і моладзі.

Змянілася назва артыкула: «Права на выхаванне і атрыманне адукацыі на нацыянальнай мове» на «Права на атрыманне адукацыі на дзяржаўных мовах Рэспублікі Беларусь».

Адгэтуль вучыцца на мовах нацыянальных меншасцей няможна, дазваляецца толькі вывучэнне іх мовы і літаратуры ў асобных групах і класах паводле рашэння мясцовых органаў улады, узгодненага з Міністэрствам адукацыі.

Знята патрабаванне для кіраўнікоў сістэмы адукацыі валодаць беларускай мовай. Цяпер гэты наказ дзейнічае толькі для педагагічных работнікаў (арт. 22).

У гэтым жа артыкуле зняты абзац, які рэгламентуе механізм выбару мовы навучання ў пэўнай установе адукацыі:

«Асноўная мова навучання і выхавання (беларуская або руская) вызначаецца заснавальнікам установы адукацыі (арганізацыі, якой у адпаведнасці з заканадаўствам дадзена права ажыццяўляць адукацыйную дзейнасць), індывідуальным прадпрымальнікам, якому ў адпаведнасці з заканадаўствам дадзена права ажыццяўляць адукацыйную дзейнасць, з улікам пажаданняў навучэнцаў (законных прадстаўнікоў непаўналетніх навучэнцаў)».

Змены ўступаюць у сілу пасля афіцыйнага апублікавання.

 

Ліквідацыя польскіх і літоўскіх школ у Беларусі

У верасні 2022 года ўлады Беларусі нібыта з прычыны невыканання правіл пажарнай бяспекі закрылі Пяляскую школу, якая працавала з 1992 года. Дзяцей перавялі ў іншыя ўстановы адукацыі.

Гэта была першая нацыянальная літоўская школа ў Беларусі, яе заснавальнікамі выступілі Фонд культуры і Міністэрства асветы і навукі Літвы. Адукацыю вялі паводле вучэбных планаў і праграм Міністэрства адукацыі Беларусі.

Літва заклікала Беларусь не парушаць узятых у рамках Арганізацыі бяспекі і супрацоўніцтва ў Еўропе (АБСЭ) абавязацельстваў, звязаных з гарантыяй навучання на мовах нацыянальных меншасцей. Але беларускія ўлады не прыслухаліся да закліку.

У Беларусі было дзве літоўскія школы. У Пелясе Воранаўскага раёна было 127 вучняў і працавалі 23 настаўнікі, у Рымдзюнах Астравецкага раёна — 82 школьнікі і 18 настаўнікаў.

Раней стала вядома, што польскамоўныя школы ў Гродне і Ваўкавыску пераводзяць на рускую мову. Чыноўнікі спасылаліся на абноўлены Кодэкс аб адукацыі.

Згодна з 90 артыкулам Кодэкса, асноўнымі мовамі навучання і выхавання ў Беларусі з’яўляюцца дзяржаўныя мовы — беларуская і руская.

Польскае выданне «Rzeczpospolita» паведаміла, што ў школе № 36 у Гродне, дзе каля 620 дзяцей вучылася па-польску, правялі бацькоўскія сходы. На іх кіраўніцтва паведаміла, што выкладанне на польскай мове будзе немагчымае.

Кіраўніцтва школы спаслалася на абноўлены закон аб навучанні, паводле якога выкладаць могуць толькі на адной з дзяржаўных моў у Беларусі.

Вывучаць польскую мову і літаратуру цяпер дзеці змогуць толькі як асобны прадмет раз на тыдзень.

Эканамічны суд Брэсцкай вобласці вынес рашэнне ў справе аб ліквідацыі ТАА «Польская школа». 19 красавіка 2021 года эканамічны суд Брэсцскай вобласці разгледзеў справу па заяве пракурора горада Брэста. Фармальна той выступіў «з мэтай абароны дзяржаўных і грамадскіх інтарэсаў адміністрацыі Ленінскага раёна горада Брэста».