Камунізм пад трыбунал

Распачаўся беларускі грамадскі трыбунал над камунізмам. Ён будзе расцягнуты па часе і павінен скончыцца абвінавачваннем камуністычнай ідэалогіі — 28 кастрычніка, у Дзень памяці ахвяраў палітычных рэпрэсій.



20081211_3_kom.jpg

Гісторык Ігар Кузняцоў, адзін з ініцыятараў гэтага мерапрыемства, адзначае, што ўжо прайшоў агульны грамадскі трыбунал над камунізмам і камуністычнай ідэалогіяй. Гэта было ў Вільні ў 2000 годзе — так званы «Нюрнберг–2».

Пасля «Нюрнбергу–2» узнікла ідэя правесці яшчэ і агульнаеўрапейскі трыбунал па злачынствах камунізму. Гэта быў зварот да кожнай еўрапейскай краіны, каб прайшоў трыбунал, які б асудзіў злачынствы камуністычнага рэжыму ў кожнай канкрэтнай краіне. У Беларусі ў 2006–2008 гадах прайшлі грамадскія слуханні па злачынствах камунізму. «Тады мы прыйшлі да высновы, што ў нас, як ні дзіўна, не стае матэрыялаў для трыбуналу. Вынікам слуханняў было грамадскае абвінаваўчае заключэнне, але і пасля яго мы збіралі новыя факты, новыя публікацыі па тэме рэпрэсій у Беларусі. Зараз арганізатары тых слуханняў вырашылі вярнуцца да ідэі трыбуналу», — распавядае Кузняцоў.

Паралельна ішлі некалькі праектаў: «Архіў вуснай гісторыі», аўдыё і відэаўспаміны сведкаў тых падзей, ствараўся віртуальны музей ГУЛАГа, і Кузняцоў прапанаваў стварыць электронную «Чорную кнігу камунізму», у якой была б сабраная ўся інфармацыя па злачынствах камунізму ў Беларусі.

«Паўдзельнічаць у пасяджэннях трыбунала, падтрымаць маральна ці дадаць свае ўспаміны, дакументы можа кожны. У нас заяўны прынцып удзелу. Няма ніякага колькаснага ці прафесійнага абмежавання», — зазначае Кузняцоў.

Першае пасяджэнне трыбунала прайшло 5 сакавіка невыпадкова. Гэта не толькі дзень смерці Сталіна. У гэты дзень Палітбюро ЦК ВКП(б) прыняло рашэнне пра знішчэнне 22 000 афіцэраў польскага войска, — так званы «Беларускі Катынскі спіс».

«Беларускі Катынскі спіс — адзіны спіс рэпрэсаваных польскіх афіцэраў, які да нас не дайшоў. Расстраляныя ў Медным, пад Харкавам, у Катыні вядомыя пайменна. Па дакладной запісцы старшыні КДБ Шэлепіна ад сакавіка 1959 года 7 305 афіцэраў былі расстраляныя ў турмах Заходняй Беларусі і Заходняй Украіны. З іх 3 870 — у Беларусі. Ніводнага прозвішча гэтых расстраляных мы не ведаем. У 2011 годзе Лукашэнка заявіў, што за гады савецкай улады ў Беларусі ніводнага паляка не забілі: нібыта, Беларусь была транзітнай тэрыторыяй: палякаў этапавалі ў Расію, Украіну, і знішчалі там, а мы чыстыя перад гісторыяй», — зазначае Кузняцоў.

Аднак, нават па афіцыйных дадзеных рэабілітацыі, якую праводзілі КДБ, Генпракуратура і Вярхоўны суд, з 5772 вядомых прозвішчаў расстраляных у Мінску каля 25% складаюць палякі па нацыянальнасці.

«Нам кажуць, што «Беларускага Катынскага спісу» няма і быць не можа. Але да нас дайшло некалькі дакументаў аб выдзяленні чыгуначнага транспарту для этапавання ў Мінск трох тысячаў польскіх афіцэраў. То бок, з фармальнага спісу ў 3 870 прозвішчаў 3 000 этапавалі і, верагодна, расстралялі ў Мінску», — зазначае гісторык.

На самай справе, рэпрэсаваных у Беларусі палякаў значна больш, кажа Кузняцоў. З лютага 1940 года па чэрвень 1941-га было праведзена шэсць дэпартацый з Заходняй Беларусі. «Беларускі Катынскі спіс» — гэта толькі фрагмент тых рэпрэсіяў. Па афіцыйных лічбах, колькасць сем’яў, якія падлягалі дэпартацыі — 8 055, колькасць асобаў — 26 777. Але нядаўна расійскія СМІ надрукавалі ліст Хрушчова і Берыі Сталіну, датаваны лютым 1940 года. У ім прапаноўваецца адсяліць 9 600 сямей афіцэраў, 12 000 сем’яў паліцэйскіх, жандараў і супрацоўнікаў турмаў, каля 1000 сем’яў фабрыкантаў і чыноўнікаў, усяго 22–25 тысячаў сем’яў. Афіцыйная статыстыка згубіла каля 68 000 дэпартаваных», — кажа Кузняцоў.

Паводле афіцыйнай статыстыкі, з Заходняй Беларусі з 1940 па 1952 год былі дэпартаваныя 138 882 чалавекі, а насамрэч, кажа Кузняцоў — 244 500 чалавек. «У 1993 годзе эксперты Галоўнай ваеннай пракуратуры Расійскай Федэрацыі, якія вялі «Катынскую справу», на грунце аналізу міжнароднага права вынеслі рашэнне, што расстрэл 22 000 афіцэраў польскага войска з’яўляецца генацыдам. А ў нас — амаль чвэрць мільёна дэпартаваных!» — адзначае Кузняцоў.

Трыбунал разлічаны на 5 сесій. Акрамя «Беларускага Катынскага спісу» плануецца разгледзець ваенныя рэпрэсіі і рэпрэсіі да вайскоўцаў, ліквідацыю сялянства, калектывізацыю, рэпрэсіі інтэлігенцыі і хвалю рэпрэсій 1937–1938 гадоў.

«Я не хачу перабольшваць планаваныя вынікі. Гэта робіцца з адной мэтай: калі дзяржава не можа даць юрыдычную ацэнку камунізму, то грамадства павінна даць хаця б маральную ацэнку таму, што адбылося ў тыя крывавыя гады», — лічыць Кузняцоў.

Гэта важна для моладзі, бо яна зараз не ведае, што такое Курапаты і Катынь. Гэта важна для захавання гістарычнай памяці, бо публікацыі па сталінскіх рэпрэсіях, якіх было шмат у гады перабудовы, зараз забытыя. Галоўная задача — сістэматызаваць інфармацыю, перавесці яе ў электронны выгляд, каб да яе быў доступ.

«У Беларусі, гавораць, няма сям’і, якая б не пацярпела ад фашыстаў. Але ў нас няма сям’і, якая б не пацярпела б і ад сталіністаў. І таму мы спадзяемся, што, узгадаўшы гэтую тэму, кожны беларус згадае і сваіх родзічаў. І ўсе могуць дасылаць да нас свае расповеды, згадкі, успаміны, каб мы іх далучылі ў «Чорную кнігу камунізму», — кажа Кузняцоў.