Ксёндз Вячаслаў Барок: «Касцёл які маўчыць, ідзе на Юдаву здзелку»

«Чаму ў такіх сітуацыях маўчыць Касцёл, маўчыць Царква? Чаму мы дажыліся да таго моманту, калі больш пра Бога гавораць палітвязні ў сваіх лістах з няволі, чым тыя прапаведнікі, якія маюць маюць абавязак прапаведваць Бога і называць дабро дабром і зло называць таксама па імені?» — разважае ксёндз з Расонаў Вячаслаў Барок на сваім ютуб-канале


Пра супакой, законнасць і справядлівасць сёння ў Беларусі можна толькі марыць.

21 мая абляцела вестка аб трагічнай смерці светлага чалавека, хрысціяніна-католіка Вітольда Ашурак. Ён трагічна памёр у турме, адбываў пакаранне — 5 гадоў зняволення. Нагадаю, першы раз, калі яго ў мінулым годзе затрымалі праваахоўнікі, то затрымалі з ружанцам у руках — вяртаўся з малітвы. Вось такія ў Беларусі парушальнікі грамадскага парадку: не з бітамі ды зброяй, але з ружанцамі.
І вось у такой сітуацыі гучыць пытанне: чаму Касцёл, Царква маўчаць? Яны, безумоўна, гавораць зрэдчас, але іх голас занадта ціхі. Чаму не скажуць ясна сваё слова? Чаму палітвязні, дасылаючы лісты на волю, прапаведуюць гучней, чым святары з амвонаў?
Сёння католікі адзначаюць дзень Пяцідзясятніцы — гэта ўрачыстасць, якая нагадвае гістарычную падзею Спаслання Святога Духа. Для хрысціянства гэта быў пераломны момант, бо Апосталы ўпершыню пасля ўваскрашэння Хрыста, без страху ў сэрцы, вышлі прапаведаваць Уваскрослага. Тым самым яны далі сведчанне веры ў перамогу дабра над злом.
Чаму раней маўчалі і раптам загаварылі? Адказ на гэтае пытанне, магчыма, дапаможа разабрацца і ў нашай сітуацыі. У Іерусаліме за 50 дзён нічога не змянілася. Былі тыя самыя людзі, тая самая ўлада чужой, ненавіснай Рымскай Імперыі, былі тыя ж самыя прыстасаванцы, калабаранты, прадстаўнікі мясцовай улады. І тым не менш, Апосталы пазбаўленыя страху, вышлі на вуліцы Іерусаліма, прапаведваючы слова Праўды. Чаму гэта стала магчымым? Змянілася адно: Апосталы атрымалі Духа Святога.
Касцёл у сучасным свеце часам збоку выглядае як той, хто жыве без Духа Святога, адбываецца гэта тады, калі маўчыць. <...>
Хтосьці скажа: але ў такіх умовах, як сёння, Касцёл павінен выжываць, трэба знаходзіць кампраміс.
Я ж заўважу, не мы першыя ў свеце сустракаемся ў Беларусі з такой дзяржаўнай сістэмай, якая, абапіраючыся на сістэму правасуддзя, адышла ад прынцыпаў законнасці і справядлівасці і праз аўтарытарнае кіраванне, забываючыся пра правы чалавека, наўпрост будуе фашызм.
Калі ў падобнай сітуацыі Касцёл у Германіі сустрэўся з небяспекай фашызму і нацызму, біскупы звярнуліся да Папы Рымскага, каб даў афіцыйны адказ, як трэба сябе паводзіць Касцёлу, тады, калі ў дзяржаве разгарнулася «кампанія супраць канфесійных школ і знішчэнне свабоды выбару». (Энцыкліка 5)
Папа Пій XI у 1937 г. выдаў Энцыкліку Mit brennender Sorge. Пра Касцёл і Германскі Рэйх. Супраць фашызму і нацызму.
У ёй падкрэсліў, што кампрамісу з фашызмам быць не можа: «… на карту прама пастаўленыя вышэйшыя інтарэсы, і альтэрнатыў толькі дзве — альбо духоўная гібель, альбо нішто іншае, як гераізм. Калі прыгнятальнік прапануе камусьці Юдаву здзелку адступніцтва, той можа толькі, цаною ўсялякага зямнога ахвярапрынашэння, адказаць разам з Богам Нашым: "Адыдзі ад Мяне, сатана, бо напісана: Госпаду Богу твайму пакланяйся і Яму аднаму служы"» (Энцыкліка 21).
Рэжым у Беларусі, які трансфармуецца на ўзор фашысцкага, ёсць кепскім не толькі таму, што ён кепскі для апанентаў, але ж ён ёсць злом таму, бо нясе смерць і для сваіх прыхільнікаў.
Вось хоць бы ўзяць апошнія трагічныя смерці двух супрацоўнікаў МУС, аднаго ў Брэсце, другога — у Полацку. Невядома, што гэта было: самагубствы ці забойствы, але ж вядома, так ці інакш, і яны сталі ахвярамі дзяржаўнага тэрору, у якім да нядаўняга самі прымалі непасрэдны ўдзел.