Краўдфандынг: ганебнае папрашайніцтва або «пераліванне крыві» ў грамадстве?

Сёння нават Мінздароўя збірае на барацьбу з кавідам. Але ці такая ўжо новая з'ява — краўдфандынг? І дзе мяжа, калі прасіць робіцца нясорамна?

1013908_800.jpg

Што яднае апостала Паўла, Скарыну і Багдановіча

Сама справа грашовых збораў у тых, хто мае лішак, для тых, хто мае патрэбу, — вельмі чалавечная. Рызыкну выказаць думку, што яе распаўсюд быў закладзены, ці, як мінімум, пашыраны і легітымізаваны ў апостальскія часы. Апостал Павел адной са сваіх місій у пастаянных вандроўках бачыў збор грошай у багатых вернікаў (напрыклад, у грэцкіх партовых гарадах) і перадачу іх бедным (напрыклад, ерусалімскай царкве). Ён цікава гэта абгрунтоўваў: маўляў, ерусалімскія браты і сёстры падзяліліся з вамі верай і дабравесцем, што ж такога, калі вы з імі падзелецеся вашымі фінансавымі лішкамі. Аднак Павел неаднаразова падкрэсліваў, што сам ніколі не карыстаўся падобнымі зборамі для сябе, а заўжды працаваў для самазабеспячэння (вырабляў намёты).
У беларускай традыцыі таксама было прынята дапамагаць адзін адному. Наўрад талака будзе дарэчным прыкладам, бо ўсё ж мы гаворым пра грашовы збор, які быў магчымы пры пэўнай ступені манетызаванасці грамадскіх зносінаў. Але чаму б не паверыць у прыгожы міф аб тым, што яна магла быць перадумовай грашовых збораў дзеля ўзаемападтрымкі на нашай глебе? У любым разе, збор для пацярпелых ад нейкай навалы даволі распаўсюджаны і добра задакументаваны ў айчыннай гісторыі новага часу.
На памяць адразу прыходзяць заклік Вайніловіча да мінчукоў ахвяраваць на будаўніцтва Чырвонага касцёла, збор грошай сярод віленчукоў на подкуп аховы ў Базыльянскіх мурах, каб арыштаваныя філаматы і філарэты маглі вальней пачувацца ў вязніцы... То-бок, з'ява не была дзівам.
Магу дапусціць, што раней значна большы распаўсюд мелі фундушы — калі нейкая багатая асоба з ліку магнатэрыі «пакрывала» ўсю патрэбу «праекта», як, напрыклад, купцы Мамонічы далі грошы на кнігі Скарыны, а Магдалена Радзівіл — на «Вянок» Багдановіча.
Калі і існавалі супольныя зборы на больш агульныя справы, то наўрад яны «перакрочвалі» межы закрытых супольнасцяў, брацтваў, цэхаў. У XIX стагоддзі існавала падпіска на кнігі. Гэта, у прынцыпе, адпавядае мадэлі цяперашняга краўда з той толькі розніцай, што ў падпісках грашовыя пераводы, збольшага, рабіліся не перад запускам праекта, а калі ўжо было дакладна вядома, што кніга будзе выдавацца.
XXI стагоддзе прывяло да магчымасці збору для чаго заўгодна ў каго заўгодна, так што лепшага выразу, чым «фінансаванне натоўпам» («crowdfunding») і не прыдумаеш.

Прыкмета дэмакратыі ці вынік забаронаў?

Ці гэта сорамна — прасіць? А чаму не? Усё празрыста і сумленна: вось ідэя, аўтар якой заклікае ўсіх, хто хоча яе рэалізацыі, скінуцца рублём. Ну, маленькую дольку «адшчыпвае» пляцоўка, якая дапамагае выйсці на шырокую аўдыторыю, дае інструменты для збору, гарантыі бяспекі для пераводаў...
З'яўленне ў Беларусі такіх пляцовак кажа пра пэўную дэмакратызацыю, спрашчэнне фінансавых механізмаў «пералівання крыві» ў грамадстве, а паспяховасць многіх праектаў — пра «тлушч» у ім, які дазваляе фінансаваць не толькі, напрыклад, экстранае лячэнне, але і культуру.
Але чаму, напрыклад, тая ж Земфіра не была заўважана ў закліках сваіх фанаў рабіць данаты, а Вольскі ў апошнія гады ўсё часцей прыбягае да гэтага? На альбомы звычайна «аскаюць» тыя, хто яшчэ не выбіўся ў топ і не мае багатага таты за спінай, ці тыя, у каго справы не заладзіліся. Так, былі заўважаны ў краўдзе і такія кіты як ДДТ і БГ (праўда, апошні прысвяціў гэтаму асобны ролік, дзе падкрэсліў, што ён нічога ні ў кога ніколі не прасіў — што паказвае ўсё ж на пэўную «сарамлівасць» пытання). Але з іх боку гэта можа быць і спробай пазбегнуць удзелу пасярэднікаў у фінансавых схемах, уласцівых традыцыйным спосабам фінансавання альбомаў, тураў і г.д. А можа і апальнасць саміх артыстаў у сучаснай Расіі штурхае іх да больш нефармальных (на тое яны і нефармалы) стасункаў са сваёй вялізнай і надзейнай арміяй фанаў, на якіх не грэх і абаперціся.
У любым разе, рознасць намацваецца, і я адважуся яе сфармуляваць: у іншых краінах краўд з'яўляецца інструментам для аматараў, не ўпэўненых у поспеху, у Беларусі ж гэта — універсальны трэнд.
Па сутнасці, краўд для музыкі — той жа адкрыты гітарны чахол вулічнага музыкі ў падземным пераходзе. І ўявіць нашых зорак у гэтым умоўным пераходзе нескладана. Відаць, прычынай нашай спецыфікі з'яўляецца тое, што шоу-бізнес так і не выйшаў на ўзровень, калі зоркі могуць сабе дазволіць «не прасіць». А можа, нашых герояў сцэны штурхаюць да краўда шматлікія забароны ды перашкоды з боку ўладаў. Таўро «нізкага мастацкага ўзроўню» лягло плямай ніяк не на іх годнасць, а найперш — на спосаб іх самазабеспячэння. Але не будзем адмаўляць: чым больш просіш, тым больш робішся залежным ад сваёй аўдыторыі, дабрадзея, фундатара.

Гэтаму — даваць, гэтаму — не даваць

Звернем увагу і на сферу турыстычных аўтарскіх праектаў. Некаторыя з іх, дасягнуўшы даволі саліднага ўзроўню, маючы шматтысячныя паблікі ў сацсетках, распіяраныя ў СМІ і ўхваленыя аўтарытэтамі — усё адно клянчаць капейку. Здавалася б, чаму не ўвесці звычайны квіток, які быў бы прыкметай стабільнасці, упэўненасці, гарантыі, і добра працаваў на імідж арганізатара? Верагодна, нявыгадна, бо схема ахвяраванняў пазбаўляе ад падатковых клопатаў, дае магчымасць багатых данатаў. У ёй можна па-рознаму папрасіць, дадаць праекту прыгожы прыдомак «сацыяльна-асветніцкі», і атрымаць значна болей, чым ад фіксаванага квітка. А калі меней? Рызыка ёсць. Але падобныя дзялкі даюць рады і гэтаму — называюць «мінімальныя рэкамендаваныя» сумы для ахвяраванняў.
Колькі разоў я сустракаўся з тым, што арганізатары івэнтаў у афішы пазначалі «ўдзел бясплатны», а ўжо падчас імпрэзы пускалі свае чароўныя капелюшы па шэрагах, ці яшчэ горш — настойліва, з маніпулятыўным узіраннем у вочы падыходзілі да кожнага прысутнага, выбіваючы грошы. Здаецца, нічога кепскага — сабраць грашовую падтрымку ў тых, каму спадабалася. Але толькі калі пра гэта гаварылася загадзя, бо «бясплатна» — гэта бясплатна, і ні адзін глядач не прагне аказацца ў сітуацыі, калі ў яго нечакана і прылюдна пачынаюць прасіць грошай ды яшчэ «рэкамендуюць» мінімальную суму... Таму я, напрыклад, не кідаю ані рубля музыкам у пераходзе, калі яны працуюць з «аскерамі» — надакучлівымі прасілкамі (часта на гэтую ролю выбіраюць дзяўчыну у спадніцы пакарацей).
Мне хацелася б бачыць, як нашыя артысты збіраюць поўныя залы, распрадаючы ўсе квіткі па высокіх коштах. Мне хацелася б, каб нашае грамадства нарэшце навучылася адрозніваць хітругаў ад крэатыўнай безграшовай моладзі, якая фантануе ідэямі, але мае патрэбу ў рублі на старце. Мне хацелася б, каб грамадства папросту стала мудрым, і ва ўмовах, калі ўсе збіраюць на ўсё, добра ведала, у чые рукі што пакласці.
Нарэшце, мне не хацелася б, каб у адзін цудоўны дзень на адной з краўдфандынгавых платформаў з'явіўся праект пад назвай «Беларусь» — калі краіна будзе не ўстане ўтрымліваць сябе, а будзе цалкам залежыць ад міласці іншых. А менавіта да гэтага ўсё пакуль і ідзе.