Ксёндз Барок: Беларускае правасуддзе прызнае, што ўлада наша выглядае, як тая, што вось-вось сканае
«Не здзіўлюся, калі беларускае правасуддзе ў хуткім часам завядзе крымінальную справу "супраць хрысціян", бо інкрымінуюць нам, што мы іх хацелі задушыць сваёй любоўю. А Севярынцу загадаюць кампенсаваць матэрыяльныя страты МУС за знішчэнне берцаў сваім сэрцам». Ксёндз з Расонаў Вячаслаў Барок у сваім ютуб-блогу разважае пра розніцу паміж мёртвым і жывым. Яго разважанні прыводзіць тэлеграм-канал «Хрысціянская візія».

Вельмі сімвалічна стала, што сістэма беларускага правасуддзя таксама дзейсных прадстаўнікоў улады не адрознівае ад тых, хто ўжо адказвае перад правасуддзем Божым, бо памёр. Сістэма настолькі згубіла вітальныя сілы, што ў ёй усё пераблыталася.
Аб чым гэта я? — спытаецеся вы. Ведаеце, такія думкі ўзнікалі ў маёй галаве тады, калі пачуў, як пад некралогам памерлага міліцыянера з Магілёва трое грамадзян напісалі свае каментары, а следчыя адпаведных органаў "далі прававую ацэнку дзеянням каментатараў і прызналі іх падазраванымі па крымінальнай справе за публічную абразу прадстаўніка ўлады".
Я, безумоўна, не за тое, каб кагосьці абражаць. Ні жывых, ні мёртвых хрысціянін не павінен абражаць. Але ж тым больш я супраць таго, каб прадстаўнікі ўлады жылі так, каб пасля сваёй смерці апрача абразлівых слоў нічога іншага не маглі пачуць.
Я не хачу даваць ацэнкі каментарам, за якія завялі крымінальную справу. Я хачу выказаць сваё здзіўленне з прычыны таго, што крымінальная справа заведзена за публічную абразу прадстаўніка ўлады, які памёр.
Ці хтосьці можа адказаць мне на пытанне: якім чынам памерлы чалавек можа быць прадстаўніком дзейснай улады? Як нябожчык можа прадстаўляць жывых? Калі ўсё ж беларускае правасуддзе лічыць, што можа, то гэта значыць толькі адно, што беларускае правасуддзе прызнае, што ўлада наша выглядае, як тая, якая калі не ўжо памерла, то вось-вось сканае і яе пахаваюць у магілу.
Напэўна, такі каламбур становіцца рэальнасцю нашага жыцця таму, што ў Беларусі ад пэўнага часу “не да законаў". А вось гэта і ёсць тая дарога, якая вядзе ў магілу.
Бо, вядома, усякае беззаконне раней ці пазней будзе пахаванае, хлусня — раскрытая, а кожнае зло — асуджанае і пакаранае.
А вось дабро і праўда, закон і справядлівасць, колькі іх ні спрабуй забіць або закапаць у магілу, з гэтага нічога не атрымаецца, бо яны вечныя. Бо Хрыстос на трэці дзень уваскрос. А значыць, і праўда возьме верх.
Нам, хрысціянам, у такім апакаліптычным тэатры абсурду, у якім ролю прадстаўнікоў зямной улады адыграюць нябожчыкі, галоўнае — трымацца Хрыста, прычапіцца да Яго, як галінкам да вінаграднай лазы. (пар. Ян 15, 1-8). І вось тады, нават у нялюдскіх умовах, мы здольныя будзем даваць “багаты плён”. (Ян 15,5) І станавіцца ўсё бліжэй перамогі дабра.
А таму і хрысціяне, якія сёння сядзяць за кратамі, з якіх здзекваюцца і якіх катуюць, з турмаў пішуць: “Яны нас берцамі, а мы іх — сэрцамі". Гэта словы праваслаўнага верніка Паўла Севярынца.
А вось словы каталічкі Вольгі Залатар: “Я буду шчаслівая, калі людзі на волі дзеля мяне будуць шукаць магчымасць рабіць дабро. Зняволенне мяне засмучае тым, што ў мяне абмежаваныя магчымасці рабіць добрыя справы, радаваць людзей. У маім сэрцы гарыць любоў”. Думаю, сам апостал Павел не адмовіўся б падпісацца пад такімі словамі і ўставіць у адно са сваіх паданняў, што напісала беларуская зняволеная, змагарка за справядлівасць.
Ну, немагчыма пахаваць у магіле тых, каго нават з царквы выганіш — а яны і так збіраюцца каля той самай царквы і ў холад, і пад дажджом, ды моляцца. Як заявіў без усялякай нянавісці пратэстанцкі пастар Вячаслаў Ганчарэнка: "Мы молімся за Лукашэнку".
Не здзіўлюся, калі беларускае правасуддзе ў хуткім часам завядзе крымінальную справу “супраць хрысціян”, бо інкрымінуюць нам, што мы іх хацелі задушыць сваёй любоўю. А Севярынцу загадаюць кампенсаваць матэрыяльныя страты МУС за знішчэнне берцаў сваім сэрцам.
Я веру ў тое, як Хрыстос сам выйшаў пасля смерці з няволі магілы, так хутка з-за кратаў Ён выведзе на свабоду ўсіх зняволеных.
Як і ў тое веру, што немагчыма пахаваць мару беларусаў змяніць да лепшага сваё жыццё. Гэтая мара мае свой пачатак і завяршэнне ў веры ў перамогу дабра над злом».