Юбілейнае ды-джэйства Паўла Севярынца

Стартавалі юбілейныя дзясятыя курсы “Ды-джэі Адраджэння”, заснавальнікам і душой якіх з’яўляецца вядомы палітык і пісьменнік Павел Севярынец. Удзельнікам курсаў 12 тыдняў гарантавана няпростае, але вясёлае жыццё.



Курсы “Ды-джэі Адраджэння” Павел прыдумаў і заснаваў яшчэ ў мінулым тысячагоддзі, а дакладней, у 1999 годзе. Ён у той час яшчэ быў лідарам (і таксама заснавальнікам) “Маладога фронту” — апазіцыйнай моладзевай арганізацыі, якая цяпер зарэгістраваная ў Чэхіі.

На першую “сесію” прыйшлі дзясяткі чалавек, якія вырашылі стаць гэтымі самымі ды-джэямі Адраджэння. Хто гэта такі — ды-дждэй Адраджэння? Па словах Паўла Севярынца, гэта той, хто хоча нешта карыснае зрабіць для сваёй роднай краіны.

“Мэтай гэтых курсаў ёсць падрыхтоўка людзей, якія ў стане ладзіць шоў, акцыі, мерапрыемствы, беларускія па форме і хрысціянскія па змесце. Душа гарыць, але нечага не ўмеем, а калі і ўмеем, то не ўсё, таму і прыходзяць да нас, каб атрымаць пэўную падрыхтоўку, вопыт, што дапаможа ім працаваць потым больш эфектыўна”, — кажа Павел.    

Напачатку мэтр абмаляваў новым удзельнікам курсаў тое, што іх чакае найбліжэйшымі дванаццаццю аўторкамі (менавіта столькі будуць цягнуцца гэтыя юбілейныя курсы).

“Наша формула — беларуская форма і хрысціянскі змест. Чаму менавіта так, чаму не проста беларусізацыя? Калі беларусы пачнуць размаўляць па-беларуску, чытаць беларускія кнігі і слухаць беларускую музыку, але пры гэтым не перастануць лаяцца матам, піць, рабіць аборты, забіваць адзін аднаго, то няшмат што зменіцца. Таму поруч, побач і поплеч з нацыянальным беларускім адраджэннем павінна ісці адраджэнне духоўнае, — звярнуўся да “студэнтаў” Севярынец. — Вельмі можа быць, што гэтыя курсы зменяць ваша жыццё, як яны змянілі жыццё каля ста ды-джэяў Адраджэння. Дванаццаць пераможцаў кожных курсаў уваходзяць у элітнае брацтва маладога беларускага адраджэння, і можа быць, не толькі ваш лёс, але лёс і жыццё ўсёй Беларусі будзе зменены тымі, хто зараз навучаецца на гэтых курсах”.      

Севярынец нагадаў, што сярод пераможцаў курсаў — знакамітыя грамадскія і палітычныя лідары, як то Наста Палажанка-Дашкевіч (дарэчы, на імпрэзе яна была разам з дачкой Марай і мужам Зміцерам), адказны сакратар аргкамітэту па стварэнні партыі “Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя” (БХД) Дзяніс Садоўскі, прэс-сакратар Беларускай асацыяцыі журналістаў (БАЖ) Барыс Гарэцкі, кіраўнік грамадскай арганізацыі “Альтэрнатыва” Алег Корбан, грамадскія актывісты Андрэй Кім, Вольга Данішэвіч, Сяржук Васільеў ды іншыя. Севярынец запрасіў да выступу некаторых з гэтых асобаў.

Выступ Зміцера Дашкевіча быў чыста гумарыстычным. “І ў зоне я сядзеў, і на курсах я сядзеў. Па выніках “адцяпаў” сабе жонку (Насту Палажанку — заўв. Г. К.) — фіналістку курсаў. Сынкі, вучыцеся добра ў Паўла Севярынца! Зычу ўсім стаць фіналістамі, а для тых, хто стане, ёсць яшчэ адзін падарунак — гэтае кацяня!” — агалосіў Дашкевіч. І выклаў на стол самрэчнае цёмненькае жывое маленькае кацянятка, якое тут жа пачало вывучаць рэчы, што месціліся на стале побач з Севярынцам. “Гэта ж трэба, падкінуў ката!” — жартаўліва абураўся Павел.

Потым яшчэ выступілі Алег Корбан, Дзяніс Садоўскі. А прэс-сакратар БАЖ Барыс Гарэцкі выказаў спадзяванне, што многія з удзельнікаў курсаў знойдуць сваё месца ў журналістыцы. “БАЖ праводзіць розныя навучанні, ладзіць праекты, звязаныя з развіццём беларускай журналістыкі. Я спадзяюся, што камусьці з вас гэта будзе цікава.  Цягам курсаў мы зробім для вас ваяж на адну з радыёстанцыяў, пазнаёмім з тэлеэфірам, а таксама з тым, як правільна пісаць журналісцкія тэксты, каб яны “чаплялі” чытача. Таму мы прыкладзем усе намаганні, далучым лепшых людзей, найгодных спецыялістаў у нашай галіне. Але не буду забягаць наперад, усё ў вас яшчэ наперадзе”, — паабяцаў Гарэцкі.

Павел Севярынец адзначыў, што паколькі курсы ды-джэяў Адраджэння — гэта адукацыйная праграма, то кожны занятак будзе складацца з тэарэтычнае часткі, а таксама з інтэрактыву, то бок з магчымасці ўдзельнікаў выступіць і сказаць штосьці самім. На першым занятку будучыя ды-джэі Адраджэння пісьмова адказалі ажно на сто пытанняў дзеля высвятлення іх “беларускага IQ”. На наступным занятку будуць агучаныя рэйтынгі, пасля чаго на кожным новым “уроку” удзельнікі змогуць папаўняць свае балы за хатнія заданні, уласны выступ, выпрабаванні і нават за канспекты.

Апошнім выпрабаваннем, паводле Севярынца, будзе “скачок з парашутам” (алегорыя такая, але не сапраўдны скок з летака) у беларускай глыбінцы, дзе курсанты будуць змушаны прыдумаць і зладзіць якуюсьці імпрэзу на тэму беларускага адраджэння. Вынікі ўсяго гэтага навучання-змагання будуць падведзены праз дванаццаць тыдняў.