Ёсць каманда па ўсёй сістэме браць і асуджаць
Вечарам 19 снежня, калі брутальна разганялі акцыю пратэсту ў Мінску, схапілі нямала людзей, якія не мелі да яе ніякага дачынення. Некаторых з іх моцна збілі, як, напрыклад, студэнтку Маю Абромчык, якой амапавец раздрабіў нагу. Большасць была асуджаная па шаблонных сведчаннях і пратаколах да адміністрацыйнага арышту. Герой інтэрв’ю Аляксандр, які вечарам 19 снежня ў раёне плошчы Незалежнасці ў Мінску бавіў час са сваёй сяброўкай, змог пазбегнуць арышту і выгандлеваць сабе штраф толькі таму, што мае юрыдычную адукацыю і практыку.
Вечарам 19 снежня, калі брутальна разганялі акцыю пратэсту ў Мінску, схапілі нямала людзей, якія не мелі да яе ніякага дачынення. Некаторых з іх моцна збілі, як, напрыклад, студэнтку Маю
Абромчык, якой амапавец раздрабіў нагу. Большасць была асуджаная па шаблонных сведчаннях і пратаколах да адміністрацыйнага арышту. Герой інтэрв’ю Аляксандр, які вечарам 19 снежня ў раёне
плошчы Незалежнасці ў Мінску бавіў час са сваёй сяброўкай, змог пазбегнуць арышту і выгандлеваць сабе штраф толькі таму, што мае юрыдычную адукацыю і практыку.
Яго прозвішча пакінем неназваным, бо пасля таго, як адвакатцы Валянціне Бусько анулявалі ліцэнзію за «суткі» арышту, а адваката Андрэя Саннікава Паўла Сапелку прыцягнулі да
дысцыплінарнай адказнасці за тое, што «дапусціў некарэктныя выказванні на адрас адвакатуры як незалежнага прававога інстытута», прафесійная дзейнасць Аляксандра таксама можа
аказацца пад пагрозай.
Аляксандра затрымалі ў раёне плошчы Незалежнасці, калі ён вяртаўся са знаёмай дзяўчынай з кавярні. Нядзельны шпацыр і адпачынак завяршыўся ў спецпрыёмніку-размеркавальніку на Акрэсціна.
— Пасля таго, што я ўбачыў, застаецца толькі адно пачуцце — абурэнне. Я бываў у звычайным апорным пункце, але там зусім іншае: міліцыянты-хамы, могуць даць па азадку ці дубінкай па
нырках — гэта ўсё зразумела. Але тут была некіруемая злосць, самыя смелыя ці дасведчаныя — я бачыў па тварах — нават яны не асмельваліся нешта казаць. Таму што разумелі
— «разарвуць». Калі мы ехалі са спецназаўцам, маладым, недзе 22 гады, але ён ужо натрэніраваны, нацяганы, такі малады бульдог, ён спрабаваў падтрымліваць размову, але калі
ў яго заканчваліся аргументы, то гаварыў: «Га, жывёла, ты што, афігела!?»
...Калідор недзе пяцьдзесят метраў, камера-камера-камера, потым калідорная рашотка, зноў калідор... На працягу ўсяго калідора стаялі людзі «зубамі да сцяны», а месцамі ў два шэрагі.
Нават міліцыянты часам праціскаліся бокам, бо не маглі прайсці. Першы час з-за таго, што была вялікая колькасць людзей, міліцыянты не спраўляліся з працай. Там быў дурдом.
Я стаяў прыблізна з гадзіны ночы, мяне афармлялі адным з апошніх на паверсе, да трэцяй гадзіны наступнага дня, панядзелка. Калі прыйшоў дадому, то цела, ногі над шкарпэткамі проста
«павіслі». Увесь гэты час у напрузе, не хочаш, але лезлі розныя думкі. Разважаеш сам з сабою, аналізуеш. Здзіўляешся ад убачанага. Хаця я не зусім адарваны ад жыцця чалавек
— ёсць практыка, ёсць з чым параўноўваць. І вось глядзіш яму ў вочы, і разумееш, што глядзіш злу ў твар. Пракацілася такая думка, калі стаялі, перашэптваліся, што, калі была дадзеная каманда
валіць без разбору, усіх браць, Яго Зло праз гэтых людзей павялічылася ў тысячу разоў. Было бачна, як яны адчувалі за сабой абарону, ім была дадзеная каманда «фас!». Яны адчувалі
поўнае бязмежжа, беспакаранасць.
Адносіны амапаўцаў і міліцыянтаў да затрыманых, умовы перавозкі можна параўнаць з тым, як абыходзяцца з палоннымі, быдлам, скацінай. Такія ж адносіны, можа нават горш, калі з Акрэсціна везлі ў суд
Заводскага раёна Мінска. Нават не выконваліся нормы па перавозцы скаціны. Нас, трынаццаць чалавек, вызначылі ў суд Заводскага раёну, нас трэба было запіхнуць у машыну-абцасік. Калідорчык і дзве
камеры па баках. Насупраць мяне сядзіць чалавек, шчыльна датыкаючыся каленямі, жалезныя дзверы, у якіх пяць дзірак, толькі каб дыхаць, маленькая лямпачка на 12 вольт. Сядзім удвух, потым яны
разумеюць, што, пасадзіўшы дваіх злева, дваіх справа і запоўніўшы калідор, не змяшчаюцца два чалавекі. Адкрываюць камеры і на нас папросту закідваюць яшчэ па аднаму. І мы вось так едзем.
У прынцыпе, немагчыма нават некаму заявіць сваю незадаволенасць. Напрыклад, я б заявіў, што скарджуся на нешта, а мне б адказалі: «Не, вы не маеце права». Размова не пра гэта...
Проста гавораць: «Стой, маўчы, я не ведаю, гэта не мае пытанні». То бок няма нават магчымасці рэалізаваць сваё права на скаргу. Да апошняга моманту я спрабаваў выклікаць сваіх
сведак у суд. Усё вырашалася ў апошні момант, у якія суды адправяць, было многа людзей. Калі складалі пратакол, я спытаў, у які суд вязуць, на што мне адказалі: «Я гэтай інфармацыяй не
валодаю».
Яшчэ ў ізалятары заявіў, што з моманту затрымання патрабую сабе адваката па прадастаўленню, на што мне было сказана, што заявіць вы можаце, але адвакат будзе толькі ў судзе. Але нават у судзе, калі
мяне прывезлі, адвакат не прысутнічаў ад пачатку. Прывялі адваката, ён азнаёміўся з маёй справай, я патлумачыў, хто я і што, што калега, юрыст-ліцэнзіят. Са мной такое здарылася, што я нават блізка
не датычны да гэтых падзей, а проста мяне як ураганам засмактала туды. Пасля гэтага адвататка пайшла да суддзі патлумачыць сітуацыю, выйшлі адвакатка і суддзя.
Суддзя пайшла да старшыні суда размаўляць. Вярнулася, папрасіла зайсці адваката, які потым сказаў: «Суддзя размаўляла са старшынёй суда, было сказана, што невінаватых папросту быць не можа.
Я разумею, як вам цяжка, але ёсць каманда па ўсёй сістэме асуджаць, браць і асуджаць... Вы зразумейце, што мы можам доўга бадацца, але відэазапісу з метро можа ўжо не быць, застаюцца прывідныя сведкі
з бару — бармэн і адміністратар, якія могуць ці не ўспомніць вас з-за наплыву людзей, ці змяніць паказанні пад ціскам. Суддзя гатовая замяніць вам адміністрацыйны арышт на штраф ».
У мяне ўсё бунтавала ўнутры, калі б я быў хоць ускосна вінаваты, то быў бы рады сплаціць штраф, каб не адбываць адміністрацыйны арышт. Але вінаваты толькі ў тым, што не ў той час аказаўся не ў тым
месцы. Як чалавеку і юрысту гэта ўсё брыдка. Разумееце, кажу, я зараз разрываюся, бо ў мяне цяжка хворая маці, і яна дагэтуль не ведае, дзе я і што са мной. Напэўна, я тады пагаджуся прызнаць сябе
вінаватым, але паўтара мільёна рублёў для мяне істотная сума. Тады адвакатка пайшла да суддзі, вярнулася і сказала: «Апошняя вам прапанова — мільён». Быў проста гандаль.
Адвакатка кажа: думайце, пакуль будуць зачытваць прэамбулу справы. Якія рашэнні можна прымаць у такіх умовах?
Я заявіў: «Высокі суд, я, напэўна, вымушаны пагадзіцца». На што яна гаворыць, вы не стаўце пытанне, што вымушаныя, вызначцеся: прызнаеце ці не па добрай волі. На што я сказаў:
«Тады прызнаю з улікам усіх падзей, што адбываюцца ў краіне, і з улікам абставінаў справы». Ужо была падрыхтаваная распіска аб прызнанні, трэба было толькі падставіць прозвішча,
імя, дату — як і ў іншых людзей, пратаколы, паказанні сведак былі адзін да аднаго аднолькавыя.
Разумею, што ў суддзі ёсць сям’я, блізкія людзі, за якіх яна перажывае, хвалюецца. Але яна — жывы чалавек і свядома абрала працу ў сістэме, стаўшы гэтай самай сістэмай. Радуе, што
нешта чалавечае ў гэтым чалавеку засталося, бо ў выніку сума штрафу была яшчэ паменшаная. Але ўсё адно, я пабачыў літаральна адбітак яе прафесіі, на сабе адчуў наступствы маральнага выбару іншага
чалавека.
Пасля ўсіх падзей засталася крыўда, але не на міліцыю, суддзю, а на народ, наш народ, які ўсё гэта трывае, маўчыць і баіцца сказаць слова супраць, у той час як парушаюцца нашы агульначалавечыя
правы.