Куды падацца беларускамоўнаму беларусу ў Беларусі?
Пытанне не такое і простае, як можа паказацца на першы погляд. Вось нядаўна міністр замежных спраў нашай дзяржавы спадар Макей заявіў, што ўлада не дапусціць у Беларусі нацыяналізму, але чыйго? Беларускага, расейскага, а можа лаоскага?
Наколькі я зразумеў, дык спадар Макей меў на ўвазе нацыяналізм, як нешта дрэннае. На жаль для мяне, але яго ў гэтым падтрымаў старшыня ТБМ Трусаў! Я з’яўляюся сябрам Салігорскай суполкі ТБМ, яе сябрам з’яўляецца і мой дарослы сын Малочка Аляксандр, якога нядаўна затрымалі супрацоўнікі ДАІ г.Салігорску, і якому ж было адмоўлена ў састаўленні пратаколу па-беларуску.
Гісторыя гэта мае працяг. Пратакол на Аляксандра быў састаўлены за тое, што ў яго на аўто на пасажырскіх вокнах былі так званыя шторкі, што дапускаецца тэхнічным рэгламентам Рэспублікі Беларусь. Гэта па-першае. Па-другое, пратакол састаўляўся на яго, як за паўторнае парушэнне на працягу года.
У пятніцу, 2 ліпеня, ён быў вызваны ў Салігорскае ДАІ для разгляду справы. Аказалася, што паўторнасці няма, і супрацоўнікі ДАІ хочуць перапісаць пратакол, што ўсё-такі паўторнасці няма, але яны і слухаць не хочуць пра састаўленне пратаколу па-беларуску. Адклалі разгляд — будуць думаць! (Хачу, каб мяне зразумелі правільна — я ж не супраць таго, каб супрацоўнікі саставілі нейкі пратакол, калі яны лічаць, што было нейкае парушэнне, але я за тое, каб гэты пратакол быў састаўлены па-беларуску. І гэта прынцыпова!)
Чым яны гэта абгрунтоўваюць, дык гэта тым, што ў краіне двухмоўе. А зараз пытанне да спадароў Макея і Трусава: ці павінен просты грамадзянін нашай краіны ведаць абедзве дзяржаўныя мовы і ці мае ён права ведаць і размаўляць толькі на беларускай мове? І што яму рабіць, калі ён не ведае альбо не хоча ведаць рускай мовы? Ці павінны дзяржаўныя служачыя, у тым ліку і супрацоўнікі ДАІ, ведаць абедзве дзяржаўныя мовы і не “атфутбольваць” адну з іх — беларускую. Што павінна рабіць дзяржава з тымі службоўцамі, якія не ведаюць дзяржаўных моў? Дык вось, я ўсё ж такі нейкі юрыст — службоўцы, дзяржслужачыя павінны ведаць абедзве дзяржаўныя мовы, а просты грамадзянін мае права быць нават глуханямым, калі так сталася з ім альбо ён так хоча сам!
А зараз падсумуем: Я лічу, што раз тэхнічным рэгламентам дазваляецца прымяненне шторак, то парушэння ніякага не было, і супрацоўнікі ДАІ аб гэтым не маглі не ведаць. Але вось якую інфармацыю мне даслалі на пошту — гэта раздрукоўка са старонкі “У кантакце” сына, аднаго з супрацоўнікаў ДАІ, які затрымліваў Аляксандра, і якому 17 гадоў. Што там напісана. Што ён “русский”. У падарунак сваім сябрам дасылае георгіейскія стужкі, ну і, што мяне ўразіла, што ў перапісцы са сваімі сябрамі па факту затрымання Аляксандра і потым, калі гэта было на сайтах, ён піша: “Найду этого националиста….”. Гэта піша 17-гадовы юнак, сын супрацоўніка ДАІ, які працуе на беларускую дзяржаву. І заўважце, што ў вачах гэтага хлопца, Аляксандр “нацыяналіст” (у самым дрэнным фармаце) толькі за тое, што запатрабаваў, каб склалі пратакол на дзяржаўнай беларускай мове!
А зараз я магу сабе дапусціць вось што: на лабавым шкле аўто Аляксандра ёсць два маленькіх сцяжка — БЧБ і “жоўта-блакітны” (ні адзін з іх заканадаўча не забаронены). І калі сын супрацоўніка ДАІ так лёгка адносіць людзей да нацыяналістаў, то можна ўявіць, з якімі думкамі ходзіць на працу бацька і за якія з двух сцяжкў затрымалі аўто Аляксандра. Ці за абодва адразу? Ці можа так атрымацца, што спынілі за сцяжкі, бо не “нравятся”, а паколькі яны ж не забароненыя, то “прычэпімся” за што-небудзь?
Дык чыйго “нацыяназізму” не павінна дапусціць беларуская дзяржава? Прабачце, але не я гэта ўсё пачаў!