«Ладэ» можа адкрыцца пасля 15 чэрвеня
Пасля прыпынення дзейнасці медыцынскага цэнтра «Ладэ» Міністэрства аховы здароўя дала медцэнтрам час выправіць выяўленыя недахопы. Правесці кантрольную ацэнку выяўленых парушэнняў ведамства збіралася да 6 чэрвеня. Паспрабавалі даведацца, калі ўсё-такі запрацуе «Ладэ».
Як распавёў найбуйнейшаму беларускаму парталу, «экстрэмісцкаму» ў Беларусі, супрацоўнік кампаніі, праверка Міністэрства аховы здароўя ўжо скончылася, і цяпер яе вынікі павінны разгледзець у ведамстве.
«15 чэрвеня плануецца калегія Міністэрства аховы здароўя, будуць вырашаць наша пытанне. Тады і будзе канкрэтыка — распавядае суразмоўца. — У “Ладэ” гатовыя працаваць».
Як удакладніла яшчэ адна супрацоўніца медцэнтра, кіраўніцтва ацэньвае перспектывы ў дачыненні да кампаніі даволі пазітыўна. Сама суразмоўніца спадзяецца, што хутка зможа вярнуцца на працу.
У даведцы «Ладэ», куды мы патэлефанавалі пад выглядам пацыента, адказалі, што дакладныя тэрміны адкрыцця медцэнтраў яны паведаміць не могуць.
«На жаль, запіс не ажыццяўляецца. Часова прыпыненая праца. Аб аднаўленні пакуль інфармацыя не прадстаўлена, — распавяла аператар. — Інфармацыя будзе дублявацца на сайце lode.by і ў афіцыйных сацсетках».
Нагадаем, Міністэрства аховы здароўя Беларусі прыпыніла з 16 траўня дзеянне ліцэнзій на меддзейнасць прыватных цэнтраў «Клініка А1» і «Ладэ». Афіцыйная прычына — «парушэнні выканання заканадаўства аб ахове здароўя, аб санітарна-эпідэмічным дабрабыце, аб ліцэнзаванні ў гэтых арганізацыях».
Міністр аховы здароўя Дзмітрый Піневіч заявіў, што ў медцэнтры было шмат парушэнняў пры выдачы бальнічных. «Раней бо было як: чалавек з тэмпературай мог пайсці ў медцэнтр за рэкамендацыямі ад лекара, але бальнічны ён усё роўна атрымліваў у сваёй паліклініцы. Дзякуючы навацыі пацыентаў у прыватнікаў стала больш, і ўсе яны — платныя. Атрымліваецца, што мы дапамагаем, а не нешта там закручваем. Але калі я ўбачыў у “Ладэ” каля 90 парушэнняў па бальнічных, гэта выклікала, мякка кажучы, негатыўную рэакцыю», — сказаў ён.
Неафіцыйная версія «наезду» на «Ладэ», — медцэнтр дапамагаў людзям, што пацярпелі ў выніку гвалтоўных дзеянняў сілавікоў у 2020 годзе.