Каму ў чэрвені чакаць «праверак»?

Ведамства нібыта нават пытала меркавання беларусаў, у якія кампаніі варта прыйсці.

Ілюстрацыйнае фота Дзмітрыя Дзмітрыева

Ілюстрацыйнае фота Дзмітрыя Дзмітрыева


Як адзначае РС са спасылкай на рэсурс, прызнаны ў Беларусі «экстрэмісцкім», у чэрвені праверкі павінны прайсці ў кампаніі «JYSK», якая ў красавіку прыпыніла працу сваіх крам. «Jysk» не цалкам знік з Беларусі: у краме ў Мінску застаюцца тавары, а кампанія плануе распродаж рэшты ў чэрвені.
Праверка ў гэтым месяцы таксама запланаваная на гомельскім прадпрыемстве «Делком40», дзе ў траўні абавязалі падчас прастою прыходзіць на працу і проста сядзець — прычым у сталовай.
Нацбанк плануе ў чэрвені прыйсці з праверкай у «БСБ Банк». Брэсцкі абласны камітэт прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя хоча праверыць у гэтым месяцы фермерскую гаспадарку «Альшаны». У чэрвені хочуць таксама праверыць як мінімум двух рэзідэнтаў свабоднай эканамічнай зоны «Брэст». Адзін з іх — кампанія з дызайнерскім жаночым адзеннем «Nelva». Другая — «Завод АлуАр» — спецыялізуецца на вытворчасці аэразольнай прадукцыі і прадукцыі бытавой хіміі.
Да замежнага ўнітарнага прадпрыемства «ЧЭС-Бел», якое зарэгістравана ў свабоднай эканамічнай зоне «Віцебск», маюць намер прыйсці спецыялісты Дэпартамэнта па наглядзе за бяспечным вядзеннем работ у прамысловасці Міністэрства надзвычайных сітуацый. Кампанія займаецца захоўваннем, перапрацоўкай і перавалкай звадкаваных вуглевадародных газаў і светлых нафтапрадуктаў.
У Гомелі на чэрвень запланаваная праверка клінікі «Першая стаматалогія». Яе мае намер правесці Гомельская абласная інспекцыя дзяржаўнага нагляду за выкананнем патрабаванняў тэхнічных рэгламэнтаў і стандартаў і дзяржаўнага метралагічнага нагляду Дзяржстандарта. У пачатку чэрвеня Камітэт дзяржкантролю заявіў, што праверкі прыватных медыцынскіх цэнтраў яшчэ не скончаныя — зараз ведамства збіраецца маніторыць стаматалагічныя паслугі.

Нагадаем, Міністэрства аховы здароўя Беларусі прыпыніла з 16 траўня дзеянне ліцэнзій на меддзейнасць прыватных цэнтраў «Клініка А1» і «Ладэ». Афіцыйная прычына — «парушэнні выканання заканадаўства аб ахове здароўя, аб санітарна-эпідэмічным дабрабыце, аб ліцэнзаванні ў гэтых арганізацыях».

Міністр аховы здароўя Дзмітрый Піневіч заявіў, што ў медцэнтры было шмат парушэнняў пры выдачы бальнічных.

Неафіцыйная версія «наезду» на «Ладэ», — медцэнтр дапамагаў людзям, што пацярпелі ў выніку гвалтоўных дзеянняў сілавікоў у 2020 годзе. Правяраць будуць таксама Нацыянальны аэрапорт «Мінск», Нацыянальную бібліятэку, «Мілавіцу» і «Слодыч».