Ігар Гершанкоў «выбыў з СІЗА з рэчамі» (абноўлена)

Маці асуджанага на расстрэл Ігара Гершанкова 28 лістапада наведала СІЗА на Валадарскага ў Мінску, каб даведацца пра лёс сына.

Таццяна і Ігар Гершанковы (у цэнтры) ў Вярхоўным судзе. Фота: TUT.by

Таццяна і Ігар Гершанковы (у цэнтры) ў Вярхоўным судзе. Фота: TUT.by

Жанчына хацела трапіцьна прыём да кіраўніка СІЗА. Але адзін з намеснікаў ёй паведаміў, што «Ігар Гершанкоў выбыў з СІЗА з рэчамі». Больш інфармацыі ён не даў, сказаў па ўсіх пытаннях звяртацца ў Вярхоўны суд. Як расцэньваць атрыманую інфармацыю, маці не ведае. Пра гэта яна паведаміла раніцай 28 лістапада каардынатару кампаніі «Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі» Андрэю Палуду.
Нагадаем, 28 лістапада стала вядома, што ў дачыненні да Сямёна Беражногавыкананы смяротны прысуд.
Днём 28 лістапада ў Магілёўскім абласным судзе маці Ігара Гершанкова атрымала падцвержданне, што «прысуд прыведзены ў выкананне». 
Па прысудзе Магілёўскага абласнога суда 21 ліпеня 2017 года Ігар Гершанкоў і яго жонка Таццяна Гершанкова абвінавачваліся ў здзяйсненні забойстваў і падрыхтоўцы да здзяйснення забойстваў, выкраданні чалавека і падрыхтоўцы да выкрадання, а таксама ў махлярстве, разбоі, вымагальніцтве, крадзяжы або знішчэнні дакументаў. Таццяну Гершанкову дадаткова абвінавацілі ў незаконным абароце наркотыкаў або псіхатропаў. Судом было ўстаноўлена, што злачынная група агулам зарабіла на махінацыях з чужым жыллём больш за 2 мільярды недэнамінаваных рублёў.
Удзельнікам злачыннай групоўкі былі вынесеныя наступныя прысуды:
Ігару Гершанкову – вышэйшая мера пакарання — расстрэл; Сямёну Беражному – вышэйшая мера пакарання — расстрэл;Таццяне Гершанковай – 24 гады турмы з канфіскацыя маёмасці; Барысу Калеснікаву – 22 гады і 1 месяц калоніі строгага рэжыму.
20 снежня 2017 года Калегія па крымінальных справах Вярхоўнага суда Беларусі вынесла рашэнне па апеляцыйных скаргах двух фігурантаў так званай справы магілёўскіх «чорных рыэлтараў» Ігара Гершанкова і Барыса Калеснікава: прысуд Магілёўскага абласнога суда ад 21 ліпеня 2017 года пакінуць у сіле, а скаргі — без задавальнення.
dp.spring96.org