Камандзір рускага самалёта, што разбіўся ў Егіпце, неаднаразова дакладваў пра непаладкі з рухавіком

Камандзір экіпажу самалёта «Кагалымавія», што разбіўся сёння ў Егіпце, пасля вылету дакладваў пра тэхнічную няспраўнасць і рабіў запыт на змену маршруту. Таксама ён цягам тыдня некалькі разоў скардзіўся на непаладкі з рухавіком.



airbus_a321_kahalymavija_.jpg

Airbus A321 «Кагалымавія»

Пра гэта піша «РИА Новости» са спасылкай на крыніцу ў Шарм-эш-Шэйху.

Таксама стала вядома, што перад вылетам самалёт даглядалі не егіпецкія інжынеры, а расейскія. Авіякампанія «Кагалымавія» мае свой тэхнічны персанал, што абслугоўвае лётны парк.

Гэта не першая здарэнне з самалётамі «Кагалымавія». У 2010 годзе ў аэрапорце Мешхед у Іране адбылася грубая пасадка самалёту, у выніку якой было зламанае шасі і адарвана хваставое апярэнне. 40 чалавек атрымалі траўмы.

У 2011 на самалёце «Кагалымавія» ў аэрапорце Сургутау ўсчаўся пажар. Загінулі тры пасажыры.


Самалёт Airbus авіякампаніі «Кагалымавія» выконваў рэйс Шарм-эш-Шэйх — Санкт-Пецярбург раніцай 31 кастрычніка. Праз 23 хвіліны пасля вылету з самалётам была згублена сувязь і ён знік з радараў. У хуткім часе было пацверджана яго крушэнне на Сінайскай паўвыспе ў Егіпце. На борце знаходзіліся 200 дарослых пасажыраў, 17 дзяцей, 7 членаў экіпажу. Усе — грамадзяне Расіі. Прычынай авіякатастрофы папярэдне называюцца тэхнічныя няспраўнасці. Вядома, што цягам тыдня пілот паведамляў пра непаладкі з рухавіком. Пасля вылету ён таксама запытваў экстранную пасадку, але потым перастаў выходзіць на сувязь.

www.svaboda.org