Колькі «пакараных за пратэсты» ў Беларусі і ў суседніх краінах?
«Comm Беларусь» правяла параўнанне маштабаў адміністрацыйнага пераследу ўдзельнікаў шэсцяў, сходаў, мітынгаў і дэманстрацыяў у Беларусі, Украіне, Расіі і Польшчы ў 2020 годзе.
Даныя па Расіі, Украіне і Польшчы аналітыкі атрымалі ад афіцыйных дзяржаўных органаў. Па Беларусі, паколькі органы звесткі не публікуюць, даводзіцца карыстацца няпоўнай інфармацыяй афіцыйна ліквідаванага праваабарончага цэнтра «Вясна».
Беларусь
У «Вясны» ёсць звесткі аб 22 тыс. 623 персонах з 33 тысяч усіх затрыманых у 2020 годзе.
З іх у 10407 чалавек указаны артыкул 23.34, у той час як у многіх артыкул зусім не паказаны.
«Так што, хутчэй за ўсё, лік асуджаных па 23.34 большы за 20 тыс. чалавек, нават улічваючы той факт, што некаторых затрымлівалі без прыцягнення да адміністрацыйнай адказнасці і некаторых прыцягвалі не па 23.34, а па "дробным хуліганстве" і "непадпарадкаванні"».
Польшча
У 2020 годзе ў Польшчы таксама былі масавыя пратэсты, калі палякі выступалі супраць царквы, нацыяналістаў і ўрада, абураючыся забаронай абортаў.
Колькі людзей прызначылі адміністрацыйныя пакаранні ў Польшчы за ўдзел у сходах? Для адказу на гэтае пытанне эксперты звярнуліся да даных судовай статыстыкі Міністэрства юстыцыі Польшчы.
Усяго ў 2020 годзе суды першай інстанцыі Польшчы разгледзелі справы па арт. 50 і 52 Кодэкса аб дробных правапарушэннях у дачыненні да 732 чалавек. З іх 328 былі апраўданыя ці не падвергліся ніякаму пакаранню, а 404 падвергліся пакаранню:
1 чалавек быў арыштаваны,
19 чалавек былі пакараныя грамадскімі працамі,55 чалавек атрымалі вымову (аналаг «папярэджання»)321 чалавек быў аштрафаваны.
Параўнанне чатырох краін
На карце прыведзена параўнанне нашай краіны з суседзямі.
«Праўда, варта зрабіць заўвагу, што непасрэдна колькасць прыцягнутых паказана толькі па Беларусі (па даных "Вясны"), а па астатніх краінах паказана колькасць фігурантаў адміністрацыйных спраў. Вялікая колькасць фігурантаў у суседніх краінах не былі ў выніку прыцягнуты да адказнасці: справы былі закрытыя, фігуранты апраўданыя і г.д. У Польшчы, напрыклад, 55 працэнтаў з фігурантаў падвергліся пакаранню, у Расіі — 65 адсоткаў», — падкрэслілі ў «Comm Беларусь».
thinktanks.by