«Калі вы наведваеце школу, значыць, прымаеце ўмовы». Хто вырашае, як апранаць нашых дзяцей?
Мінадукацыі ўжо трэці навучальны год запар спрабуе апрануць беларускіх школьнікаў у школьную форму. Адбываецца гэта паэтапна, як тлумачаць у ведамстве, але нешта ўвесь час ідзе не па плане.

Фота з "Белнавіны"
У 2021-2022 навучальным годзе доўга не маглі вызначыцца з адзіным абавязковым элементам, нагадваюць «Белнавіны». У выніку кожная школа павінна была выбраць яго самастойна, каб «сфармаваць уласны стыль школы», але і тут усё пайшло не так гладка, як разлічвалі чыноўнікі. Спачатку вельмі доўга выбіралі, што гэта будзе — элемент адзення або эмблема, — выбіралі колер, выбіралі пастаўшчыкоў.
Таму многія школы спыніліся на самым простым — на афіцыйна-дзелавым стылі і значку з эмблемай навучальнай установы.
У гэтым навучальным годзе, па плане Мінадукацыі, у школьнай форме павінен з'явіцца ўжо другі «адзіны элемент». Для гэтага нават працуе цэлая спецыяльная камісія, якая вырашае, у чым павінны хадзіць у школу нашы дзеці, і старанна адбірае мадэлі адзення для школьнай формы.
Кожная мадэль школьнай формы перад запускам у вытворчасць узгадняецца спецыяльнай камісіяй з прадстаўнікоў «Беллегпрама», Мінадукацыі і МАРГ. Яны і пішуць водгукі на кожную адзінку. Напрыклад, у гэтым годзе камісія не ўхваліла кюлоты для дзяўчынак і завужаныя скарочаныя штаны для хлопчыкаў, аргументаваўшы сваё рашэнне так:
«Дзелавому дрэс-коду характэрныя элементы класічнага крою. Такая вопратка павінна прывіваць пачуццё стылю і густу, быць стрыманай і некрычашчай, каб дзеці падчас заняткаў канцэнтраваліся на атрыманні ведаў, а не на знешнім выглядзе сваіх аднакласнікаў».
Глядзіце таксама

Затое кантроль прайшлі двухбортныя пінжакі для хлопчыкаў і спадніцы-сарафаны ў зморшчыну — для дзяўчынак. Для таго, каб бацькам было з чаго выбіраць, канцэрн «Беллегпрам» стварыў каталог «Школьная калекцыя 2023-2024»: калекцыі 18 беларускіх вытворцаў, у тым ліку фірмаў «Палессе», «Калінка», «Славянка», «Купалінка» і іншых.

Наўпрост ні чыноўнікі, ні адміністрацыі школ, вядома ж, не кажуць, што да школьнага сезону дзіця апрануць трэба менавіта ў гэтыя мадэлі, удакладняючы, што «ніякіх жорсткіх рамак і ўстановак няма». Але тыя самыя адзіныя элементы школьнай формы для беларускіх школ выбраны менавіта адтуль: у кагосьці гэта камізэлька, у кагосьці гальштук, у кагосьці спадніца і штаны.
У некаторых школах сапраўды да гэтага часу просяць проста прытрымлівацца дзелавога стылю і абранага школай колеру, але ў многіх абавязваюць купляць форму ў канкрэтнага вытворцы.
Пры гэтым чыноўнікі ўдакладняюць, што з часам кожная школа і гімназія павінна выйсці на адзіную для сябе школьную форму. І калі ў школе або гімназіі да гэтага часу не вызначыліся з выбарам элемента формы, то гэта недапрацоўка — павінны былі выбраць да траўня бягучага года. Адміністрацыя павінна была апытаць кожны клас, правесці бацькоўскія сходы, а пазней ужо прыйсці да агульнага рашэння.
На пытанне, што будзе з вучнямі, якія не захочуць насіць зацверджаную для школы форму, — напрыклад, ці мае права настаўнік выгнаць дзіця з урока, — чыноўнікі адказваюць так:
«Адназначны адказ — не. Але класны кіраўнік або дырэктар павінны разабрацца, у чым справа. Вы не паспелі набыць штаны, памыць кашулю ці вырашылі сабатаваць агульнапрынятыя ўстаноўкі. Дрэс-код вучня выразна прапісаны ў статуце ўстановы і правілах унутранага распарадку. Калі вы наведваеце школу, значыць, прымаеце ўмовы».
Глядзіце таксама
