Кіна не будзе
Слуцкія міліцыянты ўчынілі аблаву на пенсіянераў пад час прагляду фільму пра Слуцкае паўстанне.
23 лістапада 2013 года 17 жыхароў горада Слуцка сабраліся для прагляду фільма «40 дзён сялянскай рэспублікі» у маленькай зале Казловіцкага дома культуры. Фільм не забаронены. Пастаноўка зроблена на дзяржаўным канале АНТ і яго можна з лёгкасцю знайсці на Youtube. Праз дзесяць хвілін пасля пачатку мерапрыемства ў залу ўварваліся супрацоўнікі аддзела аховы правапарадку і прафілактыкі праванарушэнняў Слуцкага РАУС. Узначальваў іх сам начальнік аддзела Шклярэўскі Дзмітрый Міхайлавіч.
Расказвае Зінаіда Цімошак. Пенсіянерка, грамадская актывістка. Былая настаўніца гісторыі:
— У нашым горадзе у канцы лістапада кожны год адбываюцца мітынгі у гонар гадавіны Слуцкага паўстання. Многія мае знаёмыя ўжо пажылыя людзі, якія вучыліся яшчэ на савецкіх падручніках. Мне ўжо надакучыла ім тлумачыць, чаму наш горад такі прывабны для штогадовых вандровак людзей з іншых гарадоў. Тут як раз патэлефаванала Ніна Стужынская, кандыдат гістарычных навук, аўтар кнігі пра Слуцкае паўстанне, якая кансультавала пастаноўшчыкаў фільма.
Запытала, ці ёсць цікавасць у людзей да фільма, знятага АНТ пра слуцкія падзеі. Цікавасць у людзей была. Дамовіліся наконт памяшкання у Казловіцкім доме культуры, паколькі там ёсць экран і лепшыя магчымасці для прагляду. Ніякіх папярэдніх заявак не падавалі ў райвыканкам, паколькі не ведалі, ці збяруцца людзі, ці знойдзем транспарт. (Казловічы знаходзяцца прыкладна ў 8 кіламетрах ад Слуцка). Да таго ж мы не збіраліся мітынгаваць, ці абмяркоўваць праблемы і не лічылі, што міліцыя аб’явіць гэта незаконнай сходкай. Аўдыторыя сабралася, у асноўным, пажылая. Многім даўно пераваліла за 70 гадоў, яны рады былі сабрацца і паглядзець фільм пра гістарычныя падзеі горада.
— А Шклярэўскі і міліцыянты ўстроілі такі вэрхал, што людзі да гэтага часу не могуць апомніцца. Не паспела Стужынская Ніна сказаць колькі ўступных слоў да фільма, як ў дзверы пагрукалі і
на парозе стаяў начальнік аддзела Шклярэўскі. Людзі прасілі яго прысесці, паглядзець, чым яны займаюцца, паслухаць цікавага чалавека, але ён быў няўмольны.
Спачатку на допыт вызвалі мяне, пасля міліцыянты раздзяліліся на «тройкі» і вялі «апытванні» людзей адразу ў 4-5 памяшканнях. Цягнулася гэтая дрэнная справа
больш за дзве гадзіны. Пасля удзельнікаў прагляду фільма адпусцілі, а мяне завезлі ў Слуцкі РАУС, паколькі я адказалася падпісваць адміністратыўны пратакол, напісаны маленькімі літарамі неразборлівым
почыркам Шклярэўскага. Адначасова запатрабавала весці са мной размову на белмове і скласці на гэтай жа мове пратакол. Міліцыянт Шклярэўскі паспрабаваў размаўляць на мове, а пасля стаў шукаць
перакладчыка. Спачатку хацеў назначыць мне перакладчыкам дырэктара Казловіцкага дома культуры Туміловіча Аляксандра, але я адмовілася ад яго паслуг. Туміловіч Аляксандр цудоўна валодае беларускай
мовай, пастаношчык выдатных спектакляў. Але пад час гэтай «аблавы» выглядзеў знясіленым. Было зразумела, што яго чакаюць наперадзе вялікія непрыемнасці.
У адносінах да мяне ў РАУС складзены адміністратыўны пратакол аб парушэнні артыкула 23.34. Кодэкса аб адміністратыўным правапарушэнні: парушэнне парадку арганізацыі правядзення сходаў. Папярэджана аб тым, што справа будзе перададзена ў суд.