Карняенка: Падтрымка беларускай мовы павінна быць канкрэтнай

АГП лічыць супрацоўніцтва з рэжымам па гэтым накірунку, як і па астатніх, бесперспектыўным, беспаспяховым і нават амаральным.



629e9659e1cbb2a5e3d3b0f0b2a71b26_xl.jpg

Такое меркаванне сайту epramova.org выказаў адзн з лідэраў альянсу «Талака» Віктар Карняенка.

«Прыкладна 20 гадоў таму, 1 снежня 1994 года, на сесіі Гомельскага гарадскога Савета я задаў пытанне нядаўна абранаму прэзідэнту краіны пра яго стаўленне да беларускай мовы, – узгадвае Віктар Карняенка. – Адказ – вельмі красамоўны – тычыўся не толькі мовы, але і яе носьбітаў. Цытую: «Люди, которые говорят на белорусском языке, не могут делать ничего, кроме как разговаривать на белорусском языке. Потому что по-белорусски нельзя выразить ничего великого. Белорусский язык – бедный язык. В мире существует только два великих языка – русский и английский».

На той момант у горадзе Гомелі, як і па ўсёй Беларусі, больш за 70% школак без эксцэсу і праблем пераводзілася на беларускую мову. У хуткім часе стала зразумела, што стаўленне да мовы было не толькі на словах. Не прайшло і 10 гадоў, як у Гомелі, іншых абласных цэнтрах і сталіцы не засталося ні адной беларускай школы з паўнавартасным навучаннем на беларускай мове. Такім чынам прэзідэнт «обогатил»беларусаў.

Мне незразумела, на чым грунтуецца чаканне тых, хто лічыць, што сёння ўсё памянялася, і мова можа стаць падмуркам яднання нацыі. Вельмі хацеў бы ў гэта верыць, але не веру і не чакаю цудаў. Нават калі аўтарытарны кіраўнік іншым часам як цацку выцягвае з кішэні мову і скажа некалькі словаў па-беларуску, гэта толькі падкрэслівае тое месца, дзе сёння знаходзіцца мова. Ці можа яднацца пад штучнымі сімваламі, выдуманымі ў 50-я і крыху рэтушаванымі ў 90-я гады, пад ганебнай мянушкай «бульбашы» дзеля захавання аўтарытарнага кіраўніцтва?

Аб’яднаная грамадзянская партыя лічыць, што па гэтым накірунку, як і па астатніх, супрацоўніцтва з рэжымам бесперспектыўным, беспаспяховым і нават амаральным. Прынамсі да таго часу, пакуль хлуслівыя словы не заменяць канкрэтныя дзеянні і справы».

ucpb.org