Лілея Плыгаўка: «Трэба захоўваць у сабе беларускае ядро»

Калісьці любоў да Беларусі спадарыні Лілеі прывіў яе сябар і аднакурснік Анатоль Казлоў. І вось ужо 30 гадоў гэтая ўнікальная жанчына выкладае беларускую мову ў Вільні, у тым ліку іншаземцам. Мы паразмаўлялі пра тое, як і навошта захоўваць сябе беларусам, калі радзіма далёка. 

Лілея Плыгаўка. Фота Віялеты Саўчыц

Лілея Плыгаўка. Фота Віялеты Саўчыц

«Дом можа быць розны, а радзіма толькі адна»

— Спадарыня Лілея, вы больш за 30 гадоў жывяце ў Вільні, але не толькі не страцілі беларускую ідэнтычнасць, але дапамагаеце падтрымліваць яе іншым. Скажыце, калі ласка, як вам удалося захаваць у сабе беларуску?

— Вы ведаеце, чамусьці такое пытанне наўрад ці зададуць літоўцу ці паляку. Таму што для іх гэта абсалютна натуральна — заставацца літоўцам, палякам. 

Я беларуска, то чаму ж я не павінна захаваць сваю ідэнтычнасць. Для мяне гэта абсалютна натуральна.

Я нарадзілася ў Беларусі, маю беларускае паходжанне. Прыехала ў Літву выкладаць, папулярызаваць беларускую мову. Таму такое пытанне (ці мне атаясамліваць сябе з літоўцамі) насамрэч нават не паўставала.

— Але, здаецца, сярод тых, хто з’ехаў з Беларусі ў апошнія гады, такое пытанне стаіць даволі востра: як захаваць у сабе беларуса, калі абставіны падштурхоўваюць да асіміляцыі? Магчыма, у вас ёсць для такіх людзей парады.

— Гэта залежыць толькі ад чалавека. Калі ты сам сябе паважаеш, цябе будуць паважаць і іншыя. Для гэтага не трэба сябе атаясамліваць з іншай нацыянальнасцю, не трэба старацца асімілёўвацца. Хаця як навуковец я кажу, што нацыянальная асіміляцыя — натуральная рэч, але яна характэрная звычайна не для першай хвалі эміграцыі.

Калі чалавек прыязджае ў іншую краіну, спачатку ў яго, вядома, культурны шок. Ён мусіць адаптавацца, адчувае сябе няўтульна. І ў гэты момант я б параіла проста чапляцца за сваё роднае, трымацца за яго. Таму што родная мова, родная культура, літаратура, мастацтва, безумоўна, гісторыя — гэта крыніцы нашай унутранай сілы. Менавіта роднае дае моц трымацца ў іншамоўным і іншакультурным свеце.

Паступова, вядома, у чалавека з’яўляецца праца, сям’я, жыллё... Ён ужо звыкае да іншых рэалій, адчувае сябе на новым месцы ў пэўным сэнсе сваім, і вось тады перад ім насамрэч стаіць пытанне – асімілёўвацца ці інтэгравацца. У гэтым выпадку я за інтэграцыю. На сваім прыкладзе скажу, што гэта абсалютна магчыма — заставацца беларускай, адчуваць сябе беларускай і пры гэтым нармальна пачувацца ў іншым соцыуме. Гэта значыць, быць карыснай і для сваёй радзімы, і для той краіны, у якой жывеш.

Я нават не разумею, што значыць памяняць радзіму? Гэта як памяняць сваіх бацькоў. Радзіма толькі адна. Дамы могуць быць рознымі.

Я жыву ўжо вельмі даўно ў Літве,  тут мой цудоўны, утульны дом, у якім камфортна пачуваюся. Але радзіма ў мяне толькі адна — і гэта Беларусь.

Лілея Плыгаўка. Фота з асабістай старонкі гераіні ў Instagram

Лілея Плыгаўка. Фота з асабістай старонкі гераіні ў Instagram

Вядома, калі праходзіць яшчэ пэўны час, нараджаюцца дзеці, унукі, яны яшчэ больш інтэгруюцца ў гэтым соцыуме. Я праводзіла ў свой час даследаванні са студэнтамі нашага ўніверсітэта. Тыя, хто паходзіць са змешаных сем’яў, мелі цяжкасці з нацыянальным самавызначэннем.

Нават былі такія выпадкі, калі чалавек паходзіць з польска-беларускай сям’і, але вызначае сябе літоўцам. Тлумачыць, што нарадзіўся тут, размаўляе па-літоўску. З навуковага пункту гледжання гэта натуральна. Але ўсё ж задача бацькоў, нават калі гэта змешаная сям’я — пазнаёміць дзяцей з некалькімі культурамі, каб деці мелі магчымасць абраць, з якой культурай і нацыянальнасцю будуць сябе атаясамліваць. 

І яшчэ дадам, што калі мы цалкам асімілёўваемся ў чужым этнасе, гэта не дадае нам павагі. Любому чалавеку не дадае павагі.

Калі ў мяне была магчымасць перайсці на літоўскае прозвішча, стаць фактычна літоўкай, я адмовілася ад гэтага. І мае калегі не сталі за гэта менш мяне паважаць — наадварот, яны зразумелі, што калі я паважаю сябе як прадстаўніка канкрэтнага народа, значыць, я буду паважаць і іх.

«Дзякуючы гэтым людзям для мяне адкрывалася Беларусь»

— Спадарыня Лілея, дазвольце вярнуць вас на 30 гадоў назад, калі вы навучаліся ў Гомельскім універсітэце. Вядома, што тады ж там навучаліся Алесь Бяляцкі, Анатоль і Сяржук Сыс. Неяк вы згадвалі, што тады сфарміравалася такое «гняздо» беларускамоўных студэнтаў. Ці маглі б вы крыху падрабязней распавесці пра гэтае «гняздо»? Чаму беларуская мова тады стала для вас важнай?

— Найперш на мяне паўплываў мой блізкі сябар — Анатоль Казлоў. Пазней мы з ім ажаніліся, потым, на жаль, нашы лёсы разышліся. Калі мы былі студэнтамі, Анатоль жыў у адным пакоі з Алесем Бяляцкім і Эдзікам Акуліным. Гэтыя хлопцы размаўлялі па-беларуску. Вядома, для многіх гэта было дзіўнавата, хаця нас рыхтавалі працаваць настаўнікамі рускай і беларускай мовы і літаратуры.

Так што Анатоль пазнаёміў мяне з хлопцамі, з літаратурным аб’яднаннем «Крыніца». Часам я прысутнічала на іх пасяджэннях. Дзякуючы гэтым людзям для мяне адкрывалася Беларусь.

Але сапраўды моцным штуршком для мяне стаў вечар, калі Алесь Бяляцкі персанальна для мяне паказваў слайды са сваёй вандроўкі па Беларусі. Так атрымалася, што ён ладзіў вечарыну, а я не змагла прыйсці. Таму ён запрасіў мяне асобна і паказваў усю гэтую прыгажосць. Да сённяшняга дня памятаю гэты момант, калі ў мяне проста перахапіла дых: няўжо гэтая прыгажосць ёсць у нас, тут, у маёй краіне? Ён паказваў палацы, замкі, прыгожыя будынкі, фотаздымкі прыроды, вельмі цікава расказваў… І вось так, пакрысе, я стала цікавіцца беларускім, чытаць іншае, не тое, што давалі ва ўніверсітэце.

Глядзіце таксама

Потым яшчэ я сябравала з беларускай паэткай Вольгай Куртаніч, мы разам пачалі размаўляць па-беларуску. Неяк у адзін вечар мы прыйшлі да разумення, што сустракаемся з хлопцамі, якія так прыгожа размаўляюць па-беларуску, а мы самі чамусьці саромеемся. І пачалі размаўляць, папраўляць адна адну, калі рабілі нейкія памылкі.

Потым быў этап, калі я пасля ўніверсітэта працавала ў Жлобінскай школе-інтэрнаце. Тады ўжо цалкам перайшла на размоўную беларускую мову, таму што падсвядома чакала пытання ад сваіх вучняў: калі вы так натхнёна расказваеце, якая цудоўная беларуская мова, чаму вы паўсюдна на ёй не размаўляеце? Гэта быў бы нібы падман.

Такі вось мой шлях, такі лёс.

Прайшоў час, і мае студэнцкія паплечнікі сталі заўважнымі і ў палітыцы, і ў літаратуры. Гэтыя людзі не толькі захавалі і захоўваюць любоў да сваёй радзімы, але і займаюцца папулярызацыяй, развіццём сваёй роднай культуры. І я вельмі рада, што апынулася ў свой час у далёкім Гомелі і пазнаёмілася з гэтымі людзьмі.

Потым яшчэ былі цікавыя сустрэчы. Там жа, у Гомелі, я пазнаёмілася з Таняй і Сяргеем Дубаўцамі. І калі яны пераехалі ў Вільню адраджаць «Нашу Ніву», можна сказаць, што з лёгкай рукі Таццяны я пераехала таксама сюды.

У 1991 годзе адкрывалі кафедру беларускай мовы і літаратуры ў педінстытуце. Я на той час сканчвала аспірантуру, перада мной паўставала пытанне — куды ехаць працаваць. Тады патэлефанавала Таццяна і прапанавала: «Давай, прыязджай да нас. Тут адкрываецца кафедра, давай будзем адраджаць беларускую адукацыю, беларускую мову на Віленшчыне». Пазней я атрымала запрашэнне ад Міністэрства адукацыі і прыехала, узначаліла гэтую кафедру. Пачалася праца з нуля.

— Ці былі ў вас думкі, што тады, у пачатку 1990-х, вашы веды, магчыма, больш прыдаліся б у Беларусі?

— Я ўвогуле стараюся не думаць над такімі пытаннямі: «а што было б, калі…». У любым выпадку тое, што я тут зрабіла за 25 гадоў, найперш як загадчык кафедры і потым дырэктар цэнтра, думаю, вельмі значнае для беларускага мовазнаўства і беларускай культуры.

Праз нашы рукі прайшлі сотні выдатных выпускнікоў, мы выкладалі беларускую мову і выдавалі дыплом «беларуская філалогія» грамадзянам Літвы, мы сталі за гэтыя гады навуковым і культурніцкім мосцікам паміж Беларуссю і Літвой. Я доўгі час займалася даследаваннем беларускай мовы ў Літве, і мая другая навуковая дысертацыя прысвечана гэтай тэме.

Я афіцыйна засведчыла прысутнасць беларускай мовы ў гэтым рэгіёне. І хай пройдзе 100-200 гадоў, нават калі раптам знікнуць усе апошнія носьбіты нашай мовы, усё роўна, дзякуючы маім даследаванням, будзе зразумела, што яна прысутнічала ў гэтым рэгіёне на пераломе стагоддзяў.

Не буду пералічваць яшчэ процьму розных праектаў, што былі намі рэалізаваны. Таму лічу, што я, відаць, трапіла туды, куды павінна была трапіць. Я веру ў пэўнае наканаванне. Не адмаўляю таго, што кожны з нас усё ж гаспадар свайго лёсу і ў нас заўсёды ёсць выбар. Але ёсць і пэўнае наканаванне, калі цябе чакае тое месца, дзе ты найбольш выявіў свае таленты. Для мяне гэта Вільня.

Таму цяжка сказаць, што было б, калі б я засталася ў Беларусі. Таксама працавала б, нешта рабіла — я актыўны чалавек па натуры.

— 25 гадоў вы працавалі загадчыцай кафедры беларускай мовы, літаратуры і этнакультуры ў Віленскім педагагічным інстытуце. Распавядзіце, калі ласка, пра студэнтаў, якім вы выкладалі беларускую мову. Так разумею, гэта былі ў асноўным замежнікі?

— У нас было дзённае навучанне для грамадзян Літвы і платнае завочнае навучанне для замежных грамадзян. Пытанне, чаму студэнты за свае грошы прыязджаюць у Вільню вучыць беларускую мову, мне задавалі вельмі часта. Я заўсёды ўсміхалася і казала — гэта загадка. Таму што гэта Вільня.

Лілея Плыгаўка ў Віленскім педагагічным інстытуце. Фота з асабістай старонкі гераіні ў Instagram

Лілея Плыгаўка ў Віленскім педагагічным інстытуце. Фота з асабістай старонкі гераіні ў Instagram

Мы рыхтавалі настаўнікаў беларускай мовы і літаратуры, нават шырэй — спецыялістаў-беларусістаў, якія разумеюць культурную сітуацыю, валодаюць мовамі і Літвы, і Беларусі. Таму гэта былі сапраўды ўнікальныя спецкурсы па ўзаемакантактах Беларусі і Літвы.

Калі мы кажам пра студэнтаў дзённага навучання — там таксама былі людзі розных нацыянальнасцей. Для многіх беларуская мова была зусім незнаёмай, замежнай. Студэнтам першага курса мы давалі такі надзвычайны інтэнсіў развіцця мовы, для таго, каб на другім семестры яны маглі паўнавартасна слухаць мовазнаўчыя, літаратуразнаўчыя дысцыпліны па-беларуску. Цікава, што тыя, хто меў беларускія карані, нашмат шутчэй засвойвалі беларускую мову. Думаю, спрацоўвала проста генетычная памяць. Нават калі чалавек ніколі не бываў у самой Беларусі. Многія нашы студэнты першы раз траплялі ў Беларусь у межах нашых навукова-метадычных і адукацыйных стажыровак.

А калі казаць пра студэнтаў-завочнікаў, там у асноўным у нас былі беларусы, жыхары памежнага рэгіёна, якім было прасцей прыехаць у Вільню, чым у Мінск.

Вось такі быў досвед. Гэтая праграма існавала 25 гадоў.

Лілея Плыгаўка ў Віленскім педагагічным інстытуце. Фота з асабістай старонкі гераіні ў Instagram

Лілея Плыгаўка ў Віленскім педагагічным інстытуце. Фота з асабістай старонкі гераіні ў Instagram

Потым я атрымала дадатковую адукацыю — прафесійны стратэгічны коўч. І цалкам занялася прыватнай практыкай.

«Усё ідзе так, як трэба»

— Спадарыня Лілея, а як падзеі 2020 года паўплывалі на цікаўнасць да беларускай мовы, па вашых адчуваннях?

— Цікаўнасць насамрэч расце. Думаю, гэта быў такі выклік знешняй сітуацыі, якая падштурхнула людзей задумацца:  а хто ж я такі, на самой справе?

Раней людзі не ставілі перад сабой такое пытанне: «ну, жыву я ў Беларусі, ну, размаўляю па-руску, ну, беларус, канешне»… Але цяпер спыталі сябе: чаму ж я, беларус, размаўляю ўвесь час па-руску? Чаму нармальна не ведаю ніводнага твора беларускай літаратуры? Не ведаю сваёй гісторыі?

Дарэчы, актывізаваў гэтыя думкі і досвед пераезду ў іншыя краіны, калі людзі сталі сутыкацца з мясцовымі жыхарамі. Гэта таксама моцна ўплывае на самаідэнтыфікацыю. Людзі бачаць, што паляк размаўляе па-польску, немец — па-нямецку. Беларусы бачаць і тое, што тыя ж палякі, немцы цудоўна ведаюць сваю гісторыю, сваю культуру.

Глядзіце таксама

Гэтаксама пэўныя знешнія прычыны паўплывалі на беларускую самасвядомасць у другой палове 1980-х. Памятаю гэты ўздым нацыянальнай свядомасці. У Баранавічах, дзе я тады жыла, на плошчах збіраліся людзі, адбываліся нават стыхійныя лекцыі па беларускай культуры і мове. Тады людзі сталі цікавіцца: калі мы беларусы, чаму ж мы нічога не ведаем? Прайшло 30 гадоў, змянілася пакаленне і людзі зноў ставяць перад сабой тое ж пытанне. У прынцыпе, гэта натуральны працэс. Назіраюцца такія хвалі, калі этнас узбуджаецца.

У канцы 80-х па ўсёй краіне з’яўляліся беларускія асветніцкія моладзевыя арганізацыі, мы ўсе аб’ядноўваліся, пачыналі разумець, што разам мы ўяўляем пэўную сілу, што мы салідарныя… І ў нейкі момант усё гэта выбухнула на больш масавым узроўні, як адбылося і ў 2020 годзе.

— Але што трэба зрабіць, каб гэтая хваля абуджэння нацыянальнай свядомасці дала плён, а не проста чарговы раз уляглася?

— Найперш трэба цікавіцца сваім, даследаваць, вывучаць сваё. Захоўваць у сабе беларускае ядро. І калі збіраецца пэўная крытычная маса актыўных, крэатыўных, нацыянальна арыентаваных людзей, тады і ў грамадстве адбываюцца значныя змены.

Я лічу, што беларусы ідуць нармальна па сваім шляху. Падмацоўваю гэта веданнем гісторыі Беларусі, беларускай мовы, таму пазіраю ў будучыню вельмі аптымістычна. Лічу, што ўсё ідзе так, як трэба.

Можа, камусьці здаецца, занадта марудна… Але я так не думаю. Усё заканамерна.

У Беларусі ж людзі таксама цікавяцца сваім. Не толькі эмігранты. Не думаю, што калі прыйдзе час, абсалютна ўсе, хто эміграваў, вернуцца на радзіму. Гэта таксама заканамерны працэс.

Але не так важна, дзе чалавек жыве. У любым выпадку ён можа не толькі захоўваць беларускасць у сабе, але і працаваць на сваю радзіму.

Мы часта на занятках разглядаем творчасць Міцкевіча, філаматаў. Людзей, якіх выгналі са сваёй краіны і якія так і не вярнуліся назад. Але мы ж ведаем, што гэта Міцкевіч. Ці Ігнат Дамейка…

Таму галоўнае — не адчайвацца, калі абставіны складваюцца не так, як ты хочаш. Можа, гэта банальна, але насамрэч трэба радавацца таму, што ёсць. І захоўваць сваё, блізкае, роднае. Таму што беларус беларуса заўсёды зразумее. Зразумее, што такое дранікі, што такое беларускае балота, хто такія Караткевіч і Быкаў… Ёсць такія сакральныя рэчы, якія аб’ядноўваюць людзей аднаго этнасу. Трэба трымацца свайго і аб’ядноўвацца са сваімі. З тымі людзьмі, якія з табой рэзаніруюць. А ў эміграцыі  гэта ў першую чаргу свае, беларусы.

— Вы неяк казалі, што «беларус можа быць рускамоўным, а беларускі палітык ужо не». Ці маглі б вы патлумачыць, чаму так важна для палітыкаў размаўляць па беларуску?

— Таму што палітык прэзентуе свой народ. І калі ён прэзентуе Беларусь, тады павінны звяртацца да свайго народа на яго роднай мове.

Калі ў прыватнай камунікацыі мы можам карыстацца якой заўгодна мовай, гэта вызначаецца камунікатыўнай сітуацыяй, то палітык працуе на краіну. Ён мусіць развіваць гэтую мову, гэтую культуру. Мова і культура —гэта спадчына канкрэтнага народа, напрацаваная за тысячагоддзі. Калі палітык звяртаецца да свайго народа на чужой мове, то такім чынам ён прыніжае сваё. Паказвае, што для яго гэта не каштоўнасць.

Як бы мы не хацелі, сёння на планеце дзяржавы ўтвараюцца на падставе пэўнага этнасу. У сваёй аснове яны маюць пэўную культуру і мову.

Калі палітык звяртаецца да прадстаўнікоў свайго народа на іншай мове, ён транслюе, што «я не свой». Гэта вельмі важныя рэчы.

Безумоўна, калі ён камунікуе прыватна з людзьмі альбо прысутнічае на пэўных сустрэчах, ён можа карыстацца іншымі мовамі, якімі валодае. Але асноўны ягоны пасыл павінен быць на роднай мове, прытым на літаратурным яе варыянце.

Я не сустракала ў Літве ніводнага палітыка, які звяртаўся б да сваіх выбаршчыкаў на нейкай іншай мове.

Фота з асабістай старонкі гераіні ў Instagram

Фота з асабістай старонкі гераіні ў Instagram

У выніку такой доўгай палітыкі русіфікацыі беларусам ужо прышчапілі зусім іншыя, ненатуральныя рэчы: што ты можаш быць беларускім палітыкам, паўсюдна размаўляць на чужой мове, і гэта нармальна. Не, якраз гэта ненармальна.

— Як вы лічыце, ці будзе беларуская мова калісьці панаваць у Беларусі, гучаць у крамах і тралейбусах? Альбо гэта толькі наша мара, якая наўрад ці спраўдзіцца? 

Вядома, будзе! Адназначна. Па-іншаму немагчыма. Калі не будзе панаваць беларуская мова, не будзе Беларусі.

Ведаеце, у студэнцтве мы заўсёды смяяліся, кажучы, што мы ведаем усіх, хто размаўляе па-беларуску ў Беларусі (маю на ўвазе літаратурную мову). Дык вось сёння мы ўжо далёка не ведаем усіх, хто размаўляе на літаратурнай беларускай мове. Прагрэс у гэтым плане відавочны.

І сёння вельмі актыўна развіваюцца беларуская літаратура, музыка… Да мяне звяртаюцца айцішнікі, якія займаюцца гульнямі, ствараюць іх па-беларуску, людзі адкрываюць сваю справу і праз яе таксама маюць жаданне прасоўваць беларускую мову.

Таму бывалі ў беларускага народа і больш цяжкія часы. Але мы трывалыя, мы вытрымліваем усё.

Нядаўна мне задалі такое пытанне на занятках: «Што калі я адзін пачну размаўляць па-беларуску? Гэта ж нічога не зменіць». Я заўсёды кажу, што гэта зменіць вельмі шмат. Калі пачынаеш размаўляць па-беларуску ці хаця б чытаць сваім дзецям беларускія кніжкі, гэта пачынаюць бачыць твае сваякі, знаёмыя, калегі, і ў іх таксама ўзнікне пытанне: а чаму ён раптам пачаў размаўляць па-беларуску? А чаму я не? І вось так, як хвалі па рацэ, гэта разыходзіцца далей. Адзін чалавек можа зрабіць вельмі шмат.