Леанід Кулакоў звярнуўся ў КПЧ ААН

Суддзя Першамайскага раёна Мінска Іна Сідарок «выхоўвала» актывіста «Еўрапейскай Беларусі» Леаніда Кулакова на працягу года двойчы. 23 сакавіка яна адправіла яго за краты на 10 сутак за вывешванне расцяжкі «Свабоду Хартыі-97» і фаер у руках, а 27 жніўня «ўляпіла» 40 базавых штрафу (980 руб.) за дэманстрацыю сцяга прафсаюза РЭП і выкрыкванне лозунга «Жыве Беларусь!».

Фота з сацсетак

Фота з сацсетак

Вычарпаўшы ўсе эфектыўныя сродкі прававой абароны ўнутры краіны, Леанід Кулакоў 17 кастрычніка падаў скаргу ў Камітэт ААН па правах чалавека. Мужчына лічыць, што ў абодвух выпадках беларускія ўлады парушылі яго права на мірныя сходы і выказванне меркавання.
«Нават калі я прыняў удзел у несанкцыянаваным пікеце ў першым выпадку і стыхійным мітынгу ў другім, трымаючы ў руках фаер і бел-чырвона-белы сцяг, з выкрыкваннем лозунгаў, суддзя абавязана была ацаніць мае дзеянні, зыходзячы, у першую чаргу, з міжнародных абавязацельстваў нашай краіны ў галіне правоў чалавека, а менавіта, даказаць мэтазгоднасць уведзеных на мае правы «абмежаванняў», — заяўляе Леанід Кулакоў.
Праваабаронца Леанід Судаленка адзначае, што пры абмежаванні правоў менавіта на ўладах кожны раз ляжыць абавязак даказаць, для дасягнення якой мэты яна пераследуе грамадзян. Да таго часу, пакуль любога роду сход праходзіць мірна, улада наогул не мае права ў яго ўмешвацца.
Ён нагадаў, што пасля абвяшчэння прысуду лідарам прафсаюза РЭП Генадзю Фядынічу і Ігару Комліку ля Дома правасуддзя ў Мінску, фактычна, паўстаў стыхійны мірны сход.
«Нацыянальны закон наогул не прадугледжвае парадак правядзення, як у дадзеным выпадку, стыхійных сходаў. Такім чынам, любы стыхійны сход апрыёры ў нас лічыцца незаконным. Аднак і гэта не галоўная праблема. Асноўнай праблемай у нашай краіне сёння з'яўляецца поўнае ігнараванне з боку судовай улады асноўных правоў чалавека», — падкрэсліў юрыст.
Леанід Кулакоў просіць Камітэт ААН устанавіць факт парушэння яго правоў на мірныя сходы і выказванне меркавання. У якасці меры агульнага характару ён просіць рэкамендацый беларускаму ўраду аб прывядзенні нацыянальнага закона аб масавых мерапрыемствах у адпаведнасць з міжнароднымі абавязацельствамі краіны.
Гомельская Вясна