Крывёй за жыццё

Усё больш збяднелых ад крызісу беларусаў пачалі зарабляць на ўласнай крыві. З большага гэта студэнты і беспрацоўныя, але хапае і донараў са стажам.



536eecee295b92db6b32194e269541f8.jpg

Валер — студэнт-завочнік БДУ. Знайсці годную працу васямнаццацігадоваму юнаку, які толькі скончыў школу, апынулася не так лёгка. Заробкі ў некваліфікаваных працаўнікоў не надта высокія. За такія грошы нават пракарміцца складана.
«Я працаваў кіроўцам у «Мінсксанаўтатрансе» — дзяржаўнай арганізацыі, якая абслугоўвае ўстановы аховы здароўя, — расказвае Валер. — Спачатку ўсё было нармальна. Але калі я вырашыў звольніцца, бо з’явіўся лепшы варыянт, высветлілася, што ўжо тыдзень таму кіраўнік аўтакалоны пачаў рыхтаваць дакументы на звальненне па артыкуле. Я быццам бы тыдзень не з’яўляўся на працы. Падчас разліку высветлілася, што мая машына спажывала значна больш паліва, чым гэта вызначана нормай. З тых 300 тысяч, што мне заплацілі за месяц працы з 9 ранку да 6 вечара з двума выходнымі, яшчэ каля 120 вылічылі за перавыдатак паліва.
Здача крыві для Валера зараз — вымушаны дадатковы заробак. Пасля пачатку крызісу ад жадаючых стаць донарам не адбіцца. Валер, напрыклад, змог патрапіць на здачу толькі праз два месяцы пасля запісу.
Дзень донара пачынаецца з самага ранку. Усе працэдуры разам з дарогай займаюць каля шасці гадзін. Садзімся ў тралейбус. Кандуктару Валер паказвае студэнцкі — тое, што ён вучыцца на завочным, напісана на зваротным баку дакумента, і кандуктар гэтай дэталі не заўважае.
Перш за ўсё едзем у паліклініку. Тут трэба ўзяць выпіску з медыцынскай карткі аб тым, што за апошні месяц донар не хварэў. Пасля атрымання паперы накіроўваемся ў Рэспубліканскі навукова-практычны цэнтр трансфузіялогіі і медыцынскіх біятэхналогій, што месціцца ў Навінках. Здаць кроў і яе кампаненты ў Мінску і Мінскім раёне можна ў шасці месцах. Кроў прымаюць паўсюль, а вось яе кампаненты — не.
Цэнтр досыць сучасны. На ўваходзе дзяжурыць супрацоўнік Дэпартамента аховы МУС. На першым паверсе — буфет і касы, на другім — кабінеты лекараў, а на трэцім у донараў прымаюць кроў і яе кампаненты.
Перад здачай крыві патрэбна прайсці шэраг лекараў. Заўзятых аматараў алкаголю і наркотыкаў тут няма — здароўе донара дасканала правяраецца. Спіс пастаянных супрацьпаказанняў да донарства змяшчае 36 пунктаў. Яшчэ 11 пунктаў — часовыя супрацьпаказанні. Сярод іх ёсць і стан пасля аперацый і хвароб, а ёсць і незвычайныя — калі вы больш за два месяцы былі ў замежнай камандзіроўцы, давядзецца яшчэ два месяцы пачакаць, пакуль можна будзе здаць кроў. За двое сутак да здачы нельга ўжываць алкаголь, за суткі — есці тлустую, смажаную, вэнджаную і вострую ежу, а за тры гадзіны — паліць.
Звычайная здача крыві каштуе 318 тысяч. Студэнты дзённай формы навучання атрымліваюць яшчэ 71 000 рублёў. За здачу кампанентаў крыві прадугледжаны яшчэ большыя даплаты. Выдаецца і талон на харчаванне. Ён разлічаны на 14 тысяч рублёў. За іх донар атрымлівае дзве шакаладкі «Спартак», пачак печыва, два пакецікі цукру і пакецік з гарбатай. Талон можна памяняць на грошы, але звычайна так ніхто не робіць.

Рэспубліканскі навукова-практычны цэнтр трансфузіялогіі і медыцынскіх біятэхналогій

У сталоўцы

Здаючы кроў пастаянна, можна здабыць дадатковую выгоду — пасля саракавой у жыцці здачы крыві донара ўзнагароджваюць знакам «Ганаровы донар Рэспублікі Беларусь». Праўда, шэрагу льгот ганаровых донараў пазбавілі яшчэ ў 2007 годзе. Але нешта засталося: права на пазачарговае абслугоўванне ў дзяржаўных установах аховы здароўя, прадастаўленне працоўнага адпачынку ў зручны час ды іншае. А па выхадзе на пенсію ганаровыя донары Беларусі, БССР і СССР атрымліваюць да яе надбаўку — 40% ад мінімальнай пенсіі па ўзросце.
Праеўшы талон, мы ідзем на трэці паверх — кроў прымаюць менавіта там. Дачакаўшыся сваёй чаргі, заходзім у донарскі зал. Тут — шэраг крэслаў, як у стаматалагічным кабінеце. Яны дазваляюць перавесці донара ў напаўляжачы стан — гэта робіцца для таго, каб выраўняць ціск. Працэс здачы ідзе каля пяці хвілін — за гэты час у кантэйнер паспявае набрацца 450 грамаў крыві. Потым яго запайваюць, а рэшту крыві з трубкі зліваюць у прабірку. Пракол туга бінтуюць, і донару ўжо можна ўставаць.
Зняць бінт можна будзе праз некалькі гадзін. Пасля здачы абавязкова трэба адпачыць паўгадзіны ў залі чакання, дзе можна паглядзець тэлевізар — пасля здачы ў донара падае ціск, і, калі рабіць рэзкія рухі, можна страціць прытомнасць.
У наступны раз Валер вернецца сюды прыкладна праз два месяцы — калі яму дазволяць здаваць плазму. У адваротным выпадку — у пачатку жніўня, каб здаць кроў. Фактычна, два месяцы пройдуць, пакуль у арганізме цалкам адновіцца аб’ём крыві, і два месяцы — у чаканні чаргі.
У параўнанні з дакрызіснымі коштамі, зараз за адну здачу донару плацяць прыкладна на 10 долараў больш, чым раней.
Фота аўтара.