Прадстаўніца Еўрасаюза выступіла з заявай у сувязі з прымяненнем смяротнага пакарання ў Беларусі
Як паведамляецца, у Беларусі ў лістападзе 2018 года патаемна былі ажыццёўлены два новыя смяротныя пакаранні — Сямёна Беражнога і Ігара Гершанкова. Агулам чатыры чалавекі былі пакараныя смерцю ў гэтым годзе. Яшчэ два чалавекі ў Беларусі застаюцца ў камеры смяротнікаў.
Мая Кацыянчыч, прэсавы сакратар вярхоўнага прадстаўніка Еўрасаюза па знешняй палітыцы, зрабіла заяву ў сувязі са смяротным пакараннем двух чалавек у Беларусі.
«Еўрапейскі саюз зноў заяўляе пра сваё цвёрдае і недвухсэнсоўнае непрыняццё вышэйшай меры пакарання пры любых абставінах. Смяротнае пакаранне парушае неад'емнае права на жыццё, замацаванае ва Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека, і ўяўляе сабой жорсткае, бесчалавечнае і прыніжальнае пакаранне.
Прымяненне смяротнага пакарання супярэчыць заяўленай Беларуссю гатоўнасці ўзаемадзейнічаць па гэтым пытанні з міжнароднай супольнасцю, у тым ліку з Еўрапейскім саюзам. Увядзенне беларускімі ўладамі мараторыя на прымяненне смяротнага пакарання ў якасці першага кроку да яго адмены было б станоўчай падзеяй. Адчувальныя крокі з боку Беларусі да забеспячэння ўсеагульных правоў чалавека, у тым ліку і ў адносінах да смяротнага пакарання, будуць заставацца ключавымі пры фармаванні будучай палітыкі ЕС у дачыненні да Беларусі», — гаворыцца ў заяве.