«Калі ты, с...а, не падпішаш прызнанне, магчыма, твая дачка памрэ»
Звычайная прымерка сукенкі ў краме для мінчанкі скончылася катаваннямі і абвінавачваннем у крадзяжы. ПЦ "Вясна" прадстаўляе чарговую гісторыю ў межах мультымедыйнага праекта супраць гвалту і беспакараннасці супрацоўнікаў праваахоўных органаў і ўлады #БезПраваНаРасправу.
Алена Пары-Пінта і яе дачка Сандра з жахам і слязьмі ўспамінаюць той дзень, калі Алену затрымалі супрацоўнікі міліцыі па заяве з крамы жаночага адзення: прадавец, не выявіўшы ў канцы дня адной з сукенак, прыгадала, што яе ў ліку іншых прымярала адна з наведвальніц. Падазрэнне ўпала на Алену, якую доўга чакаць і шукаць не прыйшлося: мала таго, што яна пакінула свой тэлефон прадавачцы, чакаючы новых паступленняў тавару, так яшчэ праз тыдзень вярнулася ў краму ўдакладніць, ці няма чагосьці новенькага.
Расказвае Алена Пары-Пінта:
«26 чэрвеня я з дачкой Сандрай была ў гандлёвым цэнтры «Замак». Паднялася на 4 паверх у краму адзення. Дачка ў гэты час пайшла ў салярый, а мне трэба было выбраць сукенку, паколькі была запрошаная на вяселле.
Размаўляла з прадаўцом, пыталася аб новых паступленнях тавару, так як тыдзень таму тут нічога не выбрала і спадзявалася, што з'явяцца навінкі. Прадавец паведаміла, што нічога новага за гэты час не паступала і прапанавала зайсці яшчэ праз тыдзень. Тады я спусцілася на першы паверх, дзе да мяне падышоў ахоўнік і прапанаваў прайсці з ім.
Ён ні ў чым не абвінавачваў мяне, проста патлумачыў, што раней у гэтай краме прапала сукенка, і ёсць падазрэнне, што гэта магла зрабіць я. Мяне абшукалі, натуральна, нічога не знайшлі, але сказалі, што я паеду ў Цэнтральны РАУС, дзе мяне дапытаюць».
Алена вельмі здзівілася, калі да яе падышоў супрацоўнік аховы і прапанаваў прайсці ў РУУС. Ноч затрыманая правяла ў камеры дзяжурнай часткі, а толькі на наступны дзень з ёй пачаў "працаваць" таямнічы оперупаўнаважаны, які спачатку прадставіўся следчым Крывашэевым.
«Назаўтра Крывашэеў пачаў весці допыт у грубай форме, прымушаючы прызнацца ў крадзяжы сукенкі. У кабінеце гучала ўся трыяда рускага мата, у мой адрас сыпаліся пагрозы. Я пры гэтым сядзела на крэсле ў кайданках, а ён — насупраць мяне.
Затым уяўны следчы ўстаў і ўдарыў некалькі разоў кулаком па правым перадплеччы. Я заплакала».Некалькі разоў сыходзячы з кабінета оперупаўнаважаны, ён жа — "следчы Крывашэеў» выводзіў Алену ў калідор і там прыкоўваў надоўга кайданкамі да сядзенняў. Жанчына не магла ўстаць, схадзіць у прыбіральню.
Калі ў чарговы раз оперупаўнаважаны завёў Алену ў кабінет, адразу перайшоў да пагроз, маўляў, калі яна не падпіша прызнанне ў тым, што ўзяла ў краме сукенку, то яе адправяць адразу ў Жодзіна, пасадзяць на 10 гадоў, адкуль яна зусім можа не выйсці. Алена адмовілася што-небудзь падпісваць. Тады оперупаўнаважаны змяніў тактыку.
«Калі маці нічога не кажа, я буду дзейнічаць як фашыст, праз дзяцей», — сказаў ён.
Выйшаў з кабінета і патэлефанаваў маёй дачцэ, стаў яе запалохваць, што маму пасадзяць, што ты яе больш не ўбачыш. Прапанаваў ёй тэрмінова прывезці ў РАУС чорны пакет з маімі асабістымі рэчамі».
Сандра, даведаўшыся на раніцу, што маці не вярнулася дадому, стала тэлефанаваць у бальніцу, падумаўшы аб няшчасным выпадку, затым у міліцыю.
Званок з Цэнтральнага РУУС ашаламіў Сандру: аказваецца, маці затрыманая і ёй трэба тэрмінова прывезці нейкую сукенку і прадметы першай неабходнасці. Дзяўчына схапіла рэчы і кінулася на таксі ў РУУС.
Але прывезеная сукенка не задаволіла супрацоўнікаў — яна не супала па прыкметах з нібыта скрадзенай.
Мяркуючы па ўсім, штосьці ў працэсе раскрыцця злачынства не атрымлівалася, таму оперупаўнаважаны зрабіў стаўку на «царыцу доказаў» — прызнанне падазраванай. Атрымаць яго спачатку аказалася складана:
Расказвае Алена Пары-Пінта:«Калі я сядзела ў калідоры ў кайданках, убачыла заплаканую дачку. Яна цэлыя суткі не ведала, дзе я знаходжуся. Зноў пачаўся допыт. У грубай форме, з нецэнзурнай лаянкай.
Ён давёў маю дачку Сандру да прыступу бранхіяльнай астмы ... Яна стаяла на ўліку. Я папрасіла аператыўніка выклікаць ёй хуткую дапамогу, у яе закатваліся вочы, яна кашляла і задыхалася. Але Крывашэеў у адказ толькі смяяўся і жаваў пры гэтым «Снікерс».
«Калі вы, сукі, не падпішыце дакумент, я вас абедзвюх адсюль не выпушчу, і аформлю па артыкуле 205 за крадзеж», — куражыўся опер.
Гледзячы на пакуты дачкі, Алена была збянтэжана, не ведала, як паступіць у такой сітуацыі. Нарэшце сэрца маці дрогнула, яна пагадзілася падпісаць усё, што ад яе патрабаваў оперупаўнаважаны. Толькі б дачку адпусцілі.
«Ён стаў дыктаваць мне тэкст аб маім нібыта чыстасардэчнам прызнанні. Пра тое, што я раней узяла ў гэтай краме сукенку. Затым ён папярэдзіў мяне, каб раніцай з'явілася да яго на допыт, інакш даставяць пад канвоем. Увечары вывеў нас з РУУС і сказаў, што паедзе да нас дадому з ператрусам. Я папрасіла паказаць пастанову на ператрус. Тады ён перадумаў і з'ехаў».
1 ліпеня Алена звярнулася да медыкаў, у бальніцу хуткай медыцынскай дапамогі, паколькі ныла рука.
Па выніках медыцынскага абследавання была складзена даведка ад тым, што выяўлена закрытая траўма грудной клеткі справа, удары.
На тэлефон Cандры сталі прыходзіць дзіўныя смс з пагрозамі, каб нікуды не звярталіся са скаргамі, паведамленні на viber. Праз некаторы час оперупаўнаважаны прыязджаў дадому да Алены, біў моцна ў дзверы нагамі, выключаў у кватэры электрычнасць. Алена выклікала па нумары 102 міліцыю з Фрунзенскага РУУС, якія ўсё зафіксавалі, але затым прыйшоў адказ, што падчас праверкі нічога не пацвердзілася.
19 ліпеня, калі Крывашэеў зноў стаў стукаць у дзверы, Алена зноў выклікала міліцыю. Вось тады яна ўпершыню ўбачыла свайго следчага — Вольгу Васілевіч. Яна прад'явіла пастанову аб правядзенні ператрусу ў кватэры. У якасці панятых запрасілі выкліканы гаспадыняй нарад міліцыі. Вядома, нічога яны знайсці ў хаце не маглі, бо нічога там і не было, але тым не менш, Алене прама на вуліцы з ужываннем гвалту апранулі кайданкі і павезлі ў Цэнтральны РУУС.
«Мяне там пратрымалі да 20 ліпеня. Затым прывялі да пракурора Цэнтральнага раёну Мінска Крупко, які прапанаваў мне падпісаць паперу аб тым, што я сапраўды ўзяла ў краме сукенку. У адваротным выпадку на час следства паабяцаў адправіць у СІЗА. Я адмовілася. Тады мяне адвезлі ў ІЧУ на Акрэсціна, дзе я прабыла да 23 ліпеня».
Надзеі на тое, што міліцыя ва ўсім разбярэцца, расталі тады, калі ў канцы ліпеня Алене прад'явілі абвінавачванне ў здзяйсненні крадзяжу. Тут-та жанчына і вырашылася распавесці аб кашмарах «выбівання» прызнання ў пракуратуры.
Адказ быў літаральна праз пару дзён: пракурор Цэнтральнага раёна г. Мінска Дзмітрый Крупко парушэнняў у дзеяннях супрацоўніка міліцыі не выявіў. Пракурора не збянтэжыў той факт, што ў скарзе Алены ўтрымліваліся звесткі пра ўчыненае супрацоўнікам МУС злачынства, што гэтая заява патрабавала правядзення праверкі ва ўстаноўленым парадку следчымі Следчага камітэта з прыняццем адпаведнага працэсуальнага рашэння. Праўда, дзеянні яшчэ аднаго оперупаўнаважанага, датычнага да пераследу Алены, пракурор даручыў праверыць яго ж кіраўніцтву.
Толькі ў працэсе разгляду справы ў судзе суддзя зрабіў спробу разабрацца ў сітуацыі і накіраваў адпаведнае паведамленне ў раённы аддзел Следчага камітэта, дзе была праведзена праверка, якая ўстанавіла, што тлумачэнняў Алены і Сандры для пачатку крымінальнага пераследу оперупаўнаважанага мала, а іншых дадзеных, якія паказваюць на яе вінаватасць, здабыць немагчыма.
Што важна ведаць?
Вядома ж пра ўжыванне любых забароненых формаў абыходжання ўдзельніку працэсу неабходна заявіць, як аб здзейсненым злачынстве як мага раней. Калі скарга паступае для разгляду на максімальна ранняй стадыі крымінальнага працэсу, застаецца час для абскарджання няслушных высноваў праверкі. Асабліва гэта важна, калі ўдзельнік працэсу пад уплывам жорсткага абыходжання або катаванняў абгаварыў сябе ці іншую асобу.
Падазроныя і абвінавачаныя, знаходзячыся ў стрэсавай сітуацыі ў перыяд расследавання і суда, не валодаючы юрыдычнымі ведамі і вопытам, часта не ўсведамляюць у поўнай меры сваіх працэсуальных правоў. Акрамя таго, яны не ў стане вылучыць галоўныя аспекты сваёй справы і паслядоўна і настойліва адстойваць сваю пазіцыю, спадзеючыся на тое, што суд сам разбярэцца ў сітуацыі.
На самай справе, суд у лепшым выпадку будзе арбітрам у спрэчцы паміж абвінавачваннем і абаронай, выслухваючы довады кожнага з бакоў. Таму да судовага пасяджэння варта падыходзіць максімальна падрыхтаваным, у складаных выпадках абавязкова карыстацца дапамогай абаронцы-адваката.