Краіна вымірае? У Беларусі — больш за 10 тысяч пакінутых дамоў
У Беларусі практычна ў любой вёсцы ці нават на ўскраіне горада стаяць закінутыя хаты. Чаму так адбываецца? Хтосьці памёр, хтосьці ўцёк з краіны, а многія папросту не ў стане ўтрымліваць вясковыя дамы, якія набывалі пад лецішча ці атрымалі ў спадчыну. Грошай не стае нават проста аформіць паперы.
У Адзіным рэестры пустых дамоў цяпер захоўваецца інфармацыя больш як пра 10 тысяч будынкаў. Выданне «Office life» адзначае, што яшчэ ў траўні ў рэестры было толькі 6,6 тысячы такіх аб’ектаў.
Адзіны рэестр апусцелых дамоў пастаянна актуалізуецца. Цяпер у ім змяшчаецца інфармацыя пра больш як 10 тысяч дамоў, у тым ліку тых, датычна якіх праводзяцца мерапрыемствы па пошуку ўласніка, а таксама прынята рашэнне аб іх продажы, адзначаецца на сайце Дзяржаўнага камітэта па маёмасці Рэспублікі Беларусь.
Доступ да рэестра адкрыты і бясплатны. Усе жадаючыя могуць паглядзець характарыстыкі той ці іншай хаты, даведацца яе месцазнаходжанне, стан, час забудовы. Усе гэтыя даныя збіраюць мясцовыя выканаўчыя і распарадчыя органы.
Таксама ў ведамстве адзначылі, што на публічнай кадастравай карце ёсць пласт з інфармацыяй пра месцазнаходжанне пустых жылых дамоў, прызначаных для продажу. Гэты пласт стварылі якраз на аснове даных з рэестра.
Рэестр запрацаваў у пачатку 2023 года. Тады ў ім была інфармацыя толькі пра 1200 дамоў. Спіс пачалі фарміраваць у адпаведнасці з Указам Лукашэнкі №116 ад 24 сакавіка 2021 года «Аб адчужэнні жылых дамоў у сельскай мясцовасці і ўдасканаленні работы з пустымі дамамі». Акрамя гэтага, дакумент вызначае «парадак прысваення дамам статусу пустых і парадак работы з імі».
Чым тлумачыцца тэндэнцыя росту пустых дамоў? Найперш двума фактарамі: фізічным выміраннем вясковага насельніцтва краіны, а таксама выездам тысяч людзей за межы Беларусі ў выніку пераследу. Выязджаючы, яны змушана пакідаць свае лецішчы і вясковыя дамы.
Але існуе і іншая праблема: цяпер людзі не маюць лішніх грошай, на якія можна было б добраўпарадкаваць хаты, у якіх не жывуць. На гэты аспект праблемы звяртае ўвагу «Віцебская Вясна».
Закінутыя хаты – яскравы паказчык адсутнасці грашовага дабрабыту беларусаў
Так, у Бешанковіцкім райвыканкаме заявілі наўпрост, што закінутыя хаты — з-за безграшоўя беларусаў. Мясцовыя чыноўнікі канстатавалі, што многія жыхары раёна не ў стане ўтрымліваць вясковыя дамы, раней набытыя «пад лецішча».
Тое самае адбываецца з хатамі, атрыманымі ў спадчыну ад бацькоў і дзядоў: нашчадкі не маюць сродкаў, каб аплаціць паслугі па афармленні ўчасткаў, зрабіць новы тэхнічны пашпарт і гэтак далей. Заклікі захоўваць памяць сям’і і агітацыя за перспектывы адпачынку ў маляўнічых мясцінах не дапамагаюць, калі ў людзей банальна няма сродкаў даглядаць дамок у вёсцы.
У Бешанковіцкім раёне на сённяшні дзень каля 100 аб’ектаў, занесеных у Адзіны рэестр дамоў, што не маюць гаспадароў, піша газета «Витебские вести». Але гэта далёка не поўная карціна таго, што можна ўбачыць практычна ў любой вёсцы ці нават на ўскраіне горада. У рэестр трапляюць толькі тыя пабудовы, якія афіцыйна перайшлі ў валоданне дзяржавы. Дарэчы, іх прапануюць набыць за сімвалічныя кошты, часам за адну базавую велічыню, каб папоўніць дзяржаўны бюджэт і не выдаткоўваць сродкаў на знос.
Большасць закінутых хат маюць сваіх афіцыйных гаспадароў, вымушаных махнуць рукой на маёмасць, якая вымагае ўкладання грошай. Рэдка хто наважваецца на стварэнне аграсядзіб, каб атрымліваць прыбытак, дый умовы для такой дзейнасці цяпер дзяржава ўскладніла.
Забраць дом проста так райвыканкам не мае права: каб закінутая пабудова перайшла ў дзяржаўную ўласнасць, мясцовыя ўлады вымушаны шукаць гаспадароў або давесці праз суд, што іх няма. Працэдура дужа складаная і працяглая па часе.
У выніку маем што маем: безліч пустых хат рознай ступені занядбанасці. І гэта не паказчык безгаспадарнасці беларусаў, якія не клапоцяцца пра «радавое гняздо» і забыліся пра памяць продкаў, а адлюстраванне фінансавага становішча людзей, якім цяпер не да адпачынку на вёсцы ў дыхтоўным дамку.
Дзяржава, якая называе сябе сацыяльна-арыентаванай, аніякім чынам матэрыяльна не падтрымлівае тых, хто хацеў бы ўзнавіць або прыдбаць вясковую сядзібу. А людзі вымушаны выдаткоўваць уласныя сродкі на больш надзённыя патрэбы.
Паводле hpravy.org, vitebskspring.org, officelife.media