Каму трэба смяротнае пакаранне?
Крымінальны кодэкс Беларусі прадугледжвае пажыццёвае зняволенне. Тым не менш беларускія суды выкарыстоўваюць у якасці найвышэйшай меры смяротнае пакаранне.
За што могуць расстраляць
У адпаведнасці з Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь (артыкул 24), “смяротнае пакаранне да яго адмены можа прымяняцца ў адпаведнасці з законам як выключная мера пакарання за асабліва цяжкія злачынствы і толькі згодна выраку суда”.
Увогуле, гэтая мера пакарання можа прызначацца за дванаццаць катэгорыяў злачынстваў у мірны час і за дзве — у час ваенны. Напрыклад, у спісе катэгорыяў злачынстваў — “развязванне альбо вядзенне агрэсіўнае вайны” (частка 2 артыкула 122 КК РБ), “забойства прадстаўніка замежнай дзяржавы, міжнароднай арганізацыі з мэтаю правакацыі міжнародных ускладненняў альбо вайны” (частка 2 артыкула 124), “міжнародны тэрарызм” (артыкул 126), “генацыд” (артыкул 127), “злачынствы супраць бяспекі чалавецтва” (артыкул 128).
Смяротнае пакаранне можа быць таксама прызначанае за “наўмыснае пазбаўленне жыцця пры абцяжарваючых абставінах” (частка 2 артыкула 139), “тэрарызм” (частка 3 артыкула 289), “тэрарыстычная акты” (артыкул 359), “здрада, спалучаная з забойствам” (частка 2 артыкула 356), “змова з мэтаю захопу дзяржаўнае ўлады” (частка 3 артыкула 357), “дыверсія” (частка 2 артыкула 360).
Да таго ж, расстраляць могуць за “забойства супрацоўніка міліцыі” (артыкул 362), “прымяненне зброі масавага паражэння” (артыкул 134), “забойства асобы падчас парушэння законаў і звычаяў войнаў” (частка 3 артыкула 135).
Выкананне смяротнага пакарання ў выглядзе расстрэлу адбываецца ў СІЗА № 1 МУС РБ у Мінску на вуліцы Валадарскага (Пішчалаўскі замак).
Каго нельга расстраляць
У адпаведнасці з Крымінальным кодэксам Рэспублікі Беларусь, смяротнае пакаранне не можа быць прысуджана асобам, якія здзейснілі злачынства ва ўзросце да васямнаццаці гадоў, жанчынам, а таксама мужчынам, якім на момант вынясення прысуду споўнілася шэсцьдзесят пяць гадоў.
Альтэрнатыва расстрэлу
Трэба звярнуць увагу на тое, што ні ў адной з санкцыяў згаданых вышэй артыкулаў Крымінальнага кодэксу смяротная кара не прадугледжана як адзіна магчымае пакаранне.
Альтэрнатыва смяротнаму пакаранню ўпершыню была ўведзеная Законам Рэспублікі Беларусь ад 31 снежня 1997 года “Аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у Крымінальны, Крымінальна-працэсуальны і Папраўча-працоўны кодэксы Рэспублікі Беларусь”. У адпаведнасці з гэтым актам у Крымінальны кодэкс упершыню была ўведзеная норма, якая прадугледжвала новы від крымінальнага пакарання ў выглядзе пажыццёвага зняволення.
Цяперашнім часам у Беларусі дзейнічае Крымінальны кодэкс, прыняты 9 ліпеня 1999 года (набыў сілу 1 студзеня 2001 года), якім смяротнае пакаранне прадугледжана ў якасці выключнай меры пакарання (артыкул 59) за некаторыя асабліва цяжкія злачынствы, спалучаныя з наўмысным пазбаўленнем жыцця чалавека пры абцяжарваючых абставінах. У адпаведнасці з тым жа артыкулам 59 КК РБ, смяротнае пакаранне ў парадку памілавання можа быць замененае пажыццёвым зняволеннем.
Тым не менш, нягледзячы на ўзаконеную альтэрнатыву, паводле дадзеных Міністэрства юстыцыі Беларусі, з 1994 па 2011 год да смяротнага пакарання быў прыгавораны 241 чалавек. Прычым, “расстрэльныя” выракі выносіліся і пасля пачатку дзеяння новага КК. Праўда, той жа Мінюст паведамляе, што ў 2012 годзе ніводзін чалавек у Беларусі не быў прыгавораны да смерці.
Пры гэтым улады чамусьці адмаўляюцца паведамляць, колькі чалавек за гэты час было памілавана. Самы свежы прыклад — зварот па гэтую інфармацыю ў Адміністрацыю прэзідэнта праваабаронцы з Брэста Рамана Кісляка. Ён паведаміў агенцтву БелаПАН, што ў АП у прадастаўленні інфармацыі аб колькасці памілаваных сярод асуджаных на смяротнае пакаранне, пачынаючы з 1994 года, яму было адмоўлена. Сам Кісляк кажа, што, паводле ягоных (неафіцыйных) дадзеных, у Беларусі за апошнія дзевятнаццаць гадоў быў памілаваны як мінімум адзін чалавек.
Паводле незалежных экспертаў, высветліць дакладную колькасць прыгавораных да смерці, расстраляных і памілаваных практычна не магчыма.
Пажыццёвае зняволенне
Яно прадугледжана ў Крымінальным кодэксе як альтэрнатыва смяротнаму пакаранню. Яно можа быць прызначана асобам, якія здзейснілі злачынства ва ўзросце да васямнаццац і гадоў, жанчынам, а таксама мужчынам, якім на момант вынясення прысуду споўнілася шэсцьдзесят пяць гадоў.
Асуджаныя да пажыццёвага зняволення адбываюць пакаранне ў папраўчай калоніі асаблівага рэжыму альбо ў турме. Па адбыцці дваццаці гадоў асобе, асуджанай да пажыццёвага зняволення, альбо асобе, якой смяротнае пакаранне ў парадку памілавання заменена пажыццёвым зняволеннем, суд, улічваючы стан яе здароўя ці ўзрост, а таксама паводзіны асуджанага, можа замяніць далейшае адбыванне пажыццёвага зняволення пазбаўленнем волі на пэўны тэрмін, але не звыш пяці гадоў.
Страляюць, не чакаючы
Як адзначаюць праваабаронцы, смяротныя прысуды часам прыводзяцца ў выкананне яшчэ да заканчэння ўсіх прадугледжаных заканадаўствам і міжнароднымі нормамі працэдур.
Так, у 2009 годзе да смяротнага пакарання былі прыгавораныя Андрэй Жук (за ўзброены напад і забойства мужчыны і жанчыны) і Васіль Юзэпчук (за забойства шасці жанчынаў сталага веку). У кастрычніку 2009 года асуджаныя на смерць падалі скаргу ў камітэт ААН па правах чалавека. Гэты Камітэт заклікаў беларускі ўрад не выконваць смяротныя прысуды да разгляду скаргаў. Тым не менш, абодвух мужчын расстралялі яшчэ ў 2010-м годзе — да разгляду іх скаргаў.
Вялікі розгалас як у Беларусі, так і па-за яе межамі мела справа аб выбуху ў Мінскім метрапалітэне, які адбыўся 11 красавіка 2011 году. Вінаватымі ў здзяйсненні злачынства былі прызнаныя жыхары Віцебшчыны дваццаціпяцігадовыя Дзмітрый Канавалаў і Уладзіслаў Кавалёў, якіх Вышэйшы суд Беларусі таксама прыгаварыў да смяротнага пакарання. У вялікай колькасці назіральнікаў як следства, так і суд выклікалі шэраг пытанняў. Тым больш, што Уладзіслаў Кавалёў не прызнаў сваёй віны і падчас суда заявіў пра аказанне на яго ціску цягам папярэдняга следства.
Кавалёў і ягоны абаронца таксама накіравалі скаргу ў Камітэт ААН па правах чалавека. Як і ў выпадку з Жуком і Юзэпчуком, Камітэт ААН заклікаў кіраўніцтва Беларусі не прыводзіць прысуд у выкананне да разгляду скаргі. Тым не менш, усяго праз некалькі месяцаў пасля вынясення смяротнага выраку (30 лістапада 2011 году) Канавалаў і Кавалёў былі расстраляныя (сярэдзіна сакавіка 2012 году). Пазней Камітэт ААН па правах чалавека прызнаў недахопы падчас следства і суда і прыйшоў да высновы, што беларуская дзяржава парушыла галоўнае права Уладзіслава Кавалёва (Канавалаў, які падчас суда не сказаў амаль аніводнага слова, у Камітэт ААН не звяртаўся) — права на жыццё.
Трэба адзначыць, што сваякам расстраляных не паведамляюць ні дакладны час прывядзення прысуду ў выкананне, ні месца пахавання, не кажучы ўжо пра выдачу цела расстралянага. Маці Уладзіслава Кавалёва Любоў Кавалёва пачала шырокую кампанію не толькі ў абарону добрага імя свайго сына, але за адмену смяротнага пакарання ў Беларусі ўвогуле. Жанчына таксама патрабуе выдаць ёй цела сына і ягоныя дзённікі, якія Уладзіслаў вёў, знаходзячыся за кратамі.
Расстрэлы можна адмяняць
11 сакавіка 2004 года Канстытуцыйны суд (КС) Рэспублікі Беларусь вынес заключэнне № 3-171/2004 па справе “Аб адпаведнасці Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь і міжнародным дамовам Рэспублікі Беларусь палажэнняў Крымінальнага кодэкса РБ, якія прадугледжваюць прымяненне ў якасці пакарання смяротнай кары”. У сваім рашэнні КС звярнуў увагу, што норма часткі 3 артыкула 24 Канстытуцыі, якая дапускае пакаранне ў выглядзе смяротнае кары, адначасова ўтрымлівае і ўказанне на яе выключны і ЧАСОВЫ характар.
У заключэнні КС адзначана, што непрымяненне смяротнага пакарання на еўрапейскім кантыненце стала агульным правілам. Дзяржавы — чальцы Савета Еўропы, якія падпісалі і ратыфікавалі Еўрапейскую Канвенцыю аб абароне правоў чалавека і асноўных свабод 1950 года і Пратаколы да яе № 6 ад 28 красавіка 1983 году і №13 ад 3 траўня 2002 года, абавязаныя выключыць прымяненне смяротнага пакарання.
У той жа час Канстытуцыйны суд адзначае, што Рэспубліка Беларусь не з’яўляецца чальцом Савета Еўропы і ў звязку з гэтым для яе выкананне згаданых дакументаў не ёсць абавязковым. Не ратыфікаваны і Другі факультатыўны пратакол да Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах, які таксама абавязвае кожную дзяржаву — удзельніцу гэтага Пратакола зрабіць усе неабходныя захады для адмены смяротнага пакарання ў рамках сваёй юрысдыкцыі. Паколькі згаданыя вышэй міжнародныя дамовы не ратыфікаваныя, што абумовіла б паводле артыкулаў 8 і 116 Канстытуцыі Беларусі вяршэнства міжнародных актаў у сістэме нацыянальнага права, КС прыйшоў да высновы, што ў сучасных умовах пытанне аб адмене гэтага віду пакарання альбо аб увядзенні мараторыя на яго прымяненне можа быць вырашана прэзідэнтам РБ і парламентам.
Такім чынам, з дакумента КС вынікае, што ніякага рэферэндуму аб адмене смяротнага пакарання, пра што шматкроць казаў дзеючы кіраўнік дзяржавы, спасылаючыся на вынікі плебісцыту 1996 года, не патрабуецца. Бо, яшчэ раз падкрэслім, смяротнае пакаранне ў Асноўным законе Беларусі прапісана як ЧАСОВАЯ мера.
Чаму нельга прымяняць смяротнае пакаранне
Як лічыць кіраўнік юрыдычнай камісіі Беларускага Хельсінскага камітэту Гары Паганяйла, выкарыстоўваць расстрэл нельга не толькі таму, што ёсць стандарты, што ёсць грамадская мараль. “Справа ў тым, што сёння суды ўсё ж недасканалыя, ёсць верагоднасць судовай памылкі, асабліва па крымінальных справах. У крымінальным працэсе высветліць “ісціну ў апошняй інстанцыі” практычна немагчыма. Можна наблізіцца да яе, але не ўстанавіць. У звязку з гэтым лічыцца немагчымым прымяненне смяротнага пакарання, таму што такая мера ёсць незваротнай. Ёсць дзясяткі прыкладаў, калі праз некалькі гадоў высвятляюць, што людзі, прыгавораныя да смяротнага пакарання, не здзяйснялі злачынства. Падобныя гісторыі меліся і ў сучаснай Беларусі”, — адзначыў юрыст.
Дастаткова прыгадаць толькі сумна вядомую “Віцебскую справу”, калі яшчэ да таго, як злавілі сапраўднага маньяка — забойцу жанчын Генадзя Міхасевіча, аднаго чалавека расстралялі, трох асудзілі на пятнаццаць гадоў зняволення і яшчэ некалькіх — да меншых тэрмінаў пазбаўлення волі.
А тым часам Беларусь застаецца адзінай краінай не толькі ў Еўропе, але нават на тэрыторыі ўсяго былога СССР, у якой дагэтуль выносяцца і прыводзяцца ў выкананне смяротныя прысуды. І адзінай дзяржавай на кантыненце, якая не з’яўляецца чальцом Савета Еўропы. Бо адмена смяротнага пакарання ці хаця б увядзенне мараторыя на расстрэлы ёсць адной з галоўных умоваў сяброўства ў СЕ.