МВФ рэкамендуе Беларусі правесці «больш рашучыя рэформы»

Міжнародны валютны фонд лічыць, што беларускім уладам варта пайсці на больш рашучыя рэформы з мэтай паскарэння тэмпаў эканамічнага росту. Такая пазіцыя фонду выкладзена ў заяве, распаўсюджанай па выніках працы місіі МВФ у Мінску.

imf.jpg

Місія знаходзілася ў беларускай сталіцы з 5 па 15 лістапада і займалася вывучэннем макраэканамічнай сітуацыі.
У заяве фонду гаворыцца, што манетарная палітыка ўладаў дазволіла знізіць інфляцыю да гістарычнага мінімуму, і цяпер краіна знаходзіцца ў працэсе ўстойлівага цыклічнага аднаўлення эканамічнага росту.
«Аднак сярэднетэрміновыя перспектывы застаюцца стрыманымі ў адсутнасць больш рашучых рэформаў. Трэндавы эканамічны рост у Рэспубліцы Беларусь значна запаволіўся ў параўнанні з перыядам да 2008 года», — падкрэсліваецца ў заяве МВФ.
Персанал фонду адзначае, што эканамічная сістэма Беларусі, вядучую ролю ў якой адыгрывае дзяржава, забяспечыла поўную занятасць, аднак яна таксама прывяла да нерацыянальнага размеркавання рабочай сілы і капіталу і зніжэння прадукцыйнасці.
«Улічваючы гэтыя тэндэнцыі, мы прагназуем сярэднетэрміновы рост каля 2%, што ніжэй за тое, што неабходна для адчувальнага павышэння ўзроўня жыцця і набліжэння Беларусі да паказчыкаў багацейшых краін рэгіёну», — гаворыцца ў заяве.
Акрамя таго, лічаць эксперты, пад уплывам укаранёных фактараў уразлівасці на макраўзроўні эканоміка аказваецца схільнай да ўздзеяння змяненняў знешніх умоў.
«Абмежаванасць дыверсіфікацыі гандлю і фінансавання робіць Беларусь успрымальнай да шокаў, якія ўздзейнічаюць на вузкае кола тавараў і партнёраў. У гэтым кантэксце пры любым узмацненні глабальнай геапалітычнай напружанасці Беларусь можа апынуцца ў надзвычай складанай сітуацыі, улічваючы яе глыбокія гандлёвыя і фінансавыя сувязі з Расіяй», — мяркуюць эканамісты МВФ.
Яны канстатуюць, што Беларусь па-ранейшаму залежыць ад значных зніжак і трансфертаў ад Расіі, звязаных з пастаўкамі энерганосьбітаў, і зыход двухбаковых перамоваў аб кампенсацыі наступстваў падатковага манеўру будзе мець важнае значэнне для эканомікі.
«У фінансавым сектары высокая далярызацыя вядзе да стварэння як рызыкі ліквіднасці, так і крэдытнай рызыкі... Дзяржаўны доўг значна вырас за апошнія дзесяць гадоў, што не ў апошнюю чаргу звязана з тым, што высокая доля доўгу ў замежнай валюце робіць доўг адчувальным да паслаблення абменнага курсу», — адзначае МВФ.
Паводле naviny.by