Катастрофы не ведаюць нацыяў і палітыкі

Зноў вялікая бяда, чалавечая трагедыя для соцень сем’яў. Зноў слёзы, “хуткія дапамогі” для сваякоў і блізкіх загінулых. Гэтым разам у піцерскім аэрапорце “Пулкава”. І не мае значэння, дзе і з кім адбылася чарговая бяда.  



151031121906_pulkovo_crush_624x351_reuters_nocredit.jpg

Фота Reuters

У ранішняй катастрофе 31 кастрычніка над Паўночным Сінаем, паводле папярэдніх дадзеных, загінулі сама мала 224 чалавекі: 200 дарослых пасажыраў, 7 чальцоў экіпажа і яшчэ, самае страшнае, 17 дзетак. Самалёт быў расійскім, абсалютная большасць кліентаў расійскай авіякампаніі “MetroJet”, якія ляцелі на “Аэробусе-321”, былі таксама грамадзянамі Расіі. Але быў там беларус, былі ўкраінцы. Магчыма, і людзі іншых нацыянальнасцяў. Але гэта ў дадзеным выпадку абсалютна не важна.

Важна, што зноў загінулі ні ў чым не вінаватыя людзі. Зноў прычынаю трагедыі, на думку адмыслоўцаў, стаўся чалавечы фактар. Ёсць інфармацыя, што даволі дасведчаны капітан лайнера загадзя казаў пра непаладкі ў рухавіку. Але расійская тэхнічная кампанія, якая абслугоўвае рэйсы згаданай авіякампаніі, ці то не прыслухалася да словаў пілота, ці то паставілася да выканання сваіх абавязкаў абыякава. І вось вынік.

У інтэрнэце ужо ёсць заклікі 1 лістапада прыйсці з кветкамі да расійскай амбасады. У гэты дзень у гэтай краіне абвешчана жалоба. Магчыма, гэта трэба зрабіць. І беларусы пойдуць.

Можна ўспомніць, як чарада нашых суайчыннікаў дзесяць гадоў таму са свечкамі, лампадкамі і кветкамі ішла да амбасады Польшчы, калі пад Смаленскам разбіўся самалёт з прэзідэнтам Лехам Качыньскім і яшчэ 96 вышэйшымі чыноўнікамі гэтай краіны.

Можна ўспомніць, як сёлета ўвесну да амбасадаў Францыі і Германіі ішлі людзі са свечкамі, лампадкамі і кветкамі, каб выказаць сваю салідарнасць і спачуванне сваякам загіблых у страшэннай авіякатастрофе ў Французскіх Альпах, калі звар’яцелы другі пілот буйнога авіялайнера накіраваў самалёт са 149 пасажырамі ў небыццё.

Цяпер яшчэ адна трагедыя. Боль, жах, безвыходнасць, адчай — гэта толькі частка пачуццяў, якія зараз зведваюць тыя, чые родныя не вярнуліся з адпачынку ў егіпецкім Шарм-эль-Шэйху. Таму не трэба цурацца, грунтавацца на нейкіх палітычных момантах, а прыйсці да той жа расійскай амбасады і пакласці кветкі ці свечкі. Гэта не падтрымка пуцінскага рэжыму, гэта праява спачування і разумення невымернага гора блізкіх ахвяраў трагедыі. Альбо можна проста паставіць безыменную свечку ў царкве на памяць аб загіблых. Ці проста ў душы паспачуваць. Ніхто і ніколі не застрахаваны ад падобнага. А ўсе мы — людзі. Хоць многія з нас, незалежна ад нацыянальнасці, паходжання і грамадзянства, на вялікі жаль, забыліся, што гэта значыць.