Орхускі камітэт праінфармавалі пра пераследы праціўнікаў акумулятарнага завода
Грамадскае аб’яднанне «Экадом» праінфармавала Камітэт па выкананні Орхускай Канвенцыі аб фактах пераследу і аказання ціску на актывістаў і актывістак Брэста, якія змагаюцца супраць будаўніцтва акумулятарнага завода.
Экадом прадставіў у Камітэт інфармацыю пра факты пераследу і прыгнёту, якія ўжываліся да грамадскасці і СМІ за ўвесь перыяд пратэстаў, у розных формах: грашовыя штрафы; афіцыйныя папярэджанні; пазасудовыя затрыманні, у тым ліку прэвентыўныя; адміністрацыйныя арышты; крымінальны пераслед, дыфамацыю; пагрозы і аказанне ціску.
У адпаведнасці з палажэннямі Орхускай канвенцыі, кожны бок Канвенцыі «забяспечвае, каб асобы, якія ажыццяўляюць свае правы ў адпаведнасцi з палажэннямi дадзенай канвенцыі, не падвяргаліся за сваю дзейнасць пакаранню, пераследам або ўціскам ў любой форме».
У верасні 2017 года Сустрэча бакоў Орхускай Канвенцыі ЕЭК ААН прызнала, што пераслед, запалохванне і ўціск праціўнікаў будаўніцтва атамнай станцыі ў Беларусі з’яўляюцца парушэннем прынятых краінай абавязацельстваў. Беларусь стала першай краінай Канвенцыі, у дачыненні да якой быў прызнаны факт ціску на экаактывістаў.
Тады ж было вырашана, што Камітэт будзе прымаць пад увагу любую атрыманую ад прадстаўнікоў грамадскасці або іншых крыніц інфармацыю аб будучых выпадках меркаваных пакаранняў, пераследаў або ўціску.
У рамках гэтай працэдуры «Экадом» у 2018 годзе ўжо інфармаваў Камітэт аб выпадках ціску на грамадскасць за выраз пазіцыі адносна будаўніцтва Брэсцкага акумулятарнага завода.
Аднак з тых часоў ціск на актывістаў не толькі не спыняўся, але і набыў сістэмны характар.
Даведачная інфармацыя:
Орхуская канвенцыя — канвенцыя Еўрапейскай Эканамічнай Камісіі ААН «Аб доступе да інфармацыі, удзеле грамадскасці ў прыняцці рашэнняў і доступе да правасуддзя па пытаннях, што тычацца навакольнага асяроддзя».
Беларусь з’яўляецца бокам Канвенцыі, то бок краінай, якая ратыфікавала яе і тым самым узяла на сябе адпаведныя абавязацельствы.
Канвенцыя з’яўляецца адзіным міжнародным пагадненнем, надзяляючым грамадскасць шырокімі канкрэтнымі правамі ў галіне ўдзелу ў працэсе прыняцця рашэнняў і доступу да інфармацыі і правасуддзя па пытаннях, што тычацца навакольнага асяроддзя.
Камітэт па выкананні Орхускай канвенцыі — орган, які ажыццяўляе пазасудовы кансультацыйны нагляд за выкананнем Канвенцыі.
Рашэнне 2017 года
У 2017 годзе Сустрэчай бакоў Орхускай Канвенцыі ЕЭК ААН, было прынята рашэнне аб выкананні Беларуссю сваіх абавязацельстваў, у якім прызнана, што факты затрыманняў, арыштаў, накладання штрафаў на праціўнікаў атамнай энергетыкі непасрэдна звязаныя з іх дзейнасцю і з’яўляюцца выпадкамі пакаранняў, пераследаў і ўціску актывістаў за іх дзейнасць, што забаронена артыкулам 3.8 Канвенцыі. (Дакументы, у тым ліку рашэнне VI / 8c, даступныя на рускай мове на афіцыйным сайце Сустрэчы Бакоў.)
Дадзеным Рашэннем парушэннямі Канвенцыі былі прызнаныя затрыманні і арышты ўдзельнікаў «Беларускай антыядзернай Кампаніі» Ірыны Сухій і Таццяны Новікавай, праваабаронцы Міхаіла Мацкевіча, а таксама арышт і высылка з краіны расійскага фізіка-ядзершчыка Андрэя Ажароўскага, з забаронай на ўезд у Беларусь на працягу 10 гадоў.
Паводле прэс-рэлізу