Літва закрые яшчэ два пункты на мяжы з Беларуссю. Калі?
На мяжы Літвы і Беларусі застануцца толькі два КПП, перасякаць якія можна будзе цяпер толькі на аўтобусах і машынах. Веласіпедыстаў і пешаходаў з 1 сакавіка прапускаць не будуць.
У Літве ўхвалілі закрыццё яшчэ двух пунктаў пропуску на мяжы з Беларуссю. Гэта здарыцца 1 сакавіка. Такое рашэнне прыняў літоўскі ўрад у сераду, 21 лютага, піша «Люстэрка».
З 1 сакавіка 2024 года будуць закрыты КПП «Лаворышкес» (сумежны — «Катлоўка») і «Райгардас» («Прывалка»).
Беларуска-літоўскую мяжу можна будзе перасекчы толькі праз два пункты пропуску — «Мядзінінкай» і «Шальчынінкай». Аднак для гэтых КПП таксама ўзмоцняць меры ў кантрольна-прапускной сістэме, уключаючы забарону на перасячэнне мяжы для пешаходаў і раварыстаў.
Акрамя таго, будзе абмежавана пасадка і высадка пасажыраў у чыгуначным пункце пропуску «Кяна».
Урад Літвы таксама пагадзіўся на паступовае змяншэнне колькасці дазволаў, якія выдаюцца беларускім і літоўскім кампаніям, што займаюцца пасажырскімі перавозкамі на маршрутах міжнародных зносін.
Такім чынам, з 1 сакавіка змогуць працаваць толькі 29 перавозчыкаў на маршрутах паміж дзвюма краінамі, а нерэгулярную аўтобусную перавозку без дазволу наогул забароняць.
Нагадаем, з 18 жніўня мінулага года Літва закрыла два пункты пропуску на мяжы з Беларуссю: «Шумскас» (з беларускага боку — «Лоша») і «Твярачус» («Відзы»). Гэта зрабілі ў адказ на магчымыя пагрозы з боку размешчаных у нашай краіне наймітаў расійскай прыватнай ваеннай кампаніі «Вагнер».
У лютым 2024 года ў Літве прапанавалі закрыць яшчэ два памежныя пункты на мяжы з Беларуссю. Такую прапанову агучылі ў камісіі па нацыянальнай бяспецы Літвы.