Кобрын: доктарку не аднавілі на працы, інвалідам — хатняя хімія і штраф

Кобрынцам, якія раней прыцягваліся да адміністрацыйнай адказнасці за праяўленне сваёй грамадзянскай пазіцыі супраць фальсіфікацыі вынікаў прэзідэнцкіх выбараў і гвалту сілавікоў, вынесеныя прысуды.

Юлія Рафаловіч ў зале суду

Юлія Рафаловіч ў зале суду

Так, 24 траўня суддзя Таццяна Каберская па выніках грамадзянскага працэсу не аднавіла на працы вядомую ў Кобрыне дзіцячую доктарку Юлію Рафаловіч. Яна 16 красавіка была звольненая з Кобрынскай цэнтральнай раённай лякарні, бо адміністрацыя палічыла за прагулы знаходжанне педыятра ў зняволенні.

За ўпрыгожванне бел-чырвона-белымі стужкамі і ўлёткамі з заклікам «Кобрын, выходзь! Беларусь будзе вольнай!» гарадскога парка імя Аляксандра Суворава напярэдадні Дня Волі Юлію Рафаловіч пакаралі 7 суткамі арышту. Пры яе звальненні была праігнаравана 20-гадовая бездакорная праца доктаркі, партрэт якой упрыгожваў Дошку гонару лякарні, шчыры клопат педыятра пра маленькіх кобрынцаў у любы час сутак, а не толькі ў працоўны. Была пакінутая без увагі і просьба грамадскасці да галоўнага доктара бальніцы Міколы Брашко не звальняць лекарку, хоць пад такім зваротам было сабрана больш за 800 подпісаў (з іх 513 — на платформе Petitions.by).

Паводле шматдзетнай маці Аксаны Барташэвіч, якая выступала на працэсе ў якасці сведкі, Юлія Рафаловіч з’яўляецца «цудоўным прафесіяналам і чулым чалавекам, якую любяць яе дзеці». 

Адвакатка Наталля Піваварава назвала звальненне педыятра «вялікай прававой памылкай», паколькі Юлія Рафаловіч не парушала Працоўны кодэкс Рэспублікі Беларусь, бо здзейсніла адміністрацыйнае правапарушэнне ў свой вольны, а не ў працоўны час. «Я жадаю, каб Юлія Рафаловіч лячыла маіх унукаў, а не дабівалася ў судзе аднаўлення сваіх законных правоў», — падкрэсліла адвакатка.

Юлія Рафаловіч лічыць сваё звальненне з працы своеасаблівай формай помсты за сумленную грамадзянскую пазіцыю і іншадумства, бо адміністрацыя лякарні не мае аніякіх прэтэнзій да яе прафесійнай дзейнасці на пасадзе педыятра.

26 траўня па выніках разгляду крымінальнай справы суддзя Таццяна Каберская пакарала шматдзетнага бацьку, інваліда Сяргея Галя двума гадамі «хатняй хіміі» з выплатай 800 рублёў на карысць пацярпелай жанчыны — памочніцы выхавацелькі аднаго з дзіцячых садкоў горада.

krauczuk_2_logo.jpg

Сяргей Галь перад судовым пасяджэннем

15 лістапада 2020 года на пляцы Волі ў Кобрыне ля стэлы ў памяць вызваліцеляў краю ад нацыстаў у гады Другой сусветнай вайны грамадзяне зладзілі сціплы мемарыял у гонар беларусаў — ахвяр гвалту сілавікоў пасля сфальсіфікаваных прэзідэнцкіх выбараў. На прыступках стэлы ля здымкаў Аляксандра Тарайкоўскага, Генадзя Шутава і Рамана Бандарэнкі былі пастаўлены лампадкі і ўскладзены кветкі. Ля часовага мемарыяла знаходзіліся гараджане, у тым ліку супрацоўнікі Кобрынскага РАУС. У нейкі момант да стэлы падышла жанчына — супрацоўніца аднаго з дзіцячых садкоў горада, якая пачала разбураць мемарыял ахвярам гвалту сілавікоў пад ганебныя воклічы месцічаў. Калі жанчына сыходзіла, яе выцяў Сяргей Галь.

Сваю нястрыманасць мужчына матываваў тым, што быў збянтэжаны, абураны і ўсхваляваны вандалізмам жанчыны, якая абразіла спрадвечныя традыцыі памінання памерлых і загінулых, а таксама быў зняважаны абыякавасцю міліцыянтаў. Разам з тым, спадар Сяргей выбачыўся перад пацярпелай і часткова прызнаў сваю віну. Са свайго боку, жанчына прызнала, што не мела права разбураць мемарыял, усталяваны грамадзянамі, папрасіла суд прызначыць Сяргею Галю мінімальнае пакаранне, а ў якасці кампенсацыі за маральныя і фізічныя пакуты спагнаць з абвінавачанага адну тысячу рублёў.

Сведка Раіса Папова падкрэсліла, што менавіта абыякавасць супрацоўнікаў РАУС, якія аніяк не рэагавалі на акт вандалізму з боку жанчыны, матывавала нястрыманасць Сяргея Галя. «Калі б міліцыянты своечасова спынілі праяву вандалізму, не было б і сённяшняй крымінальнай справы», — заявіла сведка. 

Удзельнікі працэсу звярнулі ўвагу на тое, што, хоць падзеі ля стэлы былі зафіксаваныя на відэкамеру супрацоўнікамі РАУС, тыя адмовіліся прадаставіць следчым фрагмент відэазапісу з ганебнымі дзеяннямі жанчыны. Прычым, гэтым дзеянням праваахоўныя органы не далі аніякай прававой ацэнкі.

12 траўня па выніках разгляду адміністрацыйнай справы суддзя Вадзім Здановіч аштрафаваў інваліда Алеся Краўчука на 30 базавых велічынь за тое, што 6 студзеня мужчына змясціў ў сеціве рэпост з забароненага ў Беларусі тэлеграм-канала.

krauczuk_3_logo.jpg

Алесь Краўчук 

Але, як зазначыла адвакатка Наталля Піваварава, працэс супраць Алеся Краўчыка трэба спыніць, бо ў матэрыялах адміністрацыйнай справы адсутнічаюць доказы названага вышэй правапарушэння з боку мужчыны.

Згодна з тлумачэннямі апытаных супрацоўнікаў Кобрынскага РАУС, рэпост у сеціве магла змясціць любая асоба, што мела доступ да мабільнага тэлефона Алеся Краўчука. Прычым 15 лістапада 2020 года мабільны тэлефон Краўчука быў забраны ў яго супрацоўнікамі міліцыі ў рамках іншай адміністрацыйнай справы. Паколькі падчас тэхнічнай экспертызы тэлефона абвінавачанага супрацоўнікі РАУС атрымалі доступ да ўсёй асабістай інфармацыі Алеся Краўчука, адвакатка не выключыла мажлівасці ўстаноўкі міліцыянтамі лагіна і пароля да старонкі ў Фэйсбуку, а затым — любой інфармацыі ад імя ўласніка аж да змены лагіна і пароля.